Знайсці
23.03.2020 / 18:146РусŁacБел

Меркель звярнулася да нацыі з асаблівай прамовай: Сітуацыя сур'ёзная, яе вынік непрадказальны ВІДЭА

«Важнае кожнае жыццё, кожны чалавек. Наколькі вялікія будуць ахвяры, залежыць ад кожнага з нас», — папярэдзіла кіраўніца Нямеччыны. Змяшчаем яе важную прамову цалкам.

«Каранавірус вельмі сур’ёзна змяняе жыццё ў нашай краіне. Наша ўяўленне пра штодзённасць, пра грамадскае жыццё, пра сацыяльныя ўзаемадзеянні — усё гэта падвяргаецца выпрабаванню, як ніколі раней. Мільёны з вас не могуць хадзіць на працу, вашы дзеці не ходзяць у школы і дзіцячыя сады, тэатры, кіно і крамы зачыненыя, і — што, напэўна, цяжэй за ўсё — усім нам не хапае асабістых сустрэчаў, якія мы ўспрымалі ў іншых абставінах як данасць.

Вядома, у такой сітуацыі кожны з нас заклапочаны, мы задаемся пытаннем, што будзе далей. Сёння я такім незвычайным чынам звяртаюся да вас, таму што хачу распавесці, чым я як канцлерка, а таксама мае калегі ва ўрадзе кіруемся ў гэтай сітуацыі. Гэта і ёсць адкрытая дэмакратыя: мы прымаем палітычныя рашэнні празрыста і тлумачым іх. Мы стараемся тлумачыць нашы дзеянні максімальна старанна і інфармаваць пра іх, каб унесці яснасць. Я цвёрда веру, што мы справімся з гэтай задачай, калі сапраўды ўсе грамадзяне зразумеюць яе як сваю задачу.

Таму дазволю сабе выказацца так: усё сурʼёзна. І вы таксама пастаўцеся да гэтага сурʼёзна.

З часоў уз'яднання Нямеччыны, не, з часоў Другой сусветнай вайны не было большага выкліку нашай краіне, пры якім так шмат залежала б ад нашых сумесных салідарных дзеянняў.

Я хачу растлумачыць вам, на якім этапе развіцця зараз знаходзіцца эпідэмія ў краіне, распавесці, што робяць федэральны ўрад і дзяржаўныя структуры, каб абараніць усіх у нашым грамадстве і паменшыць эканамічную, сацыяльную і культурную шкоду. Але яшчэ я хацела б данесці, чаму для гэтага нам патрэбныя вы і што можа зрабіць кожны з вас.

Пра эпідэмію ўсё, што я скажу вам, заснавана на сталых кансультацыях федэральнага ўрада з экспертамі інстытута Робэрта Коха і іншымі навукоўцамі і вірусолагамі: ва ўсім свеце вядуцца інтэнсіўныя даследаванні, але да гэтага часу няма ні тэрапіі супраць каранавіруса, ні вакцыны.

Пакуль гэта так, можна зрабіць толькі адно, і гэта галоўнае ва ўсіх нашых дзеяннях: запаволіць распаўсюджванне віруса, расцягнуць яго на месяцы і такім чынам выйграць час. Час для таго, каб навукоўцы маглі распрацаваць лекі і вакцыну. Але перш за ўсё час для таго, каб мы маглі паклапаціцца найлепшым чынам пра тых, хто захварэў.

У Нямеччыне выдатная сістэма аховы здароўя, магчыма, адна з найлепшых у свеце. На яе можна спадзявацца. Але нават нашы шпіталі будуць цалкам перагружаныя, калі ў самы кароткі час у іх будзе дастаўлена шмат пацыентаў, у якіх каранавірусная інфекцыя працякае цяжка.

Гэта не проста абстрактныя лічбы статыстыкі, гэта нечыя бацька ці дзед, маці ці бабуля, нечыя партнёры, гэта людзі. Мы — грамадства, у якім важнае кожнае жыццё, кожны чалавек.

Перш за ўсё ў гэтай сітуацыі я б хацела звярнуцца да лекараў, медсёстраў і медбратоў, да ўсіх работнікаў нашых шпіталяў і сістэмы аховы здароўя ў цэлым. У гэтай барацьбе вы змагаецеся за нас на перадавой. Вы першымі сустракаецеся з хворымі, бачыце, як цяжка працякаюць некаторыя выпадкі інфекцыі. І кожны дзень вы зноў берацеся за працу і дапамагаеце людзям. Вы робіце вялікую справу, і я дзякую вам за гэта ад усяго сэрца.

Такім чынам, задача зводзіцца да таго, каб запаволіць прасоўванне віруса на яго шляху праз Нямеччыну. Выконваючы гэтую задачу, мы павінныя — і гэта жыццёва важна — засяродзіцца на наступным: па магчымасці абмежаваць грамадскае жыццё. Вядома, у разумных межах, таму што дзяржава павінная функцыянаваць і далей, натуральна, мы захаваем забеспячэнне насельніцтва і захаваем эканамічную дзейнасць па меры магчымасцяў.

Але ўсё, што можа пагражаць людзям, усё, што можа пашкодзіць чалавеку або грамадству, мы павінныя зараз абмежаваць.

Мы павінныя паменшыць рызыку заражэння аднаго чалавека іншым, як толькі можам.

Я ведаю, наколькі сурʼёзнымі аказаліся гэтыя абмежаванні ўжо зараз: ніякіх мерапрыемстваў, ніякіх кірмашоў, ніякіх канцэртаў, перш за ўсё — ніякіх заняткаў у школах і ўніверсітэтах, ніякіх гульняў у дзіцячым садку і на дзіцячых пляцоўках. Я ведаю, як жорстка ўрываюцца ў наша жыццё і ў нашую дэмакратычную самасвядомасць абмежаванні, пра якія дамовіліся федэральны і зямельныя ўрады. Падобных абмежаванняў ніколі яшчэ не было ў рэспубліцы.

Дазвольце вас запэўніць: чалавек накшталт мяне, якому свабода перамяшчэння дасталася ў цяжкай барацьбе, можа знайсці апраўданне падобным абмежаванням толькі ў крайняй неабходнасці. У дэмакратычнай краіне яны могуць быць уведзеныя толькі на вельмі сурʼёзнай падставе і толькі часова, але зараз яны неабходныя, каб захаваць жыцці.

Таму ад пачатку тыдня ўведзеныя больш жорсткі памежны кантроль і абмежаванне на ўезд з некаторых найважнейшых суседніх з намі краінаў. Эканоміцы, буйным і дробным прадпрыемствам, крамам, рэстаранам, самазанятым ужо цяпер вельмі цяжка. Наступныя тыдні будуць яшчэ цяжэйшыя. Запэўніваю вас: федэральны ўрад робіць усё, што можа, каб змякчыць эканамічныя наступствы і, перш за ўсё, захаваць працоўныя месцы.

Мы можам зрабіць усё неабходнае, каб дапамагчы нашым прадпрымальнікам і працадаўцам вытрымаць гэта цяжкае выпрабаванне, і мы зробім гэта.

Кожны можа быць упэўнены, што забеспячэнне прадуктамі будзе гарантаванае заўсёды. І калі ў нейкі момант паліцы апусцелі, значыць, яны будуць запоўненыя ізноў. Кожнаму, хто зараз ідзе ў супермаркет, я б хацела сказаць: рабіць запасы мае сэнс, так было заўсёды. Але ў меру. Ліхаманкавая скупка прадуктаў, як быццам іх больш не будзе, бессэнсоўная і, урэшце, кажа пра адсутнасць салідарнасці з іншымі людзьмі.

І дазвольце мне сёння выказаць падзяку тым людзям, якім занадта рэдка дзякуюць. Тыя людзі, якія ў гэтыя дні сядзяць за касай супермаркета ці напаўняюць паліцы, робяць адну з найцяжэйшых працаў на сёння. Дзякуй, што застаяцеся на пасадзе дзеля суграмадзян, працаздольнасць крамаў літаральна трымаецца на вас.

Зараз пра самае неабходнае: усе дзяржаўныя меры будуць бессэнсоўныя, калі мы не будзем выкарыстоўваць найбольш дзейсны сродак супраць занадта хуткага распаўсюджвання віруса — нас саміх. Вірус закрануў кожнага з нас без разбору, і зараз сапраўды гэтак жа, без разбору, мы павінныя дапамагаць адно аднаму. Перш за ўсё тым, што прымем праблему ўсурʼёз. Не ўпадаць у паніку, але таксама ні на хвіліну не дапускаць думкі, што ад вас нічога не залежыць. Кожны на рахунку. Патрэбныя нашы агульныя намаганні.

Эпідэмія паказала нам, наколькі мы ўсе ўразлівыя і як залежныя ад абачлівых паводзінаў іншых. Але акрамя гэтага — як сумеснымі дзеяннямі мы можам абараніць і падтрымаць адно аднаго.

Гэта залежыць ад кожнага. Мы не асуджаныя і не павінныя збоку назіраць, як распаўсюджваецца вірус. У нас ёсць супраць яго сродкі: мы павінны берагчы адно аднаго і захоўваць дыстанцыю. Парады вірусолагаў адназначныя: больш ніякіх поціскаў рукі, грунтоўна і часта мыць рукі, захоўваць дыстанцыю ад іншых людзей, па меншай меры, паўтара метра, і лепш за ўсё спыніць кантакты з людзьмі вельмі сталага веку, таму што менавіта яны знаходзяцца ў найбольшай небяспецы.

Я ведаю, як цяжка выконваць гэтыя патрабаванні. Якраз у цяжкія часы мы хочам быць бліжэй адно да аднаго. Клопат для нас заўсёды выяўляўся ў шчыльным кантакце і дотыку. Але, на жаль, цяпер правільней прытрымлівацца адваротнага. І мы ўсе павінны зразумець: цяпер менавіта дыстанцыя — праява клопату.

Зайсці да некага з добрымі намерамі, неабавязковае падарожжа — усё гэта можа азначаць заражэнне, і ад гэтага цяпер трэба адмовіцца. Эксперты абгрунтавана кажуць: унукі не павінныя зараз сустракацца з бабулямі і дзядулямі.

Тыя, хто пазбягаюць непатрэбных сустрэч, дапамагаюць усім, хто цяпер у шпіталях клапоціцца пра пацыентаў, колькасць якіх толькі расце. Так мы ратуем жыцці. Гэта для многіх будзе цяжка, і таму зараз мы нікога не павінны пакідаць у самоце, мы павінныя паклапаціцца пра тых, каму патрэбныя спачуванне і падтрымка. Мы — семʼі і грамадства — знойдзем іншы спосаб падтрымаць адно аднаго.

Ужо цяпер паўстала мноства крэатыўных спосабаў супрацьстаяць вірусу і яго сацыяльным наступствам. Ужо цяпер унукі запісваюць падкасты для бабуляў і дзядуляў, каб тыя не адчувалі сябе самотнымі.

Мы ўсе павінныя знайсці спосаб паказаць дружалюбны жэст і разуменне: скайп, тэлефонныя размовы, эмэйлы, а можа, наогул зноў пачаць пісаць лісты. Бо пошта працуе. Мы чуем пра выдатныя прыклады дапамогі суседзям сталага веку, якія не могуць самі хадзіць на закупы. Я ўпэўненая, узнікне яшчэ шмат новага, і мы, як грамадства, пакажам, што мы нікога не пакідаем у бядзе.

Я звяртаюся да вас: прытрымлівайцеся правілаў, вызначаных на найбліжэйшы час. Мы, як урад, увесь час будзем правяраць, што можна выправіць, што яшчэ неабходна зрабіць. Сітуацыя развіваецца, і, застаючыся ў ёй, мы павінныя вучыцца, каб у любы момант змяніць рашэнне і рэагаваць іншымі спосабамі. І ўсе нашы дзеянні мы будзем тлумачыць.

Таму я прашу вас: не верце чуткам. Верце толькі афіцыйным паведамленням, якія мы будзем перакладаць таксама на многія іншыя мовы.

Мы — дэмакратыя. Мы жывём не прымусам, а агульнымі ведамі і салідарнасцю. Гэта гістарычная задача, і з ёй можна справіцца толькі сумесна.

Я абсалютна ўпэўненая, што мы пераадолеем гэты крызіс, але наколькі вялікія будуць ахвяры? Колькі любімых людзей мы страцім? Гэта шмат у чым залежыць ад нас. Мы можам дзейнічаць рашуча і салідарна. Мы можам прыняць абмежаванні і падтрымліваць адно аднаго.

Сітуацыя сурʼёзная, яе фінал адкрыты.

Гэта значыць, ён будзе залежаць, у прыватнасці, ад таго, як дысцыплінавана кожны з нас выконвае правілы.

Нават калі мы яшчэ ніколі не перажывалі нічога падобнага, мы павінны паказаць, наколькі шчыра і разумна мы можам сябе паводзіць і гэтым ратаваць жыцці. Гэта залежыць ад кожнага з нас без выключэння і, такім чынам, ад нас усіх».

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031