Даслаць навіну
Знайсці
30.07.2019 / 12:18 3

And away we go! Маляўнічыя памінкі па Галівудзе ў фільме «Аднойчы ў Галівудзе»

Дарагія хлопчыкі і дзяўчаткі, хутка на вашых экранах з’явіцца чарговая мастацкая стужка ад Квенціна Таранціна, якая называецца «Аднойчы ў Галівудзе».

Фільм, як любы кантэнт у аналітычную эпоху, адразу раскідаў народ на розныя лагеры. Адным спадабалася, бо глядач паглыбляецца ў знаёмы яму свет стылістыкі аўтара, толькі цяпер, замест Дзікага Захаду ці 90-х, перад намі выдатныя салодка-рознакаляровыя 60-я. Другім — не, бо Таранціна спісаўся, навокал самапаўторы, самалюбаванне, занадта шмат цытат, якія цяжка знайсці ў IMDB. Ды наогул, слабыя, неаформленыя жаночыя персанажы, зашмат мацюкоў, непазбежная крывавая каша… Усе героі ў яго — белыя, а палітычныя погляды ў іх — кансерватыўныя. Ён — настальгуючы рэакцыянер, да таго ж расіст, сэксіст ды самому Харві Вайнштэйну брат.

У самім фільме сапраўды ёсць пара герояў — у выкананні зорных Леанарда Ды Капрыё ды Брэда Піта. Гэта актор Рык Долтан, герой аднаго з тузіна каўбойскіх серыялаў, што панавалі ў эфіры 50—60-х, ды яго каскадзёр Кліф Бут (так, рэжысёр ненавідзіць CGI, толькі рэальныя штукі). Абодва гэтыя чалавекі цяжкага лёсу апынуліся сярод новай рэальнасці, культурнай рэвалюцыі 60-х, і шукаюць да шчасця дарогі. На зайздрасць іх суседзямі з’яўляюцца ўжо тады славуты Раман Паланскі (яго грае Рафал Завяруха) ды актрыса Шэран Тэйт (Марга Робі), якія ўвасабляюць новы мэйнстрым. Той самы, што ўзарваў кантэнтам ды гламурным ладам жыцця ўвесь свет. Той самы, што зрабіў кінаіндустрыю Лос-Анжэлеса цэнтрам ужо не амерыканскай, але сусветнай культуры на наступныя 50 гадоў.

Павялічыць выяву

Гэта былі часы, калі ў Галівуда быў кароль, дакладней чалавек, што рабіў каралёў — Леў Васэрман — у фільме Марвін Шварцс (Аль Пачына). Менавіта гэты чалавек рухае кар’еру былога каўбоя праз нялёгкія часы. Адна-дзве тэлефонныя размовы маглі выратаваць чалавека ды вярнуць яму былую славу. Ну, прыкладна як роля прыдуркаватага, але далікатнага гангстара Вінсэнта Вегі вярнула славу Джону Траволта ў 90-я.

Рэжысёр не мог не злоўжываць тым, што ў яго выбітны акцёр эпохі грае акцёра пасрэднага. А вы б не злоўжывалі? Не прымушалі б Ды Капрыё выдаць нам як мага больш момантаў на метр стужкі з былога героя тэлевестэрнаў? І ён выдае. Акцёр Долтан эпічна губляе i вынаходзіць сябе ў ролях зладзеяў на адзін эпізод. Таксама Таранціна па поўнай эксплуатуе каскадзёра Бута, паказваючы яго шырачэнны дыяпазон талентаў праз камедыйныя, батальныя ды бытавыя сітуацыі. Два тузіны больш-менш вядомых акцёраў граюць гістарычных і не вельмі персанажаў той эпохі. Плюс казачна дакладны саўндтрэк. Дзявочых ног таксама шмат.

Зразумела, Таранціна выклаў падчас свайго няспешнага расповеду шмат пасхалак, каб даць нам зразумець, што будзе важным у канцы, якое ружжо на сцяне (ці іншы дэвайс) выстраліць ды што матывуе герояў. Як, напрыклад, эпізод у маёнтку Плэйбой са Сцівам Маккуінам (Дэміян Льюіс), найвялікашай зоркай тагачаснага кіно, які, у адрозненне ад галоўнага героя, якраз здолеў перайсці ад тэлестралялак у героі эпохі і стаў the king of cool.

Тут жа, на крывых вуліцах галівудскіх гор, героям сустрэлася «Сям’я Мэнсана». Як тая суворая рэчаіснасць, як тая непазбежная будучыня, калі надыходзіць нібыта зомбіапакаліпсіс. Праз яе і адбываецца чаканая трагедыя. Аўтар чарговы раз крыху перайначыў гісторыю сваім мастацкім чараўніцтвам ды пакінуў дарагі яму кавалачак прыгожага, добрага, светлага ў сваім выдуманым сусвеце. Нібыта даў другі шанец.

Павялічыць выяву

Гэта прымаецца, улічваючы, што далёкімі гістарычнымі прататыпамі галоўных герояў былі Бёрт Рэйнальдс (ён таксама атрымаў быў невялікую ролю, але, на жаль, сышоў з жыцця раней) і яго каскадзёр Хол Нідхэм, у якіх якраз потым, у 70-я, усё атрымалася. І мы зычым героям таго ж.

У гэтым кінасусвеце ўсё штучнае, усё чароўнае стваралася сапраўднаю фізічнаю працаю, потам і крывёю. Гэта ода ўсім працаўнікаў кінаіндустрыі, ад білецёраў да каскадзёраў. І Таранціна выдае яе з пяшчотнай любоўю ды лёгкім фаталізмам, нібыта Тэнэсі Эрні Форд спявае пра 16 тонаў вугалю.

А калі кіно скончыцца, вы выйдзеце на вуліцу, дзе будучыня ўжо наступіла. Дзе той Галівуд, у якім усё трымалася на канкрэтных асобах, іх асабістых пачуццях, адказнасці і рызыцы (аб гэтым жа, дарэчы, быў іншы фільм з Ды Капрыё ў галоўнай ролі), змянілі на аналітычныя мадэлі сярэдняй сусветнай аўдыторыі, з улікам постпрадакшн мэрчандайзінгу, ды камп’ютарную анімацыю. Дзе ўсё блэндзіравана гэтак, каб не зачапіць ні кітайцаў, ні рускіх, ні эліна, ні юдзея. І нечага не стае, ажно час ад часу ўнутраны голас кажа: ды каб яно ўсё згарэла, як Гітлер у кінатэатры! Ведаеце, калі лёгка паколвае… That’s pride f**ing with you.

Нехта з аўтарытэтных крытыкаў у дзень прэм’еры напісаў, што аўтар так жа люта ненавідзіць хіпі і грамадзянскі рух, як і да нацыстаў. Падаецца, гэта быў нехта з тых, хто апладзіраваў пасля перамогі адвязнага Джанга. Але ж не трэба шукаць чорнага ката ў пакоі, дзе пакінулі вартавога сабаку. Аўтар проста не любіць гэтую будучыню, якая надышла. Бо ў ёй раптам няма месца не толькі 70-міліметровай стужцы, неонавым вывескам ды старым кінатэатрам, але няма месца простай бытавой драме для дарослых, дзе яны вырашаюць свой дарослы shit простымі бытавымі сродкамі. І прыцягнуць увагу да гэтай страты рэжысёр можа толькі шокам, сімвалічна размазаўшы мазгі па ўсім кадры апасля працяглага дыялогу.

Павялічыць выяву

Таранціна ганяць за тое, што ён не ўздымае сур’ёзных праблем, як тое робяць «Трансформеры» ды «Мсціўцы». Што ён зашмат увагі надае сваім уласным думкам, сваёй асабістай эстэтыцы, а на нас яму напляваць, не тое што рэжысёрам «Гульні тронаў»… Ён нам доўгія дзявочыя ногі ды непраўдападобныя забойствы паказвае, пакуль мы тут змагаемся на пярэднім краі сацыяльна-культурнага дыскурсу! Д’Артаньян, motherf**ers!

У рэжысёра, як ва ўсіх, таксама было дзяцінства. І падаецца, ён вельмі любіў кіно. Таму ён проста паказвае свет свайго дзяцінства, тыя мроі, тыя перажыванні, калі на вашыя кішэнныя грошы вы нарэшце ідзяце на той неонавы агеньчык вывескі, за якім добрыя дзядзькі навешаюць зладзеям.

Я вось таксама любіў кіно — не толькі Шварцнэгера са Сталонэ, але і Карбучы з Леонэ, і Пекінпа, і неа-нуар, і Ньюмэна з Мак-Куінам, i хіповы Vanishing Point, і, канечне, «Кэндзі» (паглядзіце «Кэндзі» абавязкова — хіба каб нырнуць у 60-я ці проста злавіць лулзаў ад гульні Марлона Брандо). Таму гэты выдуманы сусвет мне падабаецца, як іншым падабецца сусвет герояў, зацягнутых у латэкс.

Гэта ўсяго толькі фільм, не больш. Зразумела, што мажорнымі песнямі пра каханне і кветачкі свет не зменіш. Аднак не кожная песня павінна быць і пра тое, як ля ганебнага слупа кішкой апошнага папа мы павінны цара задушыць. Часам трэба проста адцягнуцца.

Нам прапануюць паглядзець на прыгожую мрою аб Галівудзе, якога ўжо няма. Таранціна пазычае нам сваю цыгарку з кіслатой, каб мы адцягнуліся. And away we go.

Мардэхай Валошка

2
Вадзім / адказаць
30.07.2019 / 15:04
Чорнага ката́.

Звычайна беларусы кажуць ня "кошка", а "кот". "Кошка" - гэта калька з расейскай.

Кошкай называюць жывёлу, калі трэба падкрэсьліць яе пол - напрыклад, котная кошка, або з кацянятамі, або што кацяняты верагодныя. А калі проста спытацца пра мышалова - то "ці ёсьць у вас кот?" ці "завядзіце сабе ката́", але ня "кошку". А калі гендарна нейтральны выраз, тады "кот".
0
Броўка / адказаць
30.07.2019 / 19:28
Вадзім, дужа слушна! 
0
ЯНКА / адказаць
31.07.2019 / 21:24
★ Вадзім: «Кошкай называюць жывёлу, калі трэба падкрэсьліць яе пол». Але й у такім выпадку гэта не абавязкова. То бок можна сказаць «кот апарасіўся», і ўсё будзе зразумела. :) ★
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
верасень кастрычнік лістапад
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30 31