Даслаць навіну
Знайсці
12.04.2018 / 09:16 47

У Рэчыцы доктарак пакаралі «хатняй хіміяй» за смерць мужчыны пасля ангіны

Павялічыць выяву

Анатоль Кавалевіч з дачкой

40-гадовы жыхар Рэчыцы Анатоль Кавалевіч памёр у маі 2016 году ў шпіталі пасьля таго, як трапіў туды з ангінай. Удава мусіла два гады даводзіць: у сьмерці Анатоля вінаватыя лекары, а не трагічная выпадковасьць, як сьцьвярджалі мэдыкі ды іхнае начальства, піша Радыё Свабода.

11 красавіка суд Рэчыцкага раёну вынес абвінаваўчы прысуд у крымінальнай справе. Маладыя лекары — кардыёляг Тацяна Краўчанка і тэрапэўт Кацярына Шабетнік — прызнаныя вінаватымі паводле часткі 2 артыкула 162 Крымінальнага кодэксу ў неналежным выкананьні прафэсійных абавязкаў мэдыцынскім работнікам, якое мела вынікам зь неасьцярожнасьці сьмерць пацыента.

Кожную пакаралі абмежаваньнем волі на тры гады без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу. На пяць гадоў ім забаронена займацца дзейнасьцю, зьвязанаю з мэдыцынай. Зь лекарак спагналі 60 тысяч рублёў маральнай шкоды на карысьць пацярпелай Ганны Кавалевіч. Жанчына адна гадуе траіх непаўналетніх дзяцей.

Скардзіўся на боль у горле, прасіў дапамогі, лекары ігнаравалі

Жыхар Рэчыцы захварэў 20 траўня 2016 году. Ён раней меў праблемы з горлам, прайшоў праз апэрацыю, таму неадкладна зьвярнуўся ў паліклініку. Адтуль з дыягназам «фалікулярная ангіна» Анатоля шпіталізавалі ў інфэкцыйнае аддзяленьне раённай больніцы.

Пацыенту было блага, ён скардзіўся мэдыкам на невыносны боль у горле, на адчуваньне, што «там нешта захрасла». Дзяжурная лекарка агледзела хворага, але «нічога такога» не знайшла. Хворы зьвяртаўся на пост да мэдсястры, сам хадзіў шукаць мэдыкаў у прыёмны пакой, прасіў выклікаць вузкага спэцыяліста — оталярынголяга ці хірурга.

Оталярынголяг не прыйшоў, затое да хворага зь невядомай мэтай выклікалі псыхіятра. Тым часам у жыхара Рэчыцы пачаліся ўскладненьні танзыліту, затым стэноз — звужэньне гартані. Ён памёр ад лёгачна-сардэчнай недастатковасьці.

Павялічыць выяву

Адвакатка лекарак (на першым пляне), падсудныя Тацяна Краўчанка і Кацярына Шабетнік (у дзьвярах)

Шпіталь правяралі пракуратура, Сьледчы камітэт, рэгіянальнае ўпраўленьне аховы здароўя. Апошнія не знайшлі парушэньняў у дзеяньнях лекараў. СК тройчы ўзнаўляў і спыняў крымінальную справу «праз адсутнасьць складу злачынства».

Вынікі праверкі Міністэрства аховы здароўя сталі нечаканымі: пры аказаньні мэдычнай дапамогі Кавалевічу былі выяўленыя недахопы, лекары няправільна ацанілі цяжкасьць стану пацыента, не прызначылі агляд лекарам-оталярынголягам, бракавала належнага дынамічнага назіраньня за хворым.

У канцы 2017 году была ўзбуджана крымінальная справа, якая дайшла да суду.

Дактары віну не прызналі. Больніца прасіла не задавальняць позву

На паседжаньні 11 красавіка выступіў грамадзянскі пазваны ў справе — Рэчыцкая раённая больніца. Прадстаўніца мэдычнай установы лічыла патрабаваньні пацярпелай кампэнсаваць маральную шкоду неабгрунтаванымі. Сваю пазыцыю мэдыкі патлумачылі тым, што паміж сьмерцю Кавалевіча і недастатковай ці няправільнай мэдычнай дапамогай няма прычынна-выніковай сувязі.

«Грубых парушэньняў у арганізацыі мэдычнай дапамогі і лячэньні не ўстаноўлена. Заяўнік неправамоцна называе дзеяньні мэдыкаў злачыннымі», — выказалася прадстаўніца шпіталю.

Яна прасіла суд улічыць, што раённая больніца — бюджэтная арганізацыя, якая атрымлівае грошы ад дзяржавы на заробкі, камунальныя платы, паліва і так далей, і папрасіла адмовіць у задавальненьні позвы.

Павялічыць выяву

Тэрапэўт Кацярына Шабетнік (на першым пляне) і прадстаўніца Рэчыцкай раённай бальніцы

Абвінавачаныя дактары — кардыёляг і тэрапэўт, якія дзяжурылі 21—22 траўня 2016 году, не прызналі сябе вінаватымі. Яны адзначылі, што пацыент ня меў відавочных прыкметаў стэнозу, скаргі на боль у горле характэрныя пры такіх захворваньнях, як ангіна (ці танзыліт), неабходную дапамогу яму надалі. Стэноз, паводле іх, можа разьвівацца даволі хутка, а пацыент меў нізкі імунны статус.

Адвакаты лекараў зазначалі ў спрэчках, што «дактары не багі», «падабаронная не магла прадугледзець сьмерць», «падабаронная не магла пярэчыць дыягназу, які паставіў у паліклініцы оталярынголяг».

На скаргі «лекары адказалі, што сёньня выходны»

Прадстаўнік абвінавачаньня Мікалай Беларусаў лічыць, што суд даказаў віну лекараў. І Тацьцяна Краўчанка (кардыёляг), і Кацярына Шабетнік (тэрапэўт) аглядалі падчас свайго дзяжурства пацыента, але «нічога такога» не заўважылі.

Пракурор нагадаў, што службовая інструкцыя давала дактарам у дзень дзяжурства права склікаць кансыліюм ці запрасіць на агляд вузкага спэцыяліста — оталярынголяга. Але яны гэтага не зрабілі, нягледзячы на шматразовыя скаргі Кавалевіча на цяжкае дыханьне.

«Лекары не ажыцьцявілі дынамічнага назіраньня, не далі праўдзівай ацэнкі цяжкасьці стану, не далучылі да агляду оталярынголяга, не прынялі захадаў для вызначэньня правільнага дыягназу. Гэта мела вынікам нясвоечасовую дыягностыку, ускладненьні, стэноз, далей — вострую дыхальную недастатковасьць і сьмерць», — адзначыў Мікалай Беларусаў.

Ён нагадаў, спасылаючыся на матэрыялы справы і паказаньні сьведкаў, што Кавалевіч прасіў выклікаць оталярынголяга ці хірурга, а яму адказалі, што сёньня — выходны.

Пракурор дадаў, што паміж сьмерцю чалавека і недастатковай ці няправільнай мэдыцынскай дапамогай ёсьць апасродкаваная сувязь.

«Яна дае прычыны гаварыць, што ў мэдыкаў была магчымасьць аказаць дапамогу, выратаваць жыцьцё чалавека. З боку Краўчанкі і Шабетнік не было праяўлена ніякай ініцыятывы. Усе агляды праводзіліся толькі на просьбу пацыента», — падкрэсьліў Белавусаў.

Ён спыніўся на такім моманце: оталярынголяга дзяжурныя лекары ня выклікалі, але псыхіятра паглядзець пацыента запрасілі.

«Цяжкасьць стану Кавалевіча была ацэненая няправільна. Выклік псыхіятра ў цэлым сьведчыць аб стаўленьні лекара да стану хворага. Ён паводзіў сябе неспакойна, але дзеяньні лекараў былі накіраваныя не на лячэньне ці высьвятленьне прычынаў такога яго стану», — лічыць пракурор.

Але і псыхіятар не агледзеў хворага — на момант яго прыходу Анатоль ужо страціў прытомнасьць, яго пачыналі рэанімаваць.

Пракурор прасіў суд прызнаць мэдыкаў вінаватымі і пакараць абмежаваньнем волі на 4 гады, пазбавіць права займацца мэдыцынай на 5 гадоў, даць штраф па 50 базавых.

«Калі сьмерць чалавека — ня грубыя парушэньні, то што тады грубыя?»

Адвакат пацярпелай Павал Шамко зьвярнуў увагу на словы мэдыкаў, што праверка міністэрства і экспэртыза ня выявіла грубых парушэньняў ў іхных дзеяньнях.

«Калі сьмерць — ня грубае парушэньне, то што тады грубае? Лекары сьцьвярджаюць, што не было сумневаў у дыягназе — танзыліт. Але калі яны выклікалі псыхіятра, значыць, мелі нейкія сумневы?» — паставіў пытаньні абаронца.

Ён заявіў: мэдыкі маглі зрабіць захады, прычым нескладаныя, каб чалавек застаўся жыць. Але не зрабілі гэтага. Пацярпелая засталася адна з непаўналетнімі дзецьмі, яна адчувае цяжкія пакуты ад страты блізкага чалавека.

Павялічыць выяву

Ганна Кавалевіч і яе адвакат Павел Шамко

«Мэдыкі нават не папрасілі прабачэньня»

Ганна Кавалевіч задаволеная рашэньнем суду. Яна кажа, што ў Беларусі вельмі цяжка прыцягнуць да адказнасьці мэдыкаў.

Калі памёр муж, жанчына знайшла іншых жыхароў Рэчыцы, якія страцілі сваіх блізкіх у шпіталі. Разам яны зьбіралі подпісы, «шукалі ўправы» на мэдыкаў. Але пакуль да суду справа дайшла толькі ў Ганны Кавалевіч.

«Многія пасьля такога проста ня хочуць зьвязвацца, бо гэта вельмі цяжка маральна, псыхічна. Вы не ўяўляеце, які кавалак здароўя аднялі ўсе скаргі, разборы, суды ў мяне і маёй сям’і. Але я хачу сказаць людзям — пішыце ўва ўсе інстанцыі, стукайце ўва ўсе дзьверы — і недзе вам адчыняць», — параіла жанчына.

Радыё Свабода

1
test user / адказаць
13.04.2018 / 13:54
Прачытае гэта які-небудзь доктар або медсястра, працуючы на 1.5 - 2 стаўкі за 600-700 р, і падумае: пайшло яно ўсе к чорту! І заява аб звальненні назаўтра на стале ў галоўнага урача.
0
Хельге / адказаць
13.04.2018 / 18:23
Кун, не. Клятва гиппопотама. А клятву Гиппократа прочти сам, наконец. Гугл в помощь.
0
Хельге / адказаць
13.04.2018 / 18:25
анна, тунца лососем зроби.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2017 2018 2019
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31