Даслаць навіну
Знайсці
18.02.2020 / 17:29 2

«Па прадукты — два разы на тыдзень». Праз каранцін беларус не можа вярнуцца на працу ў Харбіне

Мінчук Яўген Журавель некалькі гадоў супрацоўнічае з Вялікім тэатрам у кітайскім Харбіне, нядаўна прызначаны намеснікам генеральнага дырэктара. Аднак ад канца мінулага года праз эпідэмію каранавіруса ўсе праекты згорнутыя. Сам ён з жонкай Аляксандрай і сынам Платонам чакаюць добрых навін у Беларусі.

Павялічыць

Гастролі скасаваныя або перанесеныя

Яўгену 34 гады, ён сын народнага артыста Беларусі Сяргея Жураўля, які ў жніўні 2015-га дачасна сышоў з жыцця. Маці — артыстка тэатра і кіно Валерыя Ліхадзей. Хлопец вырас у тэатральным асяродку, але для сябе абраў не артыстычны кірунак, а менеджарскі. Скончыў Санкт-Пецярбургскую дзяржаўную акадэмію тэатральнага мастацтва, працаваў загадчыкам пастановачнай часткі Тэатра імя Янкі Купалы.

У Кітай прыляцеў 3,5 года таму — запрасілі ў якасці тэхнічнага дырэктара ў Вялікі тэатр Цяньцзіня і Вялікі тэатр Харбіна. Кажа, што першыя паўтара года сумяшчаў працу адразу ў двух месцах. Аднак цяпер сканцэнтраваны на дзейнасці Харбінскага тэатра, дзе ён ад нядаўняга часу займае пасаду намесніка генеральнага дырэктара.

Сам тэатр з'яўляецца базавай пляцоўкай для кампаніі Propel performing arts and media Co., беларус там гэтаксама на высокіх пазіцыях — віцэ-прэзідэнт. Гэтая кампанія займаецца, з аднаго боку, арганізацыяй гастроляў сусветна вядомых тэатральных калектываў, а з іншага — прадзюсіруе ўласныя праекты і пастаноўкі. Бізнэс-менеджарам у тэатры працуе і Аляксандра Журавель, жонка Яўгена. Займаецца ўнутранымі працэсамі, не звязанымі са сцэнай.

Паводле Яўгена, у апошнія гады ў Кітаі сапраўдны бум цікавасці да тэатральнай культуры, запатрабаванасць у прыездзе найлепшых труп свету надзвычайная. Немалаважна, што грошы на гэта трацяцца вялікія, таму супраца выгадна ўсім бакам. Дарэчы, некалькі гадоў таму ў Пекіне гастраляваў Купалаўскі тэатр, у якім працяглы час працаваў і ягоны бацька Сяргей Журавель.

«Поўнасцю адчуць атмасферу каранавіруса мне, на шчасце, не ўдалося, — кажа Яўген. — Так здарылася, што ў канцы снежня я з сям'ёй прыляцеў у Менск на вакацыі — і вось да гэтага часу не магу вярнуцца ў Кітай. Таму пакуль што застаюся ў Беларусі. Як толькі сітуацыя стабілізуецца — адразу назад. Вельмі шмат працы, многія праекты гараць! Спектаклі, гастролі давялося адмяніць або перанесці. Спадзяюся, гэты кашмар хутка скончыцца». 

Павялічыць

З аповедаў калег, якія цяпер фактычна блакаваныя ў Кітаі, Яўген Журавель робіць выснову, што да стабілізацыі яшчэ далёка. Любое перамяшчэнне па горадзе — толькі па адмысловых пропусках, нават у краму па прадукты. І гэта засмучае: сыну Платону трэба вяртацца ў школу, яму і жонцы — на службу ў тэатр.

«Што тычыцца ўплыву каранавіруса на жыццё ў Кітаі, то ўсё вельмі сумна і нават страшна — калі мець на ўвазе, якой колькасці людзей гэта тычыцца, — працягвае суразмоўца. — Усюды аб'яўлены каранцін. Кампаніі, прадпрыемствы, забаўляльныя ўстановы не працуюць, усё зачынена. Выхад з дому толькі па спецыяльным пропуску. Кожнай сям'і выдалі такі дазвол, хтосьці адзін з чальцоў можа выходзіць з дому па прадукты, але не больш за два разы на тыдзень».

Павялічыць

Тэатральны каранцін падоўжаны

Тым не менш, як адзначае Яўген Журавель, асобныя правінцыі гатовыя крыху аслабіць жорсткія абмежаванні, уведзеныя ад пачатку года. Перадусім гэта тычыцца самога горада Харбін і правінцыі Хэйлунцзян. 

Вось папярэдні графік паступовага выхаду з каранціну, які беларускі менеджар атрымаў для азнаямлення. Праўда, асабіста для яго пакуль што нічога суцяшальнага — тэатральнае жыццё па-ранейшаму паралізаванае.

Павялічыць

— ад 17 лютага каранцін здымаецца з рознічных крамаў, гатэляў і прадпрыемстваў грамадскага харчавання, а таксама лагістычных кампаній, якія абслугоўваюць прамысловыя аб’екты.

— ад 24 лютага могуць выходзіць на працу супрацоўнікі фінансавай галіны і рыэлтарскага бізнэсу.

— ад 2 сакавіка ранейшыя абмежаванні анулююцца для дэвелаперскіх і навукова-тэхнічных кампаній.

Пры гэтым на нявызначаны тэрмін прыпыняецца дзейнасьць кампаній, якія займаюцца камерцыйнымі перавозкамі, а таксама:

— тэатраў, кінатэатраў і іншых забаўляльных устаноў

— музеяў, мастацкіх галерэй, выставачных цэнтраў

— турыстычных агенцтваў

— аптовых рынкаў, уключна з чайнымі і кветкавымі

— невялікіх крамаў.

Тэмпы заражэння зніжаюцца

Пэўныя спадзевы на нармалізацыю сытуацыі даюць дадзеныя маніторынгу Нацыянальнай камісіі здароўя Кітая, якія сведчаць, што колькасць новых выпадкаў заражэнняў каранавірусам COVID-19 падаюць некалькі дзён запар.

Акрамя таго, абнадзейвае колькасьць тых, каго ўдалося вылечыць — 17 лютага крыху больш за 100 чалавек памерлі, але 1425 пацыентаў былі выпісаныя здаровымі, а яшчэ 28 179 пацыентаў выпісалі з-пад абавязковага медыцынскага назірання.

Сусветная арганізацыя здароўя гэтаксама адзначае, што за мінулы дзень COVID-19 не выяўлялі ў новых краінах. Праўда, зафіксавалі трэцюю смерць ад наступстваў каранавіруса за межамі Кітая: кітайская турыстка памерла ў Францыі. Дагэтуль смяротныя выпадкі фіксаваліся ў Японіі і на Філіпінах.

Агулам за ўвесь час кітайскія медыкі атрымалі пацверджанне 70 548 заражэнняў каранавірусам і 1770 смерцяў ад хваробы, а таксама 10 844 выпадкаў выздараўлення. У цяжкім стане застаюцца 10 644 хворыя, але іх лік зменшыўся на 628 чалавек за дзень. 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Ігар Карней

3
Алег80 / адказаць
18.02.2020 / 17:47
Падалося, што побач з Яўгенам Стывен Тайлер у маладосці))
1
0.5 / адказаць
18.02.2020 / 21:49
Надейся остаться в живых, мёртвым работать уже не надо.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2019 2020 2021
сакавік красавік май
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30