Знайсці
15.09.2019 / 21:475РусŁacБел

Анатоль Сідарэвіч: Каваленя з Арчаковым апашляюць навуку

«Наша Ніва» апублікавала інфармацыю пра артыкул «Да пытання аб гістарычнай палітыцы».

Нічога новага. Палітыкай памяці ў Беларусі кіравала і КП(б)Б/КПБ па кіраўніцтвам ЦК УсеКП(б)/КПСС.

Нагадаю ў прыватнасці Тэзісы аб асноўных пытаннях гісторыі БССР, якія друкаваліся «ў парадку абмеркавання» спачатку ў «Весцях Акадэміі навук БССР» (1948. № 3. С. 89—144) з падзагалоўкам «Матэрыялы для выкладчыкаў, лектараў і дакладчыкаў». Другі раз Тэзісы ўбачылі свет ў часопісе «Бальшавік Беларусі» (1948. № 8. С. 38—72) ужо без гэтага падзагалоўка і з пэўнымі рэдакцыйнымі змяненнямі.

Гэтыя тэзісы з пэўнымі карэктывамі сталі догмамі і кіраўніцтвам да дзеяння беларускіх савецкіх гісторыкаў. Адступленне ад іх пераследавалася. 

Інструментам такога пераследу служылі пёры Лаўрэнція Абэцэдарскага, Адама Залескага ды іншых аўтараў драбнейшага калібру, як, напрыклад, Лукашэнкаў настаўнік Якаў Трашчанок.

Пасля смерці Сталіна гісторыкаў не расстрэльвалі і не адпраўлялі ў лагеры. Замест палітычнага і фізічнага выкарыстоўваўся адміністрацыйны, маральны, псіхалагічны, эканамічны тэрор.

Тым, хто адступіў ад Тэзісаў аб асноўных пытаннях гісторыі БССР, дастаткова было трапіць «на заметку», каб пачаліся праблемы з працай, з публікацыямі, з абаронай дысертацый і да т. п.

Аўтарамі Тэзісаў аб асноўных пытаннях гісторыі БССР былі людзі розных лёсаў. Тут і згвалтаваныя бальшавіцкай уладай выхаванцы старой школы (Мікалай Нікольскі, Канстанцін Палікарповіч ды Уладзімір Перцаў), і ахвяры паваеннага палітычнага тэрору міністр асветы Платон Саевіч і Яфім Шлосберг (арыштаваны ў канцы 1948-га), і «выкрывальнік нацдэмаўшчыны» яшчэ з даваенных часоў Яфрэм Карнейчык, і аўтарка псеўданавуковай кнігі да 30-годдзя БССР Ніна Каменская, і ў рознай меры падобныя да яе Аляксандра Воранава ды Канстанцін Шабуня, і Аляксей П’янкоў, пра якога нічога сказаць не магу, і намеснік начальніка ўпраўлення прапаганды і агітацыі ЦК КП(б)Б эканаміст Сяргей Малінін (фактычны кіраўнік аўтарскага калектыву).

Калі выключыць Сяргея Малініна і Платона Саевіча, дык усе астатнія аўтары Тэзісаў аб асноўных пытаннях гісторыі БССР былі гісторыкамі. І нават сур’ёзнымі, як Мікалай Нікольскі, Канстанцін Палікарповіч ды Уладзімір Перцаў.

Назваць сур’ёзным гісторыкам Аляксандра Каваленю язык не паварочваецца.

Калі паглядзець яго бібліяграфію ў Энцыклапедыі гісторыі Беларусі, дык большасць ягоных публікацыяў напісана ў суаўтарстве. Здаецца, я ўважліва сачу за публікацыямі на гістарычныя тэмы ў часопісах. Нейкія даследчыцкія артыкулы і паведамленні Кавалені мне на вочы не трапляліся. Затое Каваленя вядомы сваімі расправамі з навукоўцамі ў Інстытуце гісторыі.

Што тычыцца цяперашняга дырэктара Інстытута гісторыі Вячаслава Даніловіча, дык я шкадую, што свайго часу не напісаў рэцэнзію на ягоную кнігу пра заходнебеларускую арганізацыю «Змаганне». У той рэцэнзіі я хацеў паказаць, як аўтар спрабуе балансаваць паміж вымогамі ў духу Тэзісаў 1948 года і патрабаваннямі да навуковай працы. Пісаць рэцэнзію мяне адгаварылі маладыя, асабліва адзін з іх, які таксама вывучае гісторыю Заходняй Беларусі, дзейнасць хадэкаў.

Каго не было ў аўтарскім калектыве Тэзісаў аб асноўных пытаннях гісторыі БССР, дык сілавікоў. Гістарычная паўнавука БССР не мела патрэбы ў жандарах, бо жандарам выступала бальшавіцкая партыя.

Да таго ж і Платона Саевіча (аднакашнік Макара Краўцова), і асабліва Сяргея Малініна без нацяжак можна назваць бальшавіцкімі інтэлектуаламі. Думаецца, што Аляксандр Каваленя і Вячаслаў Даніловіч вырашылі паклікаць на дапамогу сілавікоў і таму, што не пакладаюцца на свой аўтарытэт як гісторыкаў, і таму, што не знаходзяць на вуліцы Карла Маркса, 38, інтэлектуалаў такога маштабу, як Саевіч ды Малінін. Уступіўшы ў спулку з сілавікамі, яны нават не здагадваюцца, што папросту апашляюць навуку.

Якія практычныя наступствы мае артыкул «Да пытання аб гістарычнай палітыцы»?

Па-мойму, аўтары гэтага артыкула не паглядзелі, якое стагоддзе цяпер на дварэ.

Успамінаюцца расійскія падзеі нядаўняга часу, калі ультрапатрыёты, адкрытыя і латэнтныя сталіністы патрабавалі суровых караў для тых, хто скажае гісторыю на шкоду Расіі. Ім адказалі жартам: а што, скажаць гісторыю на карысць Расіі можна? Нягледзячы на ўвесь ультрапатрыятычны чад, у Расіі выходзяць проста сенсацыйныя працы з гісторыі СССР, у прыватнасці з гісторыі ваенных падзей 1938—1945 гг. Вельмі важным сродкам распаўсюду новых ведаў пра гісторыю Расіі і СССР сталі электронныя сродкі масавай інфармацыі, у прыватнасці youtube.

Тое ж ёсць і будзе і ў нас. Хіба што ў сціплейшых маштабах, бо і матэрыяльныя рэсурсы сціплейшыя, і краіна меншая, і кантраляваць даследчыкаў прасцей, але кантраляваць іх абсалютна ўжо не ўдасца. Нават у савецкі час не заўсёды ўдавалася.

Яшчэ адным наступствам па-ранейшаму будзе адставанне афіцыйнай, казённай гістарычнай паўнавукі ад незалежнай гістарыяграфіі. Асабліва гэта тычыцца асвятлення падзей канца XVIII—ХХ стст. Як ні маракавалі казённыя гісторыкі цягам апошніх 30 гадоў, ім ўсё ж давялося прызнаць тое, пра што ўжо даўно пісалі незалежныя аўтары, а менавіта лагічны ланцужок БНР-ССРБ-БССР-Рэспубліка Беларусь.

З такімі апекунамі, як аўтары артыкула «Да пытання аб гістарычнай палітыцы», казённай гістарыяграфіі яшчэ доўга давядзецца плесціся ў хвасце незалежнай гістарычнай навукі і ў асвятленні іншых пытанняў нашай гісторыі.

Анатоль Сідарэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031