Пуцін патэлефанаваў Лукашэнку: версіі таго, што і як абмеркавалі, у кожнага боку свае
Тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна адбылася сёння па ініцыятыве расійскага лідара, піша БелТА.
Акрамя двухбаковага парадку, значная частка размовы тычылася актуальных пытанняў процідзеяння пандэміі COVID-19 у дзвюх краінах, выпрацоўкі вакцыны для барацьбы з гэтай інфекцыяй.
Таксама кіраўнікі дзяржаў прадметна абмеркавалі ход выбарчай кампаніі ў Беларусі. Уладзімір Пуцін, у прыватнасці, адзначыў важнасць далейшага развіцця брацкіх беларуска-расійскіх адносін і неабходнасці супрацьстаяць негатыўным тэндэнцыям і дзеянням трэціх сіл, якія могуць прывесці да іх пагаршэння.
Адной з галоўных тэм размовы стала затрыманне 33 расійскіх грамадзян на тэрыторыі Беларусі. У гэтай сувязі было падкрэслена імкненне разам самым сур'ёзным чынам разабрацца ў дадзенай сітуацыі. Кіраўнікі дамовіліся максімальна прадметна і старанна вывучыць кожны існуючы факт з тым, каб усталяваць сапраўдныя прычыны сітуацыі, знайсці вінаватых і прыцягнуць іх да адказнасці.
Прэс-служба кіраўніка Расіі дае такую версію размовы:
«Абмеркаваныя актуальныя пытанні далейшага развіцця брацкіх расійска-беларускіх адносін.
Праведзены абмен меркаваннямі ў сувязі з нядаўнім затрыманнем на тэрыторыі Рэспублікі 33 расійскіх грамадзян. Выказана ўпэўненасць, што сітуацыя будзе ўрэгуляваная ў духу ўзаемаразумення, характэрнага для супрацоўніцтва дзвюх краін.
Падкрэслена, што расійскі бок зацікаўлены ў захаванні ў Беларусі стабільнай унутрыпалітычнай сітуацыі і правядзенні маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбараў у спакойнай абстаноўцы».