Знайсці
24.12.2020 / 21:38РусŁacБел

Як бунт у жамойцкім мястэчку натхніў беларускага класіка

Сярод творчай спадчыны нашага літаратурнага класіка Францішка Багушэвіча ёсць невялікая брашура, выдадзеная ў першай палове 1890-х гадоў у дзвюх моўных версіях: беларускай і польскай. Паводле зместу і пафасу нечым нагадвае «Мужыцкую праўду» Кастуся Каліноўскага. Пра тое, што стала прычынай яе з’яўлення, піша гісторык Сяргей Астанковіч.

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Крожах. Wikimedia Commons

Сёння за нашай усходняй мяжой заўважная тэндэнцыя на стварэнне ідэалізаванага вобразу Расійскай імперыі. У многіх фільмах і публікацыях апошняга часу насельніцтву Расіі прапануецца прыхарошаны вобраз цароў і імперыі. 

Пры гэтым ці зусім замоўчваецца, ці, прынамсі, не надта акцэнтуецца тое, што тагачасная імперыя была ўсё ж, як ні круці, эканамічна адсталай дзяржавай з моцнымі феадальнымі перажыткамі, свавольствам сілавых органаў і беззаконнем. Да таго ж яна была сапраўднай «турмой народаў», дзе не існавала ні нацыянальнай, ні рэлігійнай свабоды. У апошнім неаднаразова пераконваліся жыхары Літвы і Беларусі — асабліва тыя, якія вызнавалі каталіцкую веру. 

Вайна з каталіцтвам

Наступленне расійскіх імперскіх уладаў на рыма-каталіцтва ўзмацнілася пасля паўстанняў 1830—1831 і 1863—1864 гадоў. Пасля апошняга з іх урадавыя органы распрацавалі цэлую сістэму захадаў, скіраваных на змяншэнне ўплываў заходняй галіны хрысціянства. Пачалася кампанія па ліквідацыі касцёлаў і кляштараў. Абмяжоўвалася свабода перамяшчэння духавенства па парафіях, забаранялася ладзіць урачыстыя працэсіі, будаваць новыя храмы, ставіць прыдарожныя крыжы, забаранялі нават дзейнасць антыалкагольных таварыстваў (пра апошнія гл. мой артыкул «Чаму ў Беларусі пілі менш, чым у Расіі?» у № 7/2019 «Нашай гісторыі»). Таксама ўзмацніўся ціск на каталікоў, каб яны пераходзілі ў праваслаўе. 

Улады ўважліва прыглядаліся да актыўнасці касцельнага кіраўніцтва. Амаль у кожнай праяве яго дзейнасці чыноўнікі вышуквалі непадпарадкаванне, апазіцыйнасць ці распаўсюджанне патрыятычных настрояў.

Напрыклад, Жамойцкай дыяцэзіяй, якая ўключала ў сябе тэрыторыі Ковенскай і Курляндскай губерняў, у той час кіраваў біскуп Мечыслаў Леанард Палулон. Яму напрыканцы 1880-х удалося атрымаць дазвол на візітацыю парафій сваёй дыяцэзіі, што было забаронена яшчэ ў 1863-м. Калі біскуп аб’язджаў парафіі ў Новааляксандраўскім павеце (цяперашняя Браслаўшчына), улады былі здзіўленыя размахам мерапрыемства. Віленскі, ковенскі і гродзенскі генерал-губернатар Іван Каханаў у чэрвені 1889-га даносіў у Пецярбург, што ў вітальных урачыстасцях узялі ўдзел 50 тысяч чалавек. Іерарха віталі натоўпы вернікаў, што было ўспрынята як палітычная дэманстрацыя. Выглядала, што, нягледзячы на ўсе захады, уладам не ўдавалася зменшыць уплывы Касцёла ў краі, таму барацьба з ім заставалася актуальнай і надалей. 

На чарзе — Крожы

12 (24) снежня 1891 года ковенскі губернатар Мікалай Клінгенберг паведаміў згаданаму біскупу Палулону, што, згодна з царскім указам, вырашана ліквідаваць кляштар бенедыкцінак у мястэчку Крожы (па-літоўску Кражай) Расейнскага павета Ковенскай губерні. Матэрыял ад разабраных будынкаў прызначаўся на будаўніцтва земляробчай школы. Зямля кляштара пераходзіла дзяржаве і праваслаўнай царкве ў Коўне. А каталіцкія набажэнствы планавалася перанесці ў стары, спарахнелы касцёл Святога Міхала, які знаходзіўся на мясцовых могілках. 

Згаданы кляштар быў заснаваны яшчэ ў XVII стагоддзі і лічыўся мясцовымі парафіянамі «панскім», бо яго ахвотна наведвалі мясцовыя землеўладальнікі. Значная частка манашак таксама была шляхецкага паходжання. Літургія правілася па-лацінску і па-польску, Евангелле чыталася па-польску і па-жамойцку, затое казані былі выключна жамойцкія. Так было таму, што парафія размяшчалася ў этнаграфічнай Жамойці і складалася ў сваёй большасці з заможных сялян, якія разумелі толькі сваю гаворку. Кляштар быў багаты, людзі за доўгі час прызвычаіліся да яго. 

Прыкляштарны касцёл быў пабудаваны ў XVIII стагоддзі ў стылі позняга барока згодна з праектам архітэктара Тамаша Жаброўскага. 

Жыхары Крожаў не згаджаліся на закрыццё касцёла і звярталіся з просьбамі да генерал-губернатара і цара аб змене яго статусу з прыкляштарнага на парафіяльны. Парафіяльны ж касцёл Святога Міхала меркавалася пераўтварыць у капліцу на могілках для адпявання памерлых. Аднак улады да гэтых зваротаў не прыслухаліся і працягнулі ліквідацыю святыні.

Першая старонка беларускамоўная брашуры Францішка Багушэвіча пра падзеі ў Крожах. Бібліятэка імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук.

Вернікі гатовыя змагацца

Першапачаткова чыноўнікі збіраліся зрабіць усю справу рукамі духавенства з Крожаў і найбліжэйшых вёсак. Аднак вернікі адмовіліся падпарадкавацца ксяндзам і не дазволілі ім вынесці з храма Святыя Дары. Не дапамагло і ўмяшанне паліцыі. 

На пазіцыю жыхароў моцна ўплывала памежнае становішча іх мястэчка. Вядома, што пасля паўстання 1863—1864 гадоў літоўскі друк лацінкай быў забаронены. Аднак Літва межавала з Усходняй Прусіяй, адкуль кантрабандысты-кніганошы дастаўлялі патрэбную нелегальную літаратуру (гл. мой артыкул «Кніганошы: як кантрабанда ўзгадавала народ» у № 5/2019 «Нашай гісторыі»). У гэты час вялікі ўплыў на каталікоў Літвы мела друкаваная ў горадзе Тыльзіце (цяпер Савецк Калінінградскай вобласці) газета Žemaičių ir Lietuvos apžvalga («Агляд Жамойці і Літвы»). Ужо ў першым нумары рэдакцыя заклікала да супраціву прыгнёту, да барацьбы за літоўскасць і каталіцкую веру. А ў другім нумары, у студзені 1892 года, была змешчана падрабязная інфармацыя пра падзеі ў Крожах. Вернікаў з усёй Літвы заклікалі абараняць храм, не зважаючы на пагрозы з боку ўлады. Распаўсюджанне газеты сярод кражанцаў давала ім моцную маральную падтрымку. 

У той жа час вернікі не маглі не ўсведамляць небяспеку сваіх дзеянняў. За сем гадоў да гэтых падзей расійская адміністрацыя загадала ліквідаваць мужчынскі кляштар і касцёл у вёсцы Кястайці Цельшаўскага павета. Мясцовыя людзі спрабавалі абараніць касцёл, абарона працягвалася каля двух месяцаў. Але ўрэшце расійская адміністрацыя на чале з ковенскім губернатарам і з дапамогай трох сотняў казакаў сілай выдалілі людзей з храма. Некалькі абаронцаў былі параненыя, 43 трапілі на нейкі час пад арышт. 

Кражанцы ведалі пра гэтыя падзеі, але ўсё ж вырашылі да канца чакаць рашэння з Пецярбурга ці Вільні. 

Вокладка польскамоўнай брашуры пра Крожы аўтарства Францішка Багушэвіча. Яго тэкст фактычна ідэнтычны беларускаму. Беларускамоўная версія назвы не мае, таму яе завуць па першых словах: «Гаспадары, для вас пішам гэта апавяданне…». Бібліятэка імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук.

Разбой губернатара

Мікалай Клінгенберг, выконваючы загад віленскага, ковенскага і гродзенскага генерал-губернатара Пятра Аржэўскага, 9 (21) лістапада 1893-га накіраваўся ў Крожы разам з жандарамі і паліцыяй. Даведаўшыся пра тое, што ля касцёла сабралася каля чатырохсот чалавек, ён загадаў тром сотням казакаў чакаць у вызначаным месцы. Імаверна, высокі чыноўнік планаваў выклікаць масавае абурэнне мясцовага насельніцтва, каб потым далажыць начальству ў Вільні і Пецярбургу аб паспяховым задушэнні «бунту» пры яго асабістым удзеле. 

«Бунт» быў выкліканы вельмі проста. Губернатар прыбыў у мястэчка а другой гадзіне ночы ў суправаджэнні паліцэйскіх, узброеных шаблямі, бічамі і рэвальверамі, загадаў разбудзіць ксяндзоў і пачаў аперацыю па захопе касцёла. Храм вартавалі некалькі мясцовых жыхароў. Пабачыўшы набліжэнне войска, яны сталі перад уваходам з партрэтамі цара, царыцы і крыжам. Людзі сцвярджалі, што ніхто не можа забіраць у іх святыню, пакуль не прыйдзе адказ ад імператара. Клінгенберг адказаў: «Я тут якраз па даручэнні цара прыйшоў, каб зачыніць касцёл». Жыхары мястэчка запярэчылі:

«Ты не губернатар, а разбойнік, ніводзін губернатар ноччу царскіх загадаў не выконвае. Мы не хочам ніякіх ласкаў і дабрадзействаў, толькі справядлівасці. Каталіцкі касцёл належыць толькі каталікам».

Пачалася штурханіна, вырыванне крыжоў і абразоў, пачуліся стрэлы ў паветра.

Прыбыццё казакаў з пікамі, карабінамі, шаблямі і нагайкамі пераламала сітуацыю на карысць уладаў. Ксёндз Аўгусцін Мажэйка, які прыбыў разам з карнікамі, вынес Святыя Дары, касцёл быў апячатаны. На месцы засталося некалькі трупаў і мноства параненых. Арыштаваных кабет казакі згвалтавалі. 

На наступны дзень у мястэчку адбыўся губернатарскі суд. На рынку засядаў Клінгенберг у суправаджэнні паліцыі. Да яго прыводзілі затрыманых, якіх казакі збівалі нагайкамі. Царскі чыноўнік назіраў за экзекуцыяй з усмешкай і вялікім задавальненнем. Час ад часу ён пытаўся: «Што? Я губернатар ці разбойнік?» Збітых людзей пазачынялі ў гумнах і шынках, пераўтвораных у часовыя турмы. 

Пасля гэтага губернатар загадаў змясціць у «Ковенскіх губернскіх ведамасцях» інфармацыю, якая б цалкам апраўдвала дзеянні адміністрацыі. Сцвярджалася, што, згодна з найвышэйшым загадам, касцёл трэба было зачыніць, але жыхары мястэчка не падпарадкаваліся. Таму была ўжыта сіла. Пры сутыкненні з мясцовым людам нібыта былі лёгка параненыя чатыры паліцэйскія. Хоць насамрэч падчас гэтых падзей было забіта 9 чалавек, 54 атрымалі раненні, 69 чалавек (52 мужчыны і 17 жанчын) ва ўзросце ад 16 да 80 гадоў арыштаваныя. 

Абурэнне і салідарнасць

Дзеянні ўладаў у Крожах выклікалі абурэнне шырокіх колаў ліберальнай грамадскасці — не толькі мясцовай, але таксама расійскай і польскай. Абаронай падсудных заняліся найлепшыя адвакаты з абедзвюх расійскіх сталіц, а таксама з Варшавы і Вільні. 

Плакат, надрукаваны ў ЗША і прысвечаны «кражанскай разні». Канец ХІХ стагоддзя. Wikimedia Commons.

Сярод тутэйшых дзеячаў адзначыўся Францішак Багушэвіч, які на той момант працаваў у Віленскай судовай палаце. Свой літаратурны талент ён скарыстаў для напісання маленькіх ананімных брашур на беларускай і польскай мовах, якія павінны былі інфармаваць сялян пра сутнасць Кражанскай справы. Кнігі былі надрукаваныя да верасня 1894 года ў Варшаве, іх змест у нечым нагадваў «Мужыцкую праўду» Кастуся Каліноўскага. Як і іншыя творы класіка беларускай літаратуры, яны траплялі да чытача праз «зялёную мяжу», з дапамогай кніганошаў. 

Вядома, гэтыя выданні толькі ў нязначнай ступені маглі паўплываць на сітуацыю. Уся сіла была ва ўладаў. 20 верасня (па старым стылі) 1894 года ў Віленскай судовай палаце пачаўся працэс. Падсудных было 69: 33 селяніны, 26 шляхцічаў і 10 мяшчан. Затрыманых абвінавачвалі ў перашкодзе выкананню найвышэйшага загаду, а таксама ва ўзброеным супраціве ковенскаму губернатару і чыноўнікам, што яго суправаджалі. Усяго было асуджана 36 чалавек, пры гэтым чацвёра атрымалі па 10 гадоў катаржных работ, а трое былі сасланыя ў Табольскую губерню. 

Стала сімвалам

Уся каталіцкая грамадскасць літоўска-беларускага краю жыла тады гэтай справай, у дні працэсу сітуацыя ў Вільні была вельмі напружаная. «Кражанская разня» — так эмацыйна сталі паўсюдна называць гэтыя падзеі — нанесла сур’ёзны ўдар па іміджы тагачаснай Расіі, а назва мястэчка стала нечым накшталт сімвала барацьбы за свабоду веры. 

У тым ліку і з-за высокіх іміджавых страт улады ў выніку вымушаныя былі пайсці на пэўную лібералізацыю ў адносінах да Каталіцкай царквы ў імперыі. Тым больш што хутка Аляксандр ІІІ памёр, а новы цар, Мікалай ІІ, амніставаў кражанцаў у гонар узыходжання на трон. Храм, праўда, ім вярнулі толькі ў 1908-м. 

А памяць пра тыя падзеі захоўваецца і сёння. 4 сакавіка 1993 года літоўскае мястэчка Кражай атрымала герб і сцяг, якія нагадваюць пра падзеі стагадовай даўніны. На іх бачна, як арханёл Міхаіл перамагае чорта са срэбнымі рагамі, што сімвалізуе маральную перамогу кражанцаў над прыгнятальнікамі. 

Сяргей Астанковіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031