Знайсці
16.05.2019 / 15:3816РусŁacБел

«Я была цяжарная і страціла дзіця» — што вядома пра згвалтаванне ў Слоніме, дзе хлопцы здымалі ўсё на відэа

13 мая ў Слоніме адбылася гучная гісторыя: двое хлопцаў згвалтавалі дзяўчыну. Як паведаміла міліцыя Гродзенскай вобласці, працэс яны знялі на відэа, і нават паспелі паказаць запіс сябрам. Пасля хлопцаў затрымалі.

«Наша Ніва» звязалася са знаёмымі фігурантаў справы і той самай дзяўчынай, каб высветліць падрабязнасці.

«Кавалераў у яе было столькі, што вы і ўявіць сабе не можаце»

Кацярыне (імя змененае) 18 гадоў. Яна вучыцца ў адным з мясцовых прафесійных каледжаў. Сама дзяўчына родам з вёскі, якая знаходзіцца ў Слонімскім раёне. Спачатку яна жыла ў інтэрнаце, пасля — са сваім бойфрэндам у адной з вёсак пад Слонімам. Затым сышлася з іншым хлопцам, Аляксандрам (імя змененае). Ён 19-гадовы сірата, які нядаўна атрымаў уласнае жыллё ад дзяржавы.

Такое сацыяльнае жыллё даюць на ўскрайку Слоніма, у квартале панэльных новабудоўляў. У адным з пад’ездаў такога дома і здарылася бяда.

Знаёмыя характарызуюць дзяўчыну не вельмі пазітыўна. І бойфрэндаў было столькі, што ўсіх не запомніш, і алкаголь 18-гадовая дзяўчына ўжывала надта часта. «Кавалераў у яе было столькі, што вы і ўявіць сабе не можаце», — кажа знаёмая дзяўчыны.

З Аляксандрам Кацярына з’ехалася не так даўно. Знаёмыя кажуць, што дзяўчына паведаміла бойфрэнду, што зацяжарыла. Ці праўда гэта — невядома.

«Каця голая прыбегла да суседкі і выклікала міліцыю»

Далейшую гісторыю знаёмы Кацярыны пераказвае нібыта з яе словаў. Кажа, што нядаўна гутарыў з дзяўчынай.

«Каця і Аляксандр былі дома ўвечары. Яна сказала, што хоча прагуляцца. Завітала ў іншую кватэру ў тым жа пад’ездзе, на пару паверхаў ніжэй. Там тусаваліся хлопцы, 8 чалавек іх было. Пілі. Увогуле яны нейкія алкашы, п’юць, пасля б’юцца, іх ванітуе ў пад’ездзе… — кажа суразмоўца. — Каця пасядзела з імі. Пасля шасцёра сышлі, двое засталіся.

Яна сказала, што гэтыя двое згвалцілі і збілі яе, пачалі здымаць на відэа. Каця збегла, голая прыбегла да суседкі і выклікала міліцыю. Суседка дала Кацярыне сваю вопратку, а сама вызваніла знаёмых пацаноў».

Заадно Каця пазваніла свайму вясковаму экс-кавалеру. Той таксама прыехаў на дапамогу.

Пра Аляксандра суразмоўца кажа так:

«Адэкватны хлопец. Мы вучыліся разам на слесараў. У яго цяпер адпрацоўка пасля каледжа, але ён не ходзіць, бо заробак 93 рублі. Які сэнс туды хадзіць? — кажа знаёмы. —

Але цяпер Аляксандр недзе хаваецца: тэлефон выключаны, дома ці то не бывае, ці то дзверы не адчыняе.

Справа ў тым, што да яго ламіліся тыя пацаны, якіх вызваніла суседка, здаецца. Чаму — дакладна сказаць не магу. Ці то Каця пра яго нагаварыла штосьці, ці то прад’яўлялі, як так ён сваю дзяўчыну не абараніў. А ён жа і не ведаў, куды Каця ідзе!

Я ўчора сустрэў Аляксандра, ён сказаў, што тыя пацаны яму ў морду далі. Пасля ён узяў нож, каб абараніцца. Нікога не парэзаў, збег. Дзе ён цяпер — я не ведаю».

«Цяпер я трымаю яе ў яжовых рукавіцах»

Цяпер Кацярына знаходзіцца ў свайго экс-бойфрэнда, з якім жыла, у той жа вёсцы пад Слонімам. Хлопец запэўнівае, што ахоўвае сваю каханку.

«У той вечар яна мяне вызваніла. Я прыехаў, катаўся з ёй у бальніцу», — кажа хлопец. Але падрабязнасці здарэння агучваць не хоча. Маўляў, такім чынам абараняе Кацярыну.

«Цяпер я трымаю яе ў яжовых рукавіцах. Яна пад сур’ёзнай абаронай. У мяне ёсць людзі, якія прыглядзяць за ёю, калі мяне няма дома», — запэўнівае суразмоўца. Кажа, што Каця з ім, а не з бацькамі, бо на тое «ёсць сур’ёзныя прычыны».

«Усё было не так»

Падазраваныя ў згвалтаванні цяпер пад вартай. Ім пагражае да 13 гадоў зняволення.

Падазраваныя Андрэй і Дзяніс

Старэйшы хлопец — 19-гадовы Андрэй Б. Ён вучыцца ў каледжы.

Малодшы падазраваны — Дзяніс (імя змененае). Ён яшчэ непаўнагадовы, яму толькі 17. Вучыцца ў 11 класе. Раней Дзяніс, як і Андрэй, быў «кліентам» спецвучэльні. З той установы ён збягаў, лавілі і вярталі яго з міліцыяй. У спецвучэльні Дзяніс і пазнаёміўся са сваім старэйшым сябрам.

«Наша Ніва» пагутарыла з бацькам Дзяніса.

«З сынам нам бачыцца пакуль што асабліва не даюць. З ім трохі пагаварыла маці і ўсё, — распавёў мужчына. — Але, кажуць, што там усё было не так. Дзяўчына лёгкіх паводзінаў, пра гэта ўсе кажуць.

Другі хлопец, той Андрэй, пасля здарэння яшчэ суткі быў на волі. Пакуль яго шукалі, здаецца, у Мінск паспеў з’ездзіць. Дык вось, ён расказваў знаёмаму хлопцу, як усё было, а той пераказаў мне словы.

Кажа, што тая дзяўчына прыйшла да іх пасля канфлікту са сваім хлопцам. А затым у Андрэя і Дзяніса з дзяўчынай усё было добраахвотна. Адзінае, што яе абурыла, гэта відэаздымка. Ну і тады пачалося…»

«Пасля гэтай гісторыі Аляксандр мяне кінуў»

«Наша Ніва» звязалася з Кацярынай, але тая дала толькі некалькі кароткіх каментаў.

Дзяўчына запэўніла, што хлопцаў, да якіх завітала, ведае не надта добра, раней бачыла толькі пару разоў. Навошта было ісці да іх, яна не патлумачыла.

Па яе словах, пасля згвалтавання яна выскачыла голая на пляцоўку. Там стаялі і курылі двое хлопцаў. Дзяўчына сцвярджае, што яна была збітая, мела крывападцёкі, якія тыя хлопцы не заўважылі.

Кацярына стрэльнула ў іх цыгарэту і пабегла да суседкі па дапамогу.

Таксама дзяўчына запэўніла, што сапраўды была цяжарная. Па яе словах, «магчыма, праз згвалтаванне» яна страціла дзіця.

Аляксандр, кажа дзяўчына, пасля гэтай гісторыі яе кінуў. Таму яна зараз і вярнулася да свайго былога бойфрэнда.

Праўда, кажа, што рамантыкі паміж імі ўжо няма: «Ён мой самы лепшы сябар, які проста мне дапамог».

Што ж са збіццём Аляксандра, то Кацярына робіць выгляд, што нібыта нічога не ведае.

«Пра тых, хто за мяне заступіўся, я казаць нічога не буду. Я не хачу падстаўляць іх», — кажа яна.

Але ж навошта дзяўчына пайшла на п’янку, калі яе словы пра цяжарнасць — не хлусня? «Ужо нічога вярнуць нельга», — коратка адказвае дзяўчына.

Улад Швядовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031