Знайсці
09.01.2019 / 00:4714РусŁacБел

«Вашынгтон пост»: Захад дорага заплаціць, калі не адрэагуе на планы Пуціна адносна Беларусі

Пра гэта ў амерыканскай ліберальнай газеце напісала адна з самых уплывовых публіцыстак свету Эн Эплбаўм.

Эн Эплбаўм.

У сваім тэксце для The Washington Post Эплбаўм прыгадала, што 10 верасня 2001 года яна апублікавала артыкул пра Беларусь, у якім апісвала, як «Лукашэнка фальсіфікуе выбары, кантралюе СМІ і эканоміку, пераследуе сваіх палітычных апанентаў».

За дваццаць гадоў, паводле журналісткі, у Беларусі нічога прынцыпова не змянілася, але змяняецца, на яе думку, Расея і апетыты Уладзімера Пуціна, якому патрэбныя відовішчныя поспехі, каб адцягнуць увагу ад правалаў расейскай эканомікі.

«Радасць ад акупацыі Крыму мінула, аперацыя ў Сірыі буксуе, а захоп чарговых частак Украіны вымагаў бы ад Расеі вялікага напружання сіл. Можа Пуцін на гэта і пойдзе, але магчыма, што спачатку ён далучыць да Расеі Беларусь».

«Памяркоўнай» формай захопу Беларусі Эплбаўм называе далейшую эканамічную экспансію, а радыкальная форма, на яе думку, гэта стварэнне цалкам новага палітычнага ўтварэння, «якім бы кіраваў адзін прэзідэнт, прозвішча якога пачыналася б на літару П».

«Усе гэтыя дваццаць гадоў Лукашэнка трымаўся ва ўладзе дзякуючы таму, што ён добра разумеў, адкуль дзьме вецер. Калі Расея зробіць яму прапанову, ад якой немагчыма адмовіцца, то ён не будзе супраціўляцца», — прагназуе Эн Эплбаўм.

Журналістка лічыць, што Захад сёння мае меншы ўплыў на Мінск, чым раней, і менш цікавіцца Беларуссю.

«І што яшчэ больш важна, цяперашні прэзідэнт ЗША не толькі адрокся мараў пра адзіную і свабодную Еўропу, ён схільны прымаць пад увагу расейскі пункт гледжання ў большасці істотных спраў».

На думку Эплбаўм, Уладзімер Пуцін можа паспрабаваць аднавіць СССР, развал якога ён калісьці назваў «галоўнай геапалітычнай катастрофай XX стагоддзя».

«За наша бяздзеянне нам давядзецца дорага заплаціць. Гаворка не толькі пра тое, што беларусы могуць быць на парозе страты сваёй незалежнасці, але і пра тое, што Масква можа быць на парозе новага ператварэння ў паўнавартасную сталіцу імперыі, якая падбірае пад сябе многія краіны і кіруе імі», — піша публіцыстка.

Пераказ — радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031