Вясковец скраў у суседа электраінструмент — і стаў інвалідам
Здарылася гісторыя ў в. Гарадзілава, што ў Маладзечанскім раёне, паведамляе абласная міліцыя.
Сяброўства двух таварышаў скончылася сумна. Прычым страту дарагога электраінструмента 60-гадовы гаспадар заўважыў не адразу. У міліцыю ён звярнуўся ўжо праз некалькі дзён пасля злачынства. Скрадзеныя вуглашліфмашынку і электрадрыль ацаніў у 250 рублёў.
Міліцыя высветліла, што электраінструменты выкраў 63-гадовы аднавясковец, які часцяком зазіраў у госці. Мужчыну затрымалі па месцы жыхарства. Ён не стаў адмаўляць сваёй віны. А таксама распавёў, што неяк заўважыў у таварыша на верандзе электраабсталяванне і выкраў яго, калі гаспадара не было дома.
Электрадрыль прамяняў на выпіўку, а шліфавальнай машынкай падзяліўся з агульным знаёмым.
У дачыненні да 63-гадовага мужчыны распачалі крымінальную справу па артыкуле «Крадзеж» і аштрафавалі на 765 рублёў.
Вось толькі гісторыя на гэтым не скончылася, і інцыдэнт атрымаў далейшае развіццё. Цяпер ужо пад абвінавачваннем знаходзіцца гаспадар электраінструмента, які падазраецца ў нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў.
«Высвятляючы адносіны пасля крадзяжу, мужчына ўдарыў крыўдзіцеля кулаком у твар. Паступіў так, як сцвярджае сам, з асабістай непрыязнасці, пачуўшы на свой адрас нецэнзурную лаянку. У выніку ўдару супернік атрымаў траўму, якая ў далейшым прывяла да страты зроку на правым воку.
Цяпер яму пагражае да васьмі гадоў зняволення (наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання).