Знайсці
15.07.2019 / 12:317РусŁacБел

Мастак з Валожына, пра карціны якога ніхто не ведаў

Лясьнік з Валожына ўсё жыцьцё малюе карціны ў абстрактным і інсітным стылях. Толькі калі яму споўнілася 80, унук зладзіў яму пэрсанальную выставу ў Менску, піша «Радыё Свабода».

«Ня ведаю, як назвалі выставу. «Масаж драўлянай нагі»? — Вілій Львовіч шчыра сьмяецца. — Я ўнуку сямнаццаць назваў даў!»

Вілій Янкелевіч — 80-гадовы мастак-сюррэаліст з Валожына. У госьці да яго мы прыехалі з унукам Аляксандрам. Сёлета малодшы Янкелевіч арганізоўвае дзеду пэрсанальную выставу ў Менску.

«Выстава — гэта, канечне, падзея. Ну вось каб год на пяцьдзясят раней, было б зусім добра»

Гэта не сацрэалізм, ад якога ванітаваць цягне

Зьлева — вялікі і белы цагляны дом. Справа — маленькая, ярка расьпісаная майстэрня. У ёй Вілій ужо сорак год робіць з дрэва і малюе сюррэалістычныя працы, цалкам адарваны ад мастацкіх тэндэнцый і прафэсійнага асяродзьдзя.

Тут Вілій стварае свае працы

«Мне здаецца, яго працы праходзяць мінімальную сьвядомую апрацоўку, — кажа ўнук Аляксандар. — Яны выкананыя дастаткова простымі сродкамі, пры гэтым у значнай ступені абстрактныя, то бок для мяне гэта мова несьвядомага. Дзед, здаецца, арыентуецца на нейкія масавыя падзеі, яны яго натхняюць, ён неяк да іх апэлюе. Назвы твораў часта зьвязаныя зь нейкімі падзеямі. Кшталту, «арабская вясна». Але ягоныя працы — гэта не сацрэалізм, ад якога ванітаваць цягне».

Вілій Янкелевіч разам з унукам Аляксандрам Янкелевічам

У майстэрні Вілія можна знайсьці «ілюзійную рэальнасьць», «чуйны ўнутраны сьвет» і «нябачную зямлю» — такія назвы ён дае сваім карцінам.

«Дзед сваімі працамі размаўляе на сучаснай мове людзей, якія хаця б крыху цікавяцца культурай. Я ня ведаю, наколькі ён сам гэта ўсьведамляе. Гэта нешта трыповае, незвычайнае. Увогуле, адна справа — пацікавіўся ў маладосьці контракультурай нейкай, падысыдэнтстваваў і супакоіўся. А ў яго атрымліваецца цягам усяго жыцьця ціхенечка знаходзіць час на тое, каб маляваць».

Малюе ў пэрсанальным стылі: «ад-рэалізм»

«Гэта ў нас была такая групка ў свой час, у 1958-м. Дык мы называліся «ад-рэалісты». Ад рэальнасьці чамусьці, — сьмяецца мастак. — І там у нас была свая каманда пачаткоўцаў, якія нідзе не вучыліся. Жаданьне маляваць — гэта ад жаданьня свабоды. Хацелася свабоды. Большай, магчыма. Ня тое каб я ўжо такі замардаваны быў, хадзіў у ланцугах, але заўсёды быццам пад нейкім прэсам. А калі я займаюся жывапісам, то адчуваю сябе вольным чалавекам».

На працоўным стале ў майстэрні ляжаць амаль гатовыя гіпнагліфы — аб’екты з абчасанага дрэва, якія даюць пэўныя адчуваньні на дотык і выкарыстоўваюцца для мэдытацыі. Адну за адной Вілій дастае свае карціны і скульптуры. Рэакцыі не чакае, адводзіць вочы і мармыча нешта сабе пад нос.

«Чуеце? — пытае Аляксандар. — Дзед заўсёды сам з сабой размаўляе, гэта цікава. І так усё жыцьцё. Дзед даволі замкнёны ў сабе. І ён ні з кім не кантактуе практычна, наколькі я ведаю. Ён, магчыма, у маладосьці яшчэ з кімсьці неяк стасаваўся, але апошнія дзесяцігодзьдзі адрэзаны ад мастацкай супольнасьці».

Сам Аляксандар сем гадоў пісаў музыку, а цяпер займаецца псыхалёгіяй. Вілій нічога ня кажа пра тое, як на яго захапленьне рэагуюць у сям’і, пераводзіць размову на іншую тэму. Але пра ўнука распавядае з ахвотай. Ганарыцца.

«Я яго навучыў ціскі адным пальцам закручваць! Дык яго з заняткаў у школе выклікалі, там ніхто ніколі такога ня бачыў».

Аляксандар прыгадвае, як яны разам рылі зямлянкі, плялі кальчугі, выразалі фігуркі з дрэва і гіпсу, будавалі вігвамы.

«Дзед падтрымаў мой творчы імпульс, у нечым яго ініцыяваў, не перашкаджаў. Ён казаў: «У табе гэта ёсьць». І я думаў: «О, ува мне гэта ёсьць».

Мастак — гэта амаль дармаед, разумееце?

«Маляваць Вілій Львовіч пачаў яшчэ ў дзяцінстве: пасьля вайны жыў побач з Асмалоўкай і круціўся вакол мастакоў, якія мелі там майстэрні.

«Ніхто ня памятае, што там былі за мастакі, — кажа Аляксандар. — Але ж ён нахапаўся не акадэмічнасьці, а нейкай дзіўнасьці. І крута, што ён гэты вайб (ад ангельскага «vibe» — уздым) захаваў ва ўмовах, калі гэтага нідзе не было. Гэта ж ня тое, што цяпер: бярэш, адкрываеш інсту, і там такіх прац мільярд. У гэтым ёсьць пэўная заяўка».

Раней Вілій рабіў драўляныя лыжкі, тачыў велікодныя яйкі і вельмі тонка, з цыркулем, іх расьпісваў. Лыжкі і яйкі ён раздаваў дзецям, што езьдзілі па праграме ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС, і так яго працы трапілі ў Канаду, Японію, Нямеччыну, Польшчу, Бэльгію. Сам Вілій нікуды не выяжджаў: толькі па працы, за савецкім часам і ў савецкіх межах.

«Адправілі нас на гэтую кітайска-савецкую дарогу: «Актагай — дзяржмяжа» называецца. Умовы жудасныя: да 12 гадзін раніцы яшчэ можна працаваць, а пасьля налятае такая хваля ветру, падымае пясок увесь і сьмерч круціць. І там пустэльня, скала, вярблюджая калючка сям-там — і больш нічога. Настолькі я праняўся там гэтай сьпёкай, пылам… Мне так захацелася дадому!»

Вілія «пацягнула на зелень», па вяртаньні ён паступіў у Тэхналягічны інстытут на інжынэра па лесакарыстаньні. І пакуль увесь Савецкі Саюз капаў «на практыцы» бульбу, ён маляваў: у самы добры восеньскі час займаўся жывапісам. Калі вярнуўся з Казахстану, былі думкі стаць прафэсійным мастаком, але жыцьцёвыя абставіны аказаліся мацнейшымі.

«Я ажаніўся, ужо трэба было на хлеб зарабляць. А каб усё кінуць і жыць толькі гэтым… Гэта амаль дармаед, разумееце? Амаль бомж. І ў пляне выжываньня — ну, адзін бы выжыў, канечне, а зь сям’ёй як? Пытаньні».

Я тры тэмы выключаю з размовы: тэлевізар, хваробы і надвор’е

Раней Вілій ледзь ня кожны месяц езьдзіў у Маскву, хадзіў на выставы, сябраваў з мастакамі зь Беларусі, Расеі, Літвы. Але цяпер амаль ні з кім не кантактуе і апошнія дзесяцігодзьдзі фактычна адрэзаны ад супольнасьці.

«Сярод маіх сяброў-мастакоў ужо шмат хто памёр. Але й ворагаў таксама няма даўно. Мяне заўсёды пытаюць: «У цябе ворагі ёсьць?» — «Няма». — «А дзе ж? А як ты бяз ворагаў жывеш?» — «Ну, памерлі ўжо ўсе».

Блізка прыяцеляваць з суседзямі ў Вілія таксама ня надта выходзіць.

«Увогуле, я са старымі людзьмі мала стасуюся, таму што пачынаюцца гэтыя сагі пра аналізы, пра балячкі. Я тры тэмы выключаю з размовы: тэлевізар, хваробы і надвор’е. А пасьля на мяне крыўдуюць: чаго ты са мной не размаўляеш? Дык я не хачу. А калі табе ёсьць што мне сказаць, то кажы. Я паслухаю».

Вілій размаляваў сьцяну ў сваім двары

Некалькі год таму Аляксандар зрабіў дзеду сайт-партфоліё, онлайн-выставу. Але Вілій інтэрнэту не прызнае, як, у прынцыпе, і сучаснага мастацтва.

«Сьвітанак — час салаўя»

«Ілюзорная рэчаіснасьць»

«Калі дзеяньне становіцца процідзеяньнем»

«У сучасным мастацтве шмат авантурызму. Тыя клясыкі абстрактнага мастацтва — Ротка, Полак (Марк Ротка і Джэксан Полак — прадстаўнікі абстрактнага экспрэсіянізму. — РС) — яны пачыналі гэтае сучаснае мастацтва. Так, яно і сёньня незразумелае, і тады было незразумелае, але гэта мастацтва. А сучасныя мастакі нічога не выяўляюць свайго. Усё ж такі, як ні рабі, ты павінен неяк сябе выявіць. Інакш які сэнс? Дык ты ж проста недзе пабачыў нешта, тым больш цяпер такі наплыў інфармацыі…

Я інтэрнэтам не карыстаюся прынцыпова — навошта мне інтэрнэт? Як казалі: хто валодае інфармацыяй, той валодае сьветам. Я адразу думаў: здаецца, так. А пасьля — ды гэта нейкая лухта, навошта мне шмат той інфармацыі? Мне істотна, што ў мяне ўнутры робіцца, а ня тое, што там вакол. Таму я супраць гэтага, што шмат інфармацыі і ты ўсім валодаеш. Ты нічым не валодаеш!»

Спробы «выйсьці зь ценю» ў рэальным жыцьці ўжо былі: працы Вілія выстаўляліся ў Івянцы і Валожыне чатыры гады таму.

«Крышку зьдзівіў усіх. Яны ведалі, што я малюю. Але ніколі ня бачылі! Але ж дарослыя, а не разумеюць анічога! (Сьмяецца.) Ну, і зразумець жа цяжка. Трэба быць падрыхтаваным таварышам. Трэба цікавіцца ўсім у жыцьці. Нават глыбока цікавіцца! Мне падабаецца, калі людзі глядзяць на маю працу і задаюць пытаньні. І я тады разумею, чаго чалавек хоча, ён думае пра гэта. А калі ён прайшоў міма, вокам кінуў — ай, глупства! Ну што зь ім гаварыць».

Жывапіс у прынцыпе цяжка ўспрымаецца — гэта ня толькі валожынская праблема.

«Вось я дзіўлюся: ужо колькі год цывілізацыя, а чаму такая цемра вакол? Цемра ў думках, ва ўспрыманні. Трэба выхоўваць людзей. Але ж у нас вельмі шмат старых. Адчуваецца ціск узросту. Маё пакаленьне — гэта самыя доўгажыхары. Колькі існуе Беларусь, так доўга людзі не жылі, як мы жывем. Раней меркавалася, што сорак год — гэта ўжо старая. Пяцьдзясят гадоў мужык — гэта ўвогуле дзед апошні. А цяпер шэсьцьдзесят год — гэта яшчэ самае во, «ягадка апяць». Адпаведна, і мысьленьне такое ж. Але ўсіх жа не прымусіш палюбіць мастацтва?»

Я мастак, а не народны майстар!

«Мяне ўсё агітавалі, каб я атрымаў званьне народнага майстра. Я кажу: «А навошта мне народны майстар?» Я мастак, а не народны майстар. І я адмовіўся», — кажа Вілій.

Ягоная першая сталічная выстава адкрыецца 15 ліпеня. Унук Аляксандар зладзіў яе яшчэ і дзеля таго, каб шчыльней пазнаёміцца зь дзедам. Кажа, што мы прызвычаіліся бачыць родных праз прызму бацькоўскіх сувязяў: дзед-унук, мама-сын. Досыць складана выйсьці за межы ролі дзіцяці і разгледзець у блізкіх незалежных ад нас асобаў са сваімі ўласнымі поглядамі і талентамі.

«У нечым гэта акт удзячнасьці дзеду. Але ня ўдзячнасьці за нешта, што ён зрабіў для мяне. Якая ў нас звычайна ўдзячнасьць? «Дзеду за пабеду», казённая, чыноўніцкая шакалядная грамата: «Дзякуй за тое, што вы нас выхавалі!» Не, гэта цалкам яго гісторыя, і я хачу пабачыць яго самога».

Адкрыцьцё выставы «Масаж драўлянай нагі» адбудзецца ў культурным цэнтры «Корпус» 15 ліпеня а 19:00. Экспазыцыя прадоўжыцца па 20 ліпеня. Больш інфармацыі пра мерапрыемства тут .

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930