Знайсці
16.01.2019 / 20:354РусŁacБел

«Усе беларускамоўныя — гэта наша радня»: як патрыётка вядзе бізнес на вёсцы ВІДЭА

Праграма «Вяскоўцы» тэлеканала «Белсат» пазнаёмілася з вясковай бізнес-лэдзі і навучылася рабіць клёцкі з душамі.

Спадарыня Юлія Бука з вёскі Валодзькава Глыбоцкага раёну выкупіла разам з супольнікамі некалькі хат у сваім родным селішчы і стварыла аграсядзібу «Родны край».

Шмат хто з наведнікаў прывозіць сюды сваіх дзяцей, каб яны пачулі беларускую мову ў натуральным асяроддзі.

«Для беларускамоўных гасцей мы робім зніжку ў 20%. Я лічу, што ўсе беларускамоўныя — гэта наша радня. Нас так мала. Таму нам трэба падтрымліваць адно аднаго», — кажа спадарыня Юлія.

Гаспадыня аграсядзібы падкрэслівае, што прытулак у яе можа знайсці кожны беларускамоўны чалавек, які трапіў у бяду і якому няма куды падзецца. «Калі ты шчыры беларус, але па-беларуску дрэнна размаўляеш — усё роўна можаш да нас прыехаць», — адзначае жыхарка Валодзькава.

Спадарыня Юлія корміць гасцей разнастайнымі мясцовымі стравамі. Адна з цікавінак — гэта суп з бацвіння.

Некалі за любоў да бацвіння нашых продкаў суседзі нават называлі «бацвіннікамі». Праўда, гасцей з некаторых рэгіёнаў гэта вельмі здзіўляе, бо, як кажуць, бацвінне ў іх даюць толькі на корм жывёле.

Вядоўца праграмы «Вяскоўцы» Віктар Шукеловіч разам са спадарыняй Юліяй прыгатаваў іншую традыцыйную страву — «клёцкі з душамі». Гэты пачастунак некалі вельмі ўразіў гасцей з Расеі, якія выелі толькі мясную «душу», пакінуўшы бульбяную абалонку.

Часам здараюцца парадаксальныя выпадкі, прызнаецца спадарыня Юлія, калі ўлетку да яе прыязджаюць гараджане і просяць: «Вы там занадта нічога не рыхтуйце. Хопіць пальцам пханай кілбасы і квашанай капусты».

Насамрэч у вёсцы кілбасу рыхтуюць толькі ўзімку, калі колюць парсючка. На зіму квасяць таксама і капусту, якая да лета з’ядаецца.

Праграму «Вяскоўцы» глядзіце кожную сераду а 18:35 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), анлайн або ў закладцы «Праграмы» на старонцы тэлеканала. Або сачыце ў Facebook.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031