Знайсці
30.11.2020 / 14:49РусŁacБел

«Ахоўнікі ўключалі нам песню Данчыка». Пасля 15 дзён арышту вызваліўся аператар Андрэй Рабчык

Журналіста затрымалі 15 лістапада ў нумары гатэлю «Арбіта» і абвінавацілі ва ўдзеле ў незаконным масавым мерапрыемстве, нагадвае Радыё Свабода.

Андрэя Рабчыка затрымалі каля апоўдня 15 лістапада ў нумары гатэлю «Арбіта». У той жа дзень па ўсёй Беларусі былі затрыманыя яшчэ 24 журналісты. Судзілі апэратара на наступны дзень, 16 лістапада. На суд не змаглі трапіць ня толькі калегі Андрэя, але нават яго адвакат.

«Суд мой заняў добра калі пяць хвілін, — расказвае Андрэй. — Мне, як бы гэта сказаць, «прышылі» артыкул 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу, удзел у масавых мерапрыемствах. Сьведкам быў Іваноў Іван Іванавіч.

Сказаў, што я ішоў па вуліцы, а ў руках трымаў транспаранты, сьцягі ды іншую сымболіку. Хаця я ў гэты час знаходзіўся на 10-м паверсе гатэлю «Арбіта», здымаў відэа з нумару гатэлю праз вакно. Усё вельмі хутка было, я нават ня змог папрасіць адваката. Толькі на крэсла прысеў перад ноўтбукам, а ўжо трэба было ўставаць».

Затрымалі Андрэя разам з калегамі проста ў нумары, куды зайшлі людзі ў цывільным, назваліся супрацоўнікамі міліцыі і адвезьлі журналістаў спачатку ў РУУС, а пасьля на Акрэсьціна. Там Андрэй пераначаваў, там жа праз скайп даваў паказаньні падчас суду. Неўзабаве пасьля працэсу яго разам зь іншымі затрыманымі 15 лістапада людзьмі перавезьлі ў аўтазаках у Жодзіна. Тое, што ён журналіст, нікога з праваахоўнікаў не зацікавіла.

«Мяне нідзе асабліва не апытвалі, — кажа Андрэй. — Далі пратакол на рукі і ўсё. Калі я пабачыў пратакол у РУУС, то ў мяне вочы акругліліся. Сказаў, што я журналіст, што ня удзельнічаў у шэсьці і нават на вуліцы ня быў тады, быў у гатэлі. Але гэта нікога не цікавіла. Сказалі, што магу абскарджваць, магу рабіць што заўгодна. Агулам ставіліся нармальна. У Жодзіне жорстка сустракалі. Крычалі, некалькіх чалавек ударылі. Казалі, што мы павольна перамяшчаемся. Але калі загналі ў камэры, то ўсё скончылася. У Жодзіне такі своеасаблівы рэжым, турэмны. На Акрэсьціна прасьцей. Як разумею, Акрэсьціна цяпер трэба «адбельваць», таму там больш лагодна».

Андрэй расказвае, што ў Жодзіне спачатку трапіў у 6-мясцовую камэру, дзе было 12 чалавек. Спаць давялося хто дзе мог. Але на наступны дзень усіх раскідалі па іншых камэрах, і месцаў стала хапаць.

«Сядзяць у асноўным прадпрымальнікі, вельмі шмат прадстаўнікоў малога бізнэсу, — кажа Андрэй. — У нас быў адзін айцішнік. Таваразнаўца адзін быў, вельмі адукаваны хлопец. Але асноўная маса — індывідуальныя прадпрымальнікі. Кнігі чытаць у камэры было складана. Шэсьць чалавек сядзяць, пастаянна нехта размаўляе. Я таму пераважна кніг не чытаў. Выратаваньне — сканворды, крыжаванкі. Іх уся камэра разгадвае. І даміно яшчэ. Аказваецца, гэта вельмі весела і азартна. І гэта дазволена».

Да канца верасьня Андрэй працаваў як акрэдытаваны журналіст беларускай службы Радыё Свабода. Пасьля падаў новыя дакумэнты на пераакрэдытацыю, адказу з МЗС пакуль няма. Летам Андрэя некалькі разоў ужо затрымлівалі падчас працы на акцыях пратэсту, але пасьля праверку дакумэнтаў і некалькіх гадзінаў у РУУС адпускалі. На «суткі» журналіст трапіў упершыню.

«Я першы раз быў у такіх умовах, таму для мяне ўсё было новым, — кажа Андрэй. — Ня ведаў, напрыклад, што посуд трэба мыць самім. І што пажадана, каб у перадачах быў сродак для мыцьця посуду, бо вада ў камэрах толькі халодная і памыць нешта праблематычна. Але гэта дробязі. Мяне нічога ня ўразіла там».

З словаў журналіста, людзі на «сутках» ня толькі не мяняюць палітычных поглядаў, але яшчэ і радыкалізуюцца.

«Спалоханага ў камэрах я за ўвесь час ня бачыў нікога, — кажа Андрэй. — Людзі рэальна злыя.

Усе кажуць, што і раней ведалі пра несправядлівасьць, але затрыманьне і арышт іх толькі раззлавалі. Я ўвогуле ня чуў ні ад кога, што хтосьці зьбіраецца перастаць хадзіць на акцыі. Будуць хутчэй бегаць — гэта так. А каб нехта сказаў, што больш ня выйдзе, — такога ня чуў. Людзі настроеныя па-баявому і выходзяць на свабоду злыя. Ня ведаю, чаго хоча дамагчыся ўлада».

Паводле журналіста, душ у жодзінскай турме «сутачнікам» дазваляюць раз на тыдзень. Былі і прагулянкі, але ня кожны дзень, як запісана ў распарадку дня. Арыштантаў выводзілі ў невялікі дворык 3 на 3 мэтры зь небам у клетку. Але скарыстацца гэтым момантам стараліся, бо гэта адзіная магчымасьць легальна папаліць.

«Ахоўнікі розныя, — расказвае Андрэй пра сваіх наглядчыкаў. — Ад тых, хто сядзіць за кратамі гадамі, яны вонкава не адрозьніваюцца ў прынцыпе. Формай толькі. На тэлефонах рынгтонамі блатняк стаіць нейкі ва ўсіх. Адзін начальнік нас прывітаў аднойчы словамі «Добрай раніцы, калябарацыяністы». Але неяк так усё. Хто старэйшы, тыя больш лагодныя. Маладыя — ірвачы. Могуць сказаць: «Чаго ты ляжыш, у нас рэжым і парадак». На палітычныя тэмы не спрабавалі размаўляць. Пыталіся толькі, ці маем нейкія скаргі, прапановы. Ставілі нам па ўнутраным радыё набор патрыятычных песень. Там сярод іншых была песьня Данчыка «Беларусь мая». Напэўна, ня ведалі, хто гэта такі».

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930