Знайсці
05.01.2019 / 17:349РусŁacБел

У Баранавічах міліцыянт з табельнай зброі застрэліў сабаку

Увечары 3 студзеня ў адным з прыватных двароў на вуліцы Дзекабрыстаў у Баранавічах нічыйны сабака пачаў кідацца на гаспадара дома. Мужчына выклікаў міліцыю — супрацоўнікам міліцыі давялося застрэліць агрэсіўнага сабаку, каб не дапусціць трагедыі, піша «Наш край».

Нічыйны сабака з'явіўся ў прыватным сектары за некалькі дзён да таго, што адбылося.

— Спачатку мы бачылі гэтага сабаку каля брамкі нашых суседзяў. У іх вароты і брамка зачыняюцца на замок, двор абнесены вельмі высокім парканам, так што трапіць унутр сабака не мог. Так і праляжаў некалькі дзён побач, — распавяла Наталля, гаспадыня дома, у якім адбыўся інцыдэнт. — Прыкладна ў абед 2 студзеня мы з мужам убачылі гэтага сабаку ў нашым двары. Праз брамку ён ўвайсці не мог — хутчэй за ўсё, пераскочыў праз паркан.

Па словах Наталлі, спачатку сабака паводзіў сябе больш-менш спакойна, хоць і пачынаў рыкаць і выскаляць зубы кожны раз, калі да яго хтосьці спрабаваў падысці. Муж Наталлі некалькі разоў спрабаваў вывесці жывёліну з двара, але не здолеў: сабака не падпускаў да сябе ні на крок.

Наталля таксама кажа, што тэлефанавала на спецаўтабазу, прасіла прыехаць і забраць сабаку, але ёй адказалі, што служба працуе ў пэўныя дні, а сёння ў яе выхадны.

— Мне сказалі: калі раптам сабака пачне паводзіць сябе вельмі агрэсіўна і будзе кідацца на людзей, тэлефанаваць у міліцыю, — распавядае Наталля.

Увечары 3 студзеня гаспадары дома наогул не маглі выйсці ў двор. Як толькі адчыняліся ўваходныя дзверы, сабака тут жа падбягаў і пачынаў гучна брахаць, скаліць зубы, рыкаць і кідацца ў бок людзей.

— Мужу нічога не заставалася, акрамя як патэлефанаваць у міліцыю. Супрацоўнікі міліцыі застрэлілі сабаку, — распавядае Наталля. — Гэта быў вымушаны захад: калі б не рэальная небяспека, калі б мы не баяліся за сваё жыццё, то самі б пастараліся выправадзіць жывёліну з двара. Мы з мужам любім жывёл: у нас у двары жывуць чатыры каты, двух з якіх мы падабралі на вуліцы і пакінулі ў сябе. Я дагэтуль не магу прыйсці ў сябе пасля таго, што здарылася.

Наталля Смірнова, «Наш край»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031