Знайсці
23.06.2018 / 00:5443РусŁacБел

Дашкевіча затрымалі за пікетаванне «рэстарана на касцях» + ВІДЭА шыкоўных дыялогаў Дашкевіча і старшыні сельсавета

Як паведаміў «Нашай Ніве» жыхар Мінска Юльян Місюкевіч, толькі што быў затрыманы прадпрымальнік Зміцер Дашкевіч. Яго даставілі ў аддзяленне міліцыі Бараўлян (Мінскі раён) і абвінавацілі ў незаконным пікетаванні (арт. 23.34 Адміністратыўнага кодэкса) забаўляльнага цэнтра «Паедзем паядзім», які праціўнікі яго размяшчэння называюць «рэстаранам на касцях».

Раней быў затрыманы жыхар Ваўкавыска Валерый Жабрак, які вёз з Курапат расцяжку з надпісам «Курапаты — дарога смерці». Дашкевіч з сябрамі паехаў высветліць лёс Жабрака, і тады затрымалі ўжо і яго.

Зміцер Дашкевіч з сябрамі пікетаваў рэстаран «Паедзем паядзім» усю другую палову дня пятніцы 22 чэрвеня. Ён вёў з месца падзей жывыя відэарэпартажы. Вось відэа палемікі з прысланым на абарону рэстарана старшынём сельсавета:

А вось іншыя відэа з месца падзей, поўныя гумару:

А гэта стрым Стася Карпава:

Міліцыя пратэстоўцаў супраць забаўляльнага цэнтра не разганяе, але спрабуе выдушыць з пляцоўкі штрафамі.

Сярод людзей, на якіх склалі пратаколы, палітык Павел Севярынец (11 пратаколаў), жыхар Лагойска Дзяніс Урбановіч (7 пратаколаў), жыхарка Мінска Наталля Гарачка (6 пратаколаў). Іншыя «запратакаляваныя» — палітыкі Алесь Лагвінец, Аляксей Янукевіч, Рыгор Кастусёў, жыхар Вілейкі Аляксей Сюдак, жыхары Мінска Юрась Чавусаў, Алесь Таўстыка, Леанід Кулакоў, Валер Рабцаў, Дзяніс Краўчук, Мая Навумава, Кацярына Андрэева, Сяргей Анянкоў, Алег Корбан, Анатоль Мірашнічэнка, Зміцер Казакевіч, Віталь Паўлаў, Алесь Туровіч, Яўген Батура, Дзяніс Садоўскі, Вольга Нікалайчык ды іншыя. Усе гэтыя захады фіксуюць праваабаронцы-вясноўцы.

Пратаколы складаліся па артыкулах 17.1 (дробнае хуліганства), 23.4 (непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы), 18.34 КаАП (знаходжанне на праезнай частцы), 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) ды іншых.

Зямлю пад забаўляльны цэнтр ля МКАДа каля месца масавых расстрэлаў грамадзян у 1937—1941 гадах Мінскі райвыканкам выдзеліў у канцы 2000-х. У 2012 намеснік генпракурора рэкамендаваў уладам Мінскага раёна і вобласці спыніць будаўніцтва і ўказваў на парушэнні пры выдзяленні зямлі, але кіраўнікі Мінскай вобласці праігнаравалі гэты зварот. Наадварот, пры міністру Святлове Міністэрства культуры зацвердзіла такія межы ахоўных зон вакол Курапат, пры якіх рэстаран мог заставацца стаяць.

Збудаваны рэстаран назвалі спачатку «Бульбаш-холам», але ў выніку грамадскіх пратэстаў так і не адкрылі, ён прастаяў 4 гады пустым. Новая спроба адкрыць яго адбылася гэтым летам. Праціўнікі гэтага дзяжураць на пляцоўцы каля забаўляльнага цэнтра, інфармуюць людзей пра Курапаты і блакуюць браму комплексу. Яны таксама спрабавалі крыжамі заблакаваць палявы пад'езд да месца забаў. 

У Курапацкім лесе у брацкіх магілах ляжаць парэшткі дзясяткаў тысяч людзей, расстраляных саветамі.

Людзі патрабуюць перанесці ці перапрафіляваць будынкі «Паедзем паядзім». З асуджэннем адкрыцця рэстарана выступілі шматлікія інтэлектуалы і грамадская дзеячы — ад Святланы Алексіевіч да Мікалая Чаргінца і Вячаслава Кебіча. З імі салідарызаваліся бізнэсоўцы Юрый Зісер і Віктар Пракапеня. Аднак улады пакуль не зрабілі ніякіх крокаў па праверцы законнасці выдзяленні пляцу пад забудову.

Чытайце таксама:

«Квоты перавыкананы»: кашмарныя архіўныя дакументы пра 1937 год у Беларусі

Гаспадар скандальнага рэстарана ў Курапатах — 54-гадовы бізнэсмен Леанід Зайдэс

Скандал у Курапатах: колішняя тэлевядучая БТ і яе муж-бізнэсмен наехалі на аўто на двух пікетоўцаў

Пракуратура патрабавала ад Батуры спыніць будаўніцтва «Бульбаш-хола», але той не спыніў

Зміцер Дашкевіч: Нам трэба крытычна ацаніць свае сілы ў супрацьстаянні з бульбашжорам

Сяргей Гезгала; фота Яўгена Стрэльскага з фэйсбука

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031