У Барысаве з'явяцца аўтобусныя прыпынкі ў футбольнай стылістыцы і з бясплатным Wi-Fi
Такія прыпынкі паставіць БПС-Сбербанк, які разам з плацежнай сістэмай Visa заключыў з ФК БАТЭ трохбаковы мемарандум аб супрацы. Пры гэтым банк атрымаў статус афіцыйнага партнёра клуба.
Першы футбольны прыпынак у Барысаве ўсталююць да сярэдзіны года. У першую чаргу зменяцца прыпынкі, якія стаяць ля стадыёна «Барысаў-Арэна», дзе выступае чэмпіён Беларусі.
Таксама штуршок атрымае праект па ўкараненні бескантактавай аплаты ў наземным транспарце Барысава. Гэта стане развіццём сэрвісу бескантактавай аплаты, што раней БПС-Сбербанк запусціў у мінскім метро.
«Для Беларусі гэта будзе рэдкі прыклад стратэгічнага і шматбаковага ўзаемадзеяння, якое выйдзе далёка за межы сумеснага прасоўвання. Мы плануем разам ажыццявіць унікальныя праекты для прыхільнікаў футбола. Што важна, супрацоўніцтва таксама зробіць унёсак у развіццё інфраструктуры Барысава, дасць магчымасць умацаваць яго імідж як футбольнага горада», — падкрэсліў старшыня праўлення БПС-Сбербанка Ігар Мяркулаў.
Сярод чаканых праектаў — выпуск банкам сумеснай футбольнай карты ФК БАТЭ на платформе Visa. Таксама плануецца стварыць безнаяўную плацежную прастору на «Барысаў-Арэне». Акрамя гэтага, у Барысаве будуць рэгулярна праводзіць сацыяльныя мерапрыемствы і актыўнасці, у тым ліку з удзелам футбольнай каманды.