Знайсці
19.12.2018 / 14:473РусŁacБел

Пяць фактаў пра Уладзіміра Дражына, які вёў канспект пра «бабло і цёлак»

Уладзімір Дражын ужо чатыры гады не займае дзяржаўных пасадаў. І ўжо мала хто памятае пра такога чыноўніка, але нарада ў Аляксандра Лукашэнкі па спорце зноў прабудзіла інтарэс. Аператар АНТ выпадкова паказаў, як Дражын выводзіў у сваім блакноце: «Бабла мала, мерседэсаў няма, цёлкі на задне…» Гэта імгненна стала інтэрнэт-мемам. Усе раней задаваліся пытаннем, што ж запісваюць чыноўнікі на падобных нарадах, а цяпер атрымалі адказ.

«Бабла мала, няма мерседэсаў, цёлкі на задне…» Відэааператар выпадкова зняў, што пішуць чыноўнікі падчас нарады ў Лукашэнкі

Уладзімір Дражын. Фота «Мінск-навіны».

«Наша Ніва» сабрала пяць фактаў пра былога чыноўніка. 

Родам з вёскі, у якой партызаны забівалі мірных жыхароў

Нарадзіўся Уладзімір Дражын у вёсцы Дражна Старадарожскага раёна. У наш час гэтая вёска стала вядомая вельмі многім. Краязнаўца Віктар Хурсік стаў аўтарам кнігі «Кроў і попел Дражна» аб тым, як у гэтай вёсцы ў 1943 годзе партызаны расстрэльвалі і палілі мірнае насельніцтва. Гэта адна з шакуючых гісторый апошняй вайны.

Сам Дражын казаў, што ягонае дзяцінства прыйшлося на перыяд «інтэнсіўнага развіцця вялікай краіны — СССР». «Мяне захапіла тэхніка, і пасля я паступіў на аўтатрактарны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута, скончыў ВНУ па спецыяльнасці «інжынер-механік», — казаў ён у інтэрв’ю старадарожскай раёнцы.

«Мы былі савецкімі людзьмі, з дзяцінства ўвабралі ў сябе словы «Радзіма», «сацыялізм», «патрыятызм», — расказваў Дражын.

Далей Дражын стаў будаваць сабе кар’еру па партыйнай лесвіцы, працаваў у камсамоле, скончыў Вышэйшую партыйную школу.

Як дэпутат галасаваў за незалежнасць

Уладзімір Дражын у 1990—1995 гадоў быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі ад Нясвіжа. У той самы час дэпутатам ад Шклова быў Аляксандр Лукашэнка. Тагачасны калега Дражына Сяргей Навумчык згадвае: «У часы дэпутацтва ён вызначаўся з агульнай масы так званых наменклатурных дэпутатаў і належаў, як падавалася, да больш прагрэсіўнай, маладой генерацыі кіраўнікоў. Ва ўсякім разе ён быў здольны чуць апанента і прымаць яго аргументы. Самае галоўнае, як па мне, што 25 жніўня 1991 года Дражын на ўсіх этапах абвяшчэння незалежнасці галасаваў, як і мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, — «за».

Іншы дэпутат Вярхоўнага Савета Лявон Баршчэўскі згадваў, што Дражын вылучаўся з масы наменклатурных работнікаў толькі тым, што вольна пераходзіў на беларускую мову. «З гэтым праблем у яго не было, — кажа Баршчэўскі. — У астатнім гэта быў тыповы чыноўнік таго часу, які выконваў загады».

Аднаўляў ратушу ў Нясвіжы

Былы старшыня ТБМ Алег Трусаў кажа, што шмат кантактаваў з Уладзімірам Дражыным, калі той быў старшынёй Нясвіжскага райвынкама (1990 — 1998). «Гэта адзін з найбольш дасведчаных нашых чыноўнікаў, які цудоўна ведае нашу мову, гісторыю, культуру. Вельмі адукаваны чалавек. Ён шмат дапамагаў Беларускаму фонду культуры», — кажа Трусаў.

Па ягоных словах таксама, Дражын абсалютна вольна гаворыць па-беларуску. «Ён шмат дапамог Беларусі. Напрыклад, мы разам змагаліся, каб Нясвіжскаму замку надалі статус «музея-запаведніка». Менавіта пры Дражыну пачалася рэстаўрацыя славутай Нясвіжскай ратушы. Нічога кепскага я пра яго сказаць не магу», — кажа Трусаў.

Адметна, што ўжо будучы віцэ-прэм’ерам Дражын узначальваў спецыяльную ўрадавую камісію, якая займалася наступствамі пажару ў Нясвіжскім замку.

Закрыў Ліцэй, распрацоўваў сучасны гімн

Пасля выбараў 2001 года Уладзімір Дражын быў прызначаны віцэ-прэм’ерам, які курыраваў сацыяльныя пытанні, — гэта найвышэйшая ягоная прыступка ў кар’ернай лесвіцы. Адметна, што ў гэты час адбылося закрыццё беларускамоўнага ліцэя імя Якуба Коласа.

Завуч коласаўскага ліцэя Лявон Баршчэўскі кажа, што рашэнні з боку ўраду візіраваў Дражын. «Калі мы прыходзілі да Праляскоўскага [адказваў за ідэалогію ў Адміністрацыі прэзідэнта — «НН»], то ён разводзіў рукі і казаў, што Адміністрацыя згодная з рашэннем Саўміна, а ў Саўміне за гэта адказваў менавіта Дражын».

А вось Алег Трусаў у гэтым не ўпэўнены. «Здаецца, гэта ўсё прымалася на ўзроўні Міністэрства адукацыі. Хітры Пятро Брыгадзін адмовіўся падпісваць загад аб аптымізацыі Ліцэя, яго, магчыма, потым за гэта і звольнілі, а падпісаў ягоны намеснік Жук, які цяпер працуе рэктарам у БДПУ. Сумняюся, што Дражын падпісваў», — расказвае Трусаў.

У час працы Дражына прымаўся гімн Беларусі, і менавіта віцэ-прэм’еру было паручана ўзначаліць адмысловую камісію па выбары кампазіцыі.

«Камісія вывучыла меркаванні, і зразумела, што насельніцтва краіны хоча чуць музыку мінулага гімна, а словы патрабавалі дапрацоўкі. Многія паэты прапаноўвалі свае варыянты. Камісія прыняла рашэнне, што найбольш адпаведнымі былі словы паэта Уладзіміра Карызны», — расказваў ён.

Шматгадовы пасол у Літве

Апошнім месцам працы Уладзіміра Дражына была дыпламатычная місія ў Літве. Там ён прабыў цэлых восем гадоў. Дражын быў адным з тых, хто арганізоўваў візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Вільню ў 2009 і Далі Грыбаўскайце ў Мінск — у 2010. Дастаткова актыўна развіваліся бізнэс-кантакты між нашымі краінамі, хаця палітычныя адносіны не заўсёды былі бясхмарнымі.

Сам Дражын называў Літву «цудоўнай» краінай. І казаў аб тым, што абедзвюм краінам неабходна прыцягваць турыстаў з дапамогай супольнай спадчыны Вялікага Княства Літоўскага.

Апошнія гады Дражын узначальвае федэрацыю зусім яшчэ экзатычнага для нашай краіны віда спорту гольфа. Менавіта таму яго і запрасілі на тую нараду да Лукашэнкі.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031