Знайсці
08.03.2024 / 20:066РусŁacБел

«Арганіст». Як Адольф Клімовіч сем гадоў хаваўся пад носам у савецкіх спецслужбаў

Чым больш ты ўскладняеш задачы тых, хто цябе пераследуюць, чым менш ты ім гаворыш, тым больш шанцаў у цябе і ў тваіх сяброў выжыць. Клімовіча расстралялі б, але праз пяць дзён пасля вынясення прысуду памёр Сталін. Расстрэл замянілі на 25 гадоў лагераў. Клі­мо­віча ўратавала тое, што ён так доўга хаваўся.

Пра складаныя дачыненні лі­да­ра Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, выдаўца, журналіста Адоль­фа Клімовіча з савецкімі спец­служ­бамі перад вайной мы пі­са­лі ў артыкуле «Завербаваць Клімовіча. Каб сачыць за ім — завербаваць Грабінскага. Каб сачыць за Грабінскім — завербаваць Сергіевіча»: як НКВД хацеў паставіць заходнебеларускую інтэлігенцыю на калені».

Вярбоўка ў 1941 скончылася ні­чым: пачалася вайна. У час нямец­кай акупацыі Клімовіч пра­ца­ваў у грамадска­-дабрачыннай ар­га­ні­зацыі «Беларуская народная сама­помач» у Лідзе. Вядома, што ён да­біў­ся вызвалення з гестапа паэта-­камуніста Валянціна Таўлая. Пасля вайны ён знік, і «органы» шукалі яго як «агента нямецкай разведкі».

Студэнцкае пасведчанне Адольфа Клімовіча. З матэрыялаў справы.

Рэч у тым, што некалькі хлопцаў-­беларусаў з Ліды адправіліся ваяваць з бальшавікамі на баку нем­цаў, немцы іх адправілі ў разведшколу Дальвіц. Гэтага было дастаткова, каб Клімовіча, як беларускага актывіста, западозрылі ў вярбоўцы агентаў для немцаў.

Падставай для пачатку гэтай спра­вы, адшуканай у Асобым архіве Літвы, стала агентурнае паведамленне, якое паступіла 25 красавіка 1945 года ў аддзел контрвыведкі СМЕРШ Заходняга фронту. 

Агент Мечыслаў паведамляў:

«…у Вільні па вуліцы Антокальскай № 35 пражывае сямейства Клімовіча, якое складаецца з яго жонкі, па імені Вераніка, або Вера, двух дзяцей і нейкай сваячкі. У той жа кватэры пражывае кватарантка Вішнеўская са сваёй дачкой… Крыніцы вядома, што сам Клі­мовіч … з'яўляўся выбітным бе­ла­рускім нацыяналістам …

2—3 дні таму кватэру крыніцы наведала Вішнеўская, якая паведаміла, што Клімовіч працуе дзесьці ў Літоўскай ССР арганістам у адным з літоўскіх касцёлаў. Часам прыязджае ў Вільню і ў начны час, калі спяць яго дзеці, заходзіць на кватэру да сваёй жонкі, а раніцай з кватэры сыходзіць і кудысьці з'язджае.

Апошні раз Клімовіч кватэру жон­кі наведаў месяц таму».

Агенту Мечыславу адразу ж было дадзена заданне: праз Вішнеўскую­ высветліць, дзе жыве Клімовіч. Адначасова былі акты­ві­за­ваныя і іншыя агенты.

Агенты­-суседзі

Агент па мянушцы Мар'ян, на­пры­клад, жыў у суседняй з Клімовічамі кватэры. У чэрвені ў акружэнне жонкі Клімовіча быў уве­дзены новы інфарматар, жанчына з агентурным псеўданімам Са­ка­лоў: «…У крыніцы з Клімовіч Веранікай узнікаюць добрыя ўзае­ма­ад­носіны, а менавіта: Клімовіч прапанавала крыніцы з'ездзіць з ёй у вёску да яе родных па прадукты. На просьбу крыніцы пазнаёміцца з добра знаёмымі аб'екту жыхарамі Вільні, каб бавіць разам вольны час, — Клімовіч абяцала выка­наць гэта…». Крыніца некалькі разоў спрабавала перавесці размову на тэму мужа, але Вераніка казала, што не хоча пра яго гаварыць.

«Сакалову» ўдалося даведацца, што маці Адольфа жыве ў Свянцянах. Аднак крыніца Мар'ян называла іншы адрас — хутар Бастуны ў ра­ё­не станцыі Беняконі і нават меркавала, што Клімовіч хаваецца ў маці.

Цікава, што спецслужбы не мелі нават апісання знешнасці Клімові­ча. І Сакалову, і Мар'яну было дадзена заданне здабыць яго фота.

На 1946—1947 гады быў скла­дзе­ны падрабязны план дзеянняў «па вышуку кіраўніка «Беларускага нацыяналістычнага (так у да­ку­ментах) камітэта», старшыні ЦК «Беларускага цэнтра ў Літве» і стар­шы­ні ЦК нацыяналістычнай бе­ла­рускай партыі «Беларуская ся­лян­ская (так у дакументах: «кре­стьян­ская» замест «хрістіанская») дэ­ма­кратыя»… Клімовіча Адольфа Юсцінавіча».

План прадугледжваў:

— атрымаць поўныя звесткі на жонку Клімовіча і сваякоў, якія жы­вуць з ёй, і асяроддзе па кватэры;

— высветліць іх блізкія сувязі па Вільні. Усе роднасныя і іншыя су­вязі Клімовіч праверыць паводле аператыўных улікаў (г.зн. выявіць агентаў у яе атачэнні і прыцягнуць да «працы»);

— з блізкіх сувязяў Клімовіча і яго жонкі падабраць, а затым праве­сці шэраг вярбовак;

— увесці «ПК» на перапіску жонкі Клімовіча і ўсіх яго блізкіх сваякоў.

ПК — гэта «перлюстрацыя ка­рэс­пан­дэнцыі». ПК была ўведзе­ная і за ўсёй магчымай агульнасаюзнай перапіскай Адольфа Клімовіча — любы ліст, дасланы ім з любой част­кі СССР, трапіў бы да чэ­кі­стаў. У аддзел «В» МГБ ЛССР сця­ка­лі­ся копіі лістоў ад усіх цёзак Клі­мо­ві­ча. Правяралася і перапіска сясцёр Веры. Але вынікаў гэта не дало.

Адпрацоўка кантактаў у Беларусі

Паралельна пошукі Клімовіча ішлі і ў Беларусі. Справа на «агента нямецкай выведкі» Адоль­фа Клімовіча была заведзе­ная ў чэр­вені 1945 года АКР СМЕРШ Гро­дзенскага гарнізона. Апытваліся (і вербаваліся для вышуку Клімовіча, як Вера Бушліна) гас­па­дары дамоў у Лідзе, дзе ён жыў у час вайны, калегі па працы ў «Беларускай самапомачы». Усе да­пы­таныя, з тых, хто за­ста­ваў­ся на волі, давалі падпіску аб не­раз­га­лош­ванні.

У Лідзе працавалі і іншыя ін­фар­ма­тары: Маліш (куратар — маёр МГБ Траццяк) і Рыжэнка (куратар — капітан Гаўрылін). Апо­шні быў спецыяльна завербаваны і накіраваны ў Ліду, таму што добра ведаў у твар Клімовіча. Дзякуючы Рыжэнку, чэкістам удалося выйсці на яшчэ аднаго знаёмага Клімовіча — Мікалая Барысевіча, які ў вайну жыў у Лідзе. Яго за­вер­ба­валі пад псеўданімам Марак.

Новы агент апісаў выгляд Клі­мо­віча: «Сярэдняга росту, валасы сівыя, меў вусы, з выгляду Клі­мо­віч меў вялікае падабенства з Гіт­ле­рам …». Таксама ён адзначыў, што «Клі­мовіч кожны тыдзень на 2—3 дні выязджаў у Вільню для наведвання ўніверсітэта, дзе ён нібыта выкладаў аграномію». 

«Размаўлялі па-­беларуску і вучылі гэтаму дзяцей»

У Вільні ж працягвалася сачэнне за жонкай. Агенты адзначалі, што Вераніка паводзіць сябе замкнёна, размоў пра мужа пазбягае.

Мар'ян выкарыстоўваў любую магчымасць, спрабаваў разгаварыць, на­ват калі Вераніка заходзіла да яго пазычыць мясасечку, але марна. Клімовіч не пускала яго ў сваю ква­тэ­ру, і ён выкарыстоўваўся, па кла­сі­фі­кацыі саміх чэкістаў, як «агент-­вартавы». Мар’ян у сваіх справаздачах складаў пагадзінны графік: хто да Веры ўваходзіў, хто выходзіў, калі, колькі прабыў…

28 лютага 1947 оперупаў­на­ва­жаны СМЕРШ малодшы лей­тэ­нант Гінько дапытаў суседа Клімовіч, Вацлава Пляваку. Ці­ка­ва, што з жыхароў свайго дома ён ведаў толькі траіх: Клі­мо­віч, Валоўскую (пазней, як і Плявака, выехала ў Польшчу) і га­дзін­ні­ка­вага майстра Кукеля. Астатнія былі нядаўнімі прыезджымі.

Плявака пералічыў усіх вядомых яму сваякоў Клімовіч, сярод якіх на­зваў Яна Шутовіча, беларускага грамадскага і культурнага дзеяча, брата Веры Клімовіч. Шутовіч на той момант знаходзіўся ў турме ў Мінску, ён вернецца з лагера толькі ў 1956 годзе. А яго жонка, літоўская паэтка Яна Міцюце, жыла недалёка, на гэтай жа вуліцы ў доме 30.

Плявака адзначаў, што Клімовічы былі нацыяналістамі­-беларусамі і паміж сабой раз­маў­лялі толькі на беларускай мове і ву­чылі гэтаму сваіх дзяцей.

Летам 1947 года Адольфа Клі­мо­віча падалі ў агульнасаюзны вышук.

Сачэнне ўсіх за ўсімі

Агент Сакалоў часам выяўляла чыста жаночую інтуіцыю, што дазваляла ёй нават дэшыфраваць калег па нябачным фронце — напрыклад, суседку Клімовіч Баранаву:

«…У кватэры № 7 гэтага ж дома пражывае Баранава Кацярына, гадоў 35, Баранава ў блізкіх адносінах з сястрой Клімовіч… Баранава характарызуецца як вульгарная, грубая і разгульная жанчына, якая паводзіць сябе непрыстойна, мае вялікія сувязі сярод вайскоўцаў. Клімовіч вельмі не падабаецца сяброўства сястры з Баранавай…

…Баранава таксама мае сувязь з органамі контрвыведкі або МГБ …яна неаднаразова казала, што прызначыла спатканне і трэба пайсці выканаць заданне».

Чэкісты высветлілі, што Каця­рына Баранава (1913 г.н., нар. у Ле­нін­градскай вобл., працавала інспектарам у Ленінскім райвы­кан­каме Вільні) «знаходзіцца ў скла­дзе агентурнай сеткі …працуе па выяўленні членаў польскіх падпольных арганізацый». Чэкісты да­мо­віліся аб выкарыстанні яе і для працы па Клімовічу.

Але з часам Вера Клімовіч стра­ці­ла давер да «Сакалова». Асабліва яе па­дазрэнні выраслі пасля выклі­ку ў міліцыю нібыта для допыту па пытанні спекуляцыі. Падобна, след­чы ў гутарцы спасылаўся на звест­кі, якія былі вядомыя ад самой Клімовіч толькі Сакалову…

І 18 верасня 1947 у асяроддзі Веры Клімовіч з'явілася агент Рама­нава. Яна была знаёмая з Ве­ра­ні­кай ад 1946 года і «пражывае ў адным доме і ў сумежнай кватэры з Клі­мовіч, працуе, як і Клімовіч, краў­чыхай дома». Суседка дала та­кую характарыстыку Клімовіч: «Жыве вельмі добра, кватэра абстаўленая першакласнай мэбляй, мае вялікую бібліятэку разнастайных кніг, сама шмат чытае, даволі пісьменная і развітая жанчына». Зблі­зіцца ёй удалося пад легендай набыцця ў Веранікі казы. Агенту ўдалося даведацца, што ў Клімовіч ёсць цётка, якая часта прыязджае ў госці.

Раманава па заданні старшага ўпаў­на­важанага капітана Елі­се­ева павінна была паказаць яму на вуліцы цётку Веранікі, каб той прасачыў за ёй і арыштаваў нібыта за спекуляцыю, а потым дапытаў.

Акрамя таго, Раманава павінна была напрасіцца паехаць разам з Клімовіч да яе свякрухі, маці Адольфа, у вёску нібыта па танныя прадукты. Але Вераніка адмовіла ёй. Тады Раманавай прапанавалі больш не пытацца пра мужа, а зблі­жац­ца паступова — напрыклад, пра­па­наваць з'ездзіць з дзецьмі ў лес. А таксама пры выпадку па­спра­баваць высветліць у дзяцей, дзе іх тата. На 8 сакавіка Раманавай па­рэкамендавалі запрасіць сястру Клімовіч, Маргарыту Шутовіч, да сябе ў госці, пасядзець, выпіць…

Каб зарабіць, Вера Клімовіч здавала пакой прыезджым. Усе яны станавіліся аб'ектамі ўвагі чэкістаў. У гэты час на кватэры ў Клімовіч жылі начальнік прадзабеспячэння лагера ваеннапалонных з жонкай — медсястрой гарнізоннага шпіталя Кацярынай Свяценка, якую таксама намецілі да вярбоўкі.

Між тым час ішоў, а Клімовіч не знаходзіўся. Не было толку ад шматлікіх агентаў, яны толь­кі фіксавалі падазроныя па­во­дзі­ны самой Веранікі і… іншых ін­фар­матараў. Бо ніхто з іх не ведаў пра таемнае жыццё іншых: яны толькі заўважалі, што нехта задае шмат пытанняў, нехта нешта вынюхвае, а хтосьці наогул кудысьці ходзіць ноччу… Напрыклад, агент Раманава адзначала ў справаздачах падазроныя паводзіны суседа Кукеля, які, найхутчэй, і быў агентам Мар'янам.

З 3 лютага 1950 года опер­упаў­на­важаны МГБ старшы лейтэнант Міціна прапанавала ўсталяваць за Веранікай вонкавае назіранне. Сачылі аж чатыры супрацоўнікі, складаючы амаль штохвілінна звод­­кі. Гэта, нягледзячы на высілкі, так­­сама было марна. 

Жук, Ліра і Сяроў

Не пакідалі без увагі і маці Клі­мовіча. У красавіку 1950 года ў Свір­скім раённым аддзяленні МГБ Ма­ла­дзечанскай вобласці БССР оперупаўнаважаны лейтэнант Баг­да­наў прыняў агентурнае данясенне ад агента Сярова. Інфарматар з вёскі Казанаўшчына Клюшчанскага сельсавета Свір­скага раёна ведаў Адольфа з дзяцін­ства і вёў са­чэнне за яго маці Пе­тру­нэ­ляй Астроўскай.

За маці, апроч Сярова, сачылі яшчэ ажно пяць мясцовых агентаў: Жук, Ліра, Пятровіч, Вера і Салавей.

Але толькі апошні меў з ёй блізкі кан­такт. Салавей быў агентам яшчэ з даваенных часоў, і МГБ не прамінула магчымасці нагадаць яму аб супрацоўніцтве. Тым больш, што ён жыў па сусед­стве з Астроў­скай. Мы можам на­зваць гэтага агента: Хадорскі Ка­зі­мір Фран­цавіч, 1912 г.н., ура­джэ­нец в. Ка­за­наўшчына, беларус, зай­маўся сельскай гаспадаркай.

Для пераправеркі яго звестак і быў завербаваны новы агент Сяроў — яго аднавясковец Брысь Ізы­дар Францавіч, 1900 г.н. Яму было даручана нібыта дзеля помачы па гаспадарцы састарэлай адзі­но­кай маці Клімовіча наведваць яе, а ў гу­тарцы высветліць, пры якім касцёле жыве сын. Пра тое, што касцёл, дзе Адольф працуе арганістам, знаходзіцца недалёка ад Вільні, даведалася Вера ад жыхара той жа вёскі Аляксандра Клімовіча. Веры, Сярову і Салаўю было загадана ўвайсці з ім у кантакт і даведацца, адкуль яму гэта вядома…

«Гэта не мой тата, а Паўліка»

Беларускія чэкісты не адставалі ад літоўскіх калег у кіпучай дзей­на­сці. Для пошуку Клімовіча яны выкарыстоўвалі агентаў: Сі­га­ры­на, Груненка, Шумава, Пятро­ва, Старога… Шукалі лю­дзей, якім «кліентка» магла б цалкам да­вя­раць. Так, 3 красавіка 1951 го­да начальнік Лідскага МГБ пад­пал­коў­нік Хахлоў дзяліўся з літоў­скімі таварышамі сваімі по­спе­ха­мі. Яны «адправілі па маршру­це» агента Навіцкую — спачатку да маці Адольфа, а потым у Вільню да жонкі. Гэтым агентам была за­вер­баваная жонка Лаўскага, Клі­мо­ві­чавага таварыша яшчэ па вучобе ў Празе, — Надзея Сцяпанаўна. Яна пад выглядам неабходнасці наведаць сваю цётку Ганну Жданаву, якая жыве ў Літве, прыехала ў Вільню і прыйшла да Клімовіч.

Навіцкая свежым вокам заў­ва­жы­ла шмат цікавых падрабязнасцяў: «… Клімовіч Вера са сваёй сям'ёй займае казённую кватэру, якая складаецца з двух пакояў і кухні. У пакоях ёсць ўжываная мэбля: 2 ложкі, дзве канапы, 2 шафы, адна з іх пад шклом, у якім маецца шмат кніг, піяніна. Сама Вера і дзеці адзетая дрэнна. Сям'я складаецца з двух дзяцей: Паўліка — 12 гадоў і Юстына — 7 гадоў. Дзеці ходзяць у школу. З імі разам жыве яе сястра — старая панна, гадоў 56, якая не зусім разумная, але дзе­сьці працуе… Сама Клімовіч Вера выглядае дрэнна, хударлявая, на тва­ры шмат маршчын, жанчына не сімпатычная, працуе недзе ў май­стэрні краўчыхай».

Вера запарыла гарбаты, і жанчыны пагаварылі па душах. Лаўская прызналася, што жыве цяжка, муж ужо шэсць гадоў сядзіць, гаспа­дар­ку раскулачылі, працы няма, прыйшлося прадаць кватэру… Га­спа­дыня падзялілася, што, калі была яшчэ маладой дзяўчынай, памерла яе маці, і бацька выдаў яе замуж за Адольфа Клімовіча, хоць яна яго не любіла і выходзіць за яго не хацела. Ад іх шлюбу нарадзіліся два сыны, але адзін памёр. Падчас вайны Адольф з'ехаў у Ліду і не ўзяў яе з сабой. Тады яна стала жыць з Адамам Вішнеўскім і жыла з ім да 1944 года. Ад яго Вера нарадзіла сына Юстына. Адама ары­штавалі немцы, і яна нічога не ведае пра яго далейшы лёс. Адольф прыязджаў у госці на 30—40 хвілін падчас вайны, каб убачыцца з сынам, але з Верай не размаўляў. Дзе ён цяпер, яна не ведае: можа, сы­шоў на Захад, можа, забілі.

Раніцай Лаўская, застаўшыся ненадоўга сам­-насам з малым Юсты­нам, паказала яму на фота Адольфа, што стаяла на піяніна, і спы­тала: «Гэта фатаграфія твайго таты?» — «Гэта не мой тата, а Паўліка», — адказаў Юстын.

Фота з матэрыялаў справы. Магчыма, выкрадзенае кімсьці з агентаў у жонкі Клімовіча.

Былі і іншыя версіі знаходжання Клімовіча. Кватарантка Веры, Лукічова, расказала агенту Раманавай, як паскандаліла з гаспадыняй з­-за электралічыльніка, які прапаў з кухні. «Я зраблю так, што яе адсюль выселяць. Бо я ўсё ведаю пра тое, што яе муж знаходзіцца ў бандытаў і яна да яго ходзіць па начах, носіць яму кошыкамі прадукты, а ад яго ёй возяць мяшкамі, адкуль яна ўсё бярэ, што так добра жыве?» — казала Лукічова.

Але, акрамя чутак і плётак, чэ­кі­стам некалькіх аддзелаў Літвы і Бе­ла­русі так і не ўдавалася нічога атрымаць. Усе іх аперацыі, хітрасці, подласці цягам шасці гадоў былі марнымі. Ад 1949 Адольф Клі­мо­віч уваходзіў у «Спіс небяспечных дзяржаўных злачынцаў, якія падлягаюць вышуку і неадкладнаму арышту №1». І раптам здарыўся цуд.

Падазроны арганіст

17 красавіка 1951 года ў Даў­гай­скі райаддзел МГБ ЛССР, куратарам лейтэнанту Сухаву і Мацяржынскаму прыйшло паведамленне ад агента Ваканаса:

«Ксяндзом Жылінскага касцё­ла служыць Сідорас Вітаўтас, апошні прыбыў у Жыліны ў 1950 го­дзе. Сідорас вядзе замкнёны лад жыц­ця, стараецца як мага менш мець зносіны з насельніцтвам… арганістам працуе Клімавічус… Ён у Жыліны прыбыў пасля нямецкай акупацыі — ці ў канцы 1944, ці ў пачатку 1945 года. Прыбыў­шы ў Жыліны, Клімавічус, працу­ю­чы арганістам, жыве за 4 кіламе­тры ад касцёла ў маёнтку Нарвідзішкі Варэнскага раёна ў жыхаркі Бан­каў­скене, апошняя выселеная ў 1948 го­дзе. Пасля высялення Клі­ма­ві­чус пераехаў у Жыліны і пра­жы­вае разам з ксяндзом…».

Касцёл Св.Антонія Падуанскага ў Жылінах, дзе хаваўся і быў арганістам Клімовіч. Сучасны выгляд.

15 ліпеня 1952 года чэкісцкі пасьянс нарэшце склаўся, і асоба Клімовіча была ідэнтыфікаваная. 23 чысла на яго заведзеная спра­ва-­фармуляр № 462 па «пры­на­леж­насці да агентуры германскай разведкі». Быў распрацаваны чарговы план.

Прыцягнулі агентаў Даўгайскага райаддзела МГБ Біце, Арэліса, Патрыётаса і Ваканаса. Вядома, што Біце — «у мінулым паліцэйскі, у ця­перашні час настаўнік і добра знаёмы з агентам Арэліс, які жыў у адным населеным пункце з Клі­мовічам». Была атрыманая і санкцыя на арышт Клімовіча.

У Жыліны выехалі начальнік аддзялення МГБ ЛССР маёр Шчарбакоў і начальнік аддзялення МГБ БССР маёр Лосеў. Па вынікахх разведкі яны склалі рапарт: «…Клімовіч характарызуецца як замкнёны, насельніцтву вядома, што ён па нацыянальнасці беларус, мае жонку і дваіх сыноў, яны пражываюць у г. Вільня. Да 1951 года жонка перыядычна прыязджа­ла да Клімовіча. Да 1948 года яны сустракаліся ў маёнтку Нар­ві­дзі­шкі, … дзе Клімовіч у той час пражываў, а затым у доме ксян­дза ў в. Жыліны. Зарэгістраваны факт сустрэчы Клімовіча са сваімі сынамі. Гэтая сустрэча адбывалася ў доме … Чэнкуса ў в. Подзі…

Агенты Біце і Арэліс асабіста бачылі жонку Клімовіча, калі яна прыязджала да яго на сустрэчу…

Па дадзеных агента (Арэліса), які з'яўляецца загадчыкам паштовага аддзялення, устаноўлена, што з моманту працы Клімовіча арганістам паштовай перапіскі па­між ім і яго сувязямі не за­рэ­гіс­тра­вана…»

Розум Клімовічаў і тугадумства чэкістаў

Са спецслужбісцкай ха­рак­та­ры­сты­кі асабістых кантактаў Клімовіча можна меркаваць пра яго лад жыцця ў Жылінах. У спіс трапілі 71-­гадовы Іозас Макаравічус, у яко­га Клімовіч жыў, займаючы асоб­ную палову дома. Макаравічус ха­рак­та­рызаваўся як асоба анты­са­вец­кіх настрояў. А яго дачка Анэ­ля Станкявічэне, 27 гадоў, была за­му­жам за ўдзельнікам «нацыяналіс­тычнай банды», асу­джаным да расстрэлу. Жыве яна разам з баць­кам. Меў Клімовіч сувязь са званаром касцёла, Станіславам Хрыб­то­вічам, членам касцельнай рады, а таксама краўцом Іозасам Эйду­ко­нісам. Адзначаецца, што Эйду­ко­ніс — былы паліцэйскі пры смя­то­наўскім рэжыме, а яго дачка Ядвіга Пацевічэне займаецца спекуляцыяй, перыядычна выязджае ў Вільню, дзе сустракаецца з жонкай і дзецьмі Клімовіча. Згадваецца і 60-­гадовы пчаляр Чэнкус з вёскі Подзі, у якога Клімовіч сустракаўся з жонкай і дзецьмі. Запісаныя нават падлеткі, якім Клімовіч даваў урокі спеваў у касцёле…

Пералічаныя і ксяндзы парафіі. Данартас Лінартас у 1947 быў ары­шта­ваны «за сувязь з бандай». Яго наступнік Чэславас (Крывай­ціс) ад 1950 працаваў на­чаль­нікам канцылярыі ў біскупа і «зна­хо­дзіц­ца ў сетцы МГБ Літ. ССР», ксёндз Вітаўтас Сідорас пераве­дзены ў Друскеніцкі раён і «пра­хо­дзіць па вышуковай справе».

Прыцягваліся і інфарматары з кола беларускага нацыянальнага руху. Так, напрыклад, 1 жніўня 1952 агент з арыгінальным псеўданімам Папяровы паведамляў куратару, лейтэнанту МГБ ЛССР Валодзіну: «З Клімовічам Адольфам знаёмы з 1939 года. У той час Клімовіч быў рэдактарам газеты «Бела­рус­кая крыніца» і прымыкаў да кі­руючых колаў Беларускай хры­сці­янскай дэмакратыі. … Упершы­ню сустрэўся і пазнаёміўся на юбі­леі ў ксяндза Станкевіча…».

Адным з тлумачэнняў, чаму Клі­мо­вічу ўдавалася так доўга хавацца, акрамя надзвычай разумных і асцярожных паводзін яго і яго жонкі, было тугадумства мясцо­вых чэ­кіс­таў. Хоць яны па абавяз­ку службы павінны былі звярнуць увагу на новага чалавека ў сва­ёй «парафіі».

Агент Патрыётас паведамляў, што капітан МГБ Оку­неў, дазнаўшы­ся пра прыезд новага арганіста, зрабіў высно­ву, што Клімовіч кінуў жонку ў Вільні і цяпер жыве з дачкой гас­па­дыні Нарвідзішак — Вандай Бан­коў­скай, гадоў 50. Па­сля старую Банкоўскую з дачкой вы­вез­лі ў Сібір як кулакоў і былых па­мешчыкаў.

Як бачым, людзей з акружэння Клімовіча арыштоўвалі, а яму да часу шанцавала.

Кожны з аддзелаў МГБ збіраў інфармацыю на сваім участку, а ка­ар­дынацыі між аддзеламі амаль не было. Работа ішла кіпучая, а эфекту мала.

План выкрадання

Мы падыходзім да аднаго з самых цікавых момантаў гэтай гісторыі — затрымання Адольфа Клімовіча.

Чэкісты і тут мудрылі: прыдумалі складаную схе­му з выкарыстаннем ксян­дза Онішц­кага касцёла, ужо не про­ста як асве­да­міцеля, але як саў­дзель­ніка выкрадання. Ксёндз па су­мяш­чальніцтве быў агентам Патрыётасам.

Ён па плане чэкістаў па­ві­нен быў вы­клі­каць Клімовіча з Жы­ліна да сябе, нібыта «для вырашэння пытання аб мэ­та­згод­насці правядзення набажэн­ства ў адзін і той жа дзень і ў Оні­шках, і ў Жыліне».

Як меркавалі чэкісты, пасля раз­мо­вы Клімовіч будзе вяртацца дадому пешшу праз лес, дзе яго і схопяць. Прыдумалі чэкісты і спосаб патлумачыць знікненне Клі­мо­віча: прымусіць яго напісаць «ліст аб тым, што яму неабходна тэрмінова на некаторы час выехаць … накіраваць праз выведніка-­лі­тоў­ца старшыні касцельнага ка­мі­тэта. Выведніка экіпіраваць у сялянскую вопратку і паказаць як знаёмага Клімовіча, жыхара Троцкага раёна, які выконвае яго просьбу, перададзеную «на хаду».

Паводле звестак Вікіпедыі, у 1939—53 гг. пробашчам у Онішках, у касцёле Святых апосталаў Піліпа і Якуба, быў Нікадымас Швогжліс-Мільжынас.

Ксёндз­ Патрыётас паслаў Клі­мо­вічу цыдулку з просьбай прый­сці да яго 14 жніўня раніцай. Ксян­дзу прадпісвалася пасля сы­хо­ду Клімовіча «неадкладна сі­гна­лі­за­ваць, куды, з кім, па якой дарозе ён сышоў».

У лесе, на дарозе, Клімовіча па­він­на была чакаць засада. Да вечара яго планавалася пратрымаць у лесе, а пасля адправіць у Вільню, у МГБ. Аднак план праваліўся.

Патрыётас, адслужыўшы ра­ніш­нюю імшу, сядзеў дома, чакаў Клімовіча. Але з Жыліна прыйшоў паштальён і прывёз ад яго толькі ліст па­-літоўску:

«Дарагі зямляк. Лёгка сказаць «…Маеш час, прыходзь…», але, па-­першае, да Онішак не 3 кіламетры, па­-другое, мне не 20 гадоў, па­-трэцяе, пайсці і вярнуцца, а за той час можа і «Парыж упасці», не кажучы ўжо пра тое, што сёння «бязмэтна» цягацца не кожнаму бяспечна…»

Ліст Клімовіч падпісаў псеў­да­німам Дуда: ён абачліва ніколі не падпісваў лісты сваім імем.

Чэкістам тэрмінова прыйшлося прыдумляць новы план. Было вырашана арыштаваць Клімовіча ў ноч на 15 жніўня:

«З сыходам Клімовіча на вячэру да калгасніка Макаравічуса да касцёла накіроўваецца жанчына­-разведчыца, якая пры вяртанні Клі­мо­віча дадому звяртаецца як прад­стаў­ніца РВКа з просьбай пагаварыць аб садзейнічанні ва ўборцы ўраджаю. Разведчыца запрашае зай­сці ў пакой для раз­мо­вы. У кустах каля касцёла застаецца засада. У пакой сле­дам за Клі­мо­вічам заходзіць апеработнік, які яго затрымлівае. Здзяй­сня­ецца агляд кватэры, Клі­мо­ві­чу прапануец­ца напісаць ліст, за­шыф­ра­ваўшы яго адлучку, бо, маўляў, ён пасля са­крэт­ных перамоў у МГБ ЛССР па­ві­нен будзе вярнуцца дадому і весці ранейшы лад жыцця. … Пасля гэтага Клімовіча ў гадзіну ночы вывесці палямі ў лес, дзе бу­дзе чакаць машына, а адтуль — у Вільню».

Ксяндзы­-агенты

І тут трэба зрабіць невялікае адступленне. Як мы бачым, асноўную ролю ў затрыманні Клімовіча чэ­кі­сты адвялі ксяндзу суседняга касцёла — агенту Патрыётасу. У сваіх справаздачах ён пакінуў цікавыя назіранні пра жыццё Адольфа і яго сям'і. Напрыклад, тое, што Клі­мо­віч «беларускую мову вельмі лю­біць і пры магчымасці стараец­ца на ёй гаварыць, ці, кажучы на іншай мове, дае прыказкі або ці­ка­выя выслоўі на сваёй беларус­кай мове», «Клімовіч з крыніцай заў­сёды стараўся гаварыць па­беларуску, хоць крыніца слаба валодае беларускай мовай. Крыніца разумее, што Клімовічу, як свядомаму беларусу, задавальненне, калі гавораць па­-беларуску» ці што «Клімовіч любіў гаварыць пра кс. Адама Станкевіча і выказваўся, што апошні калі-­небудзь бу­дзе біскупам ці арцыбіскупам свабоднай нацыянальнай Беларусі. Сам пра сябе Клімовіч таксама выказваўся, што ён у будучыні стане знакамітым беларускім дзеячам…».

Аднак падазроны Клімовіч «ні разу, ні словам не згадаў крыніцы аб сваёй асобе і пра сваё мінулае». Ксёндз не грэбаваў ніякай ін­фар­мацыяй, у тым ліку і атрыманай на споведзі: «…Бабулька гаспадаркі Нарвідзішкі Ядвіга Банкоўская часам скардзілася на споведзі кры­ні­цы, што да Клімовіча прыязджае жонка, што яны разам спяць і такім чынам ганьбяць дом Банкоўскай, у якім даўно няма цялесных грахоў. Яна скардзілася на арганіста і яго жонку, што яны размаўляюць таемна, шэпчуцца толькі на беларускай мове».

А вось з ксяндзом Жылінскага касцёла ў Адольфа склаліся прыязныя адносіны, што адзначаў і ін­фар­матар: «Крывайціс і Клімовіч вельмі сябравалі, і магчыма, што Кры­вайціс ведае ўсе таямніцы Клі­мо­віча…». Вядома, агент Патрыётас не ведаў, што блізкі сябар Адольфа быў не кім іншым, як … агентам Гедымінасам

«Спяваў беларускія песні і хваляваўся»

З чэкісцкай даведкі вядома, што «Крывайціс Чэславас Браніслававіч, 1921 г. н., лі­то­вец, бе­ла­рускага паходжання, да 1940 го­да быў удзельнікам анты­са­вец­кай арганізацыі Атэйцінікаў [«Атэйцінінкі» — літоўская ка­та­ліц­кая маладзёжная арганізацыя], у 1948 г. быў памагатым банды «Дэдукас», цяпер з’яўляецца ___________, матэрыялаў аб дзей­насці Клімовіча не даваў».

На месцы прочырку пры не­аб­ходнасці ўпісвалася слова «інфарматар». З паказанняў Кры­вай­ціса мы можам даведацца, як адбылася яго вярбоўка.

«20 снежня 1946 года … пры­быў пробашчам у в. Жыліны. Там знай­шоў гаспадыню свайго па­пя­рэд­ніка ксяндза Лінартаса. Распы­таў пра касцельных маіх слуг, яна распавяла, што дзяка няма, а арга­ніст жыве за 3,5 км ад касцёла ў маёнтку…

Банкаўскене думала, што ён па­ляк, але пазней высветлілася, што ён беларус, таму яна пачала яго ненавідзець і пачаліся інтрыгі.

Жонка яго прыязджала прыкладна кожны месяц, ён яе таемна сустракаў і праводзіў на станцыю… Жонка Клімавічуса пражывае ў г. Вільні… Малодшы сын носіць про­зві­шча, здаецца, Вішняўскас. Гэта зроблена, каб па­цвер­дзіць чуткі, што нібыта яны разведзеныя…

Працуючы арганістам, Клі­ма­ві­чус збіраў нямала прадуктаў натураю, акрамя гэтага, атрымліваў нямала і грошай. Усё гэта ён пры сустрэчах перадаваў жонцы, а часам у перадачах пасярэднічаў Тарайла Стасіс, 1921 г.н. Ён адвозіў гэтыя прадукты ва ўмоўленае месца, а яна адтуль іх забірала. Такім чы­нам ён утрымліваў сям'ю. Клі­ма­вічус вельмі сумаваў па дзецях, бо меншы сын застаўся пры яго ўцёках ва ўзросце менш за год. Клі­ма­вічус прасіў жонку прывезці на станцыю паказаць сына, але яна не згаджалася — баялася.

Клімавічус ненавідзеў палякаў, быў прыхільны да літоўцаў, але спрачаўся часам з нагоды Вільні, бо гэты горад ён лічыў беларускім. У спрэчках ён казаў, што павінна быць створана Беларуска­-Лі­тоў­ская федэрацыя са сталіцай Віль­няй і сталіцамі Літвы — Каўнас, Беларусі — Мінск.

…Паводзіў сябе Клімавічус спа­кой­на, вельмі цікавіўся міжнародным становішчам, слухаў перадачы з­-за мяжы на польскай, рускай і нямецкай мовах.

Паступова даведаўся, што ён, ар­га­ніст, з'яўляецца Клімавічусам Адоль­фа­сам, сынам Юстаса… Ся­рэд­нюю адукацыю атрымаў у Віль­ні, а вышэйшую — у Празе. Па спецыяльнасці ён аграном-­ін­жы­нер. Клімавічус — гарачы, перакананы нацыяналіст, спя­ваў ней­кія беларускія песні і хва­ля­ваў­ся. Яго марай з'яўлялася жаданне заняць адказную пасаду і ад­на­віць нацыяналістычную буржу­азную Беларусь. На заўвагу аб тым, што беларусы некультурныя, злосна адказваў, што ім не было магчымасці прасвяціцца. Цытаваў паэмы «Беларуская дудка», «Смык беларускі». Клімавічус сцвярджаў, што сучасная руская пісьменнасць вынайдзеная беларусам, а рускія, маўляў, яе прысвоілі…

У перыяд нямецкай акупацыі Клімавічус знаходзіўся ў гора­дзе Ліда, працаваў шэфам Беларускага камітэта. Там ён арганізоўваў школы, курсы для дарослых і адначасова выкладаў у заснаванай у Вільні беларускай настаўніцкай семінарыі…»

Калі Крывайціса хацелі пера­ве­сці ў іншы прыход, Клімовіч адмовіўся з ім ехаць, бо на кір­ма­шы ў суседняй вёсцы яго пазнаў адзін паляк, якога ён, жывучы ў Лі­дзе, зняў з пасады начальніка па­ве­та.

Апісвае Гедымінас і ад­но­сі­ны Клімовіча з ксяндзом Уладзіславам Чарняўскім, які пазней слу­жыў у Вішневе, перакладаў Свя­тое Пісьмо па­-беларуску і стаяў ля вытокаў адраджэння беларускамоўнай каталіцкай слу­жбы.

«З настаяцелем Варэнскага касцёла Чарняўскім ён быў знаёмы, але сустракацца з ім не хацеў, бо лічыў несур'ёзным і балбатуном.

Чарняўскі таксама нацыяналіст­-беларус і вельмі хоча паехаць на работу ксяндзом у Беларусь… Ня­даў­на, прыкладна 2 тыдні таму, да крыніцы (г.зн. да яго, Крывайціса) уся ў слязах прыйшла жонка Клі­ма­ві­чуса і скардзілася на Чарняўскага, кажучы: «Калі майго мужа арыштуюць, то буду ведаць, што праз Чарняўскага. Хачу ехаць да яго і яго папярэдзіць. Маг­чы­ма, Вы яго папярэдзьце?»…

Нікога не выдаваць

Спецслужбы зрабілі выснову, што агент Гедымінас… чатыры гады хаваў Клімовіча ў сябе ў парафіі. Больш за тое, пасля вяр­боўкі Крывайціс прызнаўся пра гэта Клімовічу, а той яму раіў «выкручвацца, нікога не выдаваць», не даваць матэрыялаў, якія маглі б паслужыць падставай да арышту каго­-небудзь.

Ксёндз Чэславас Крывайціс прызнаўся Клімовічу, што завербаваны. Клімовіч раіў яму «выкручвацца і нікога не выдаваць». 

Праз гэта Крывайціс меў праблемы. Яго тлумачэнне, дадзенае 20 жніўня 1952, дазваляе зразумець сітуацыю, якая склалася вакол касцёла ў Літоўскай ССР:

«У красавіку 1950 мяне вы­клі­калі ў Тракайскі выканкам, але я не прыйшоў у прызначаны час, бо набліжаўся Вялікдзень. Пры паўтор­ным выкліку вымушаны быў з'явіцца. …У МГБ на мой адрас было зроблена некалькі папрокаў, з-за чаго я вельмі расхваляваўся. Затым было прапанавана супрацоўнічаць, і я пагадзіўся. …Праз сваю неспрактыкаванасць па вяртанні дадому пра гэта распавёў арганісту Клі­мо­вічу…

Калі я паехаў да ксяндза Швог­жлі­са ў Онішкі, ён мяне стаў распытваць, у сувязі з чым мяне вы­клі­калі ў Трокі. Я яму сказаў, што быў выкліканы ў МГБ, але буду пазбягаць сустрэч з імі, ён, ві­даць, зразумеў і больш мяне не рас­пытваў.

Неўзабаве да мяне прыехаў ксёндз Жыжляўскас, я і яму распавёў падобна, як і Клімовічу…

У сувязі з тым, што я распавёў пра сваё супрацоўніцтва з органамі МГБ Клімовічу, я баяўся, каб гэта не стала здабыткам органаў МГБ, і пра яго ў органы МГБ нічога не паведамляў. Я думаю, што гэтыя асобы аб маім супрацоўніцтве з ор­га­намі нікому не расказалі.

Мне асабіста пра сваё су­пра­цоў­ніцтва з органамі МГБ распавёў Гружаўскас Антанас, цяпер служыць памочнікам у Шымонісе. Ксёндз Шукіс казаў, што згоды су­працоўнічаць з органамі не даў, хоць яму вельмі пагражалі. Жы­жляўс­кас казаў, калі яго выклікалі ў Вільню, што з ім так будзе, як са мной…».

У адным з данясенняў чэ­кі­сты паказалі, што «ксёндз Жыжляўскас з'яўляецца агентам 5 аддзела МГБ Віленскай вобласці».

«Хутка вернецца»

Следчыя прадпрымалі так шмат перастраховачных крокаў, бо спа­дзя­ва­ліся раскрыць яшчэ і ство­раную Клімовічам «агентурную сетку». А раптам хто прыйдзе да яго з Захаду?

Як развіваліся падзеі далей, мы ведаем са справаздачы таго ж агента Патрыётаса.

Увечары 14 жніўня званар Жы­лін­скага касцёла прыйшоў у касцёл званіць і пабачыў, што храм замкнуты, на парозе ключ і ліст Клімовіча да старшыні касцельнага камітэта Нявераса. Клімовіч пісаў, што сышоў па сямейных справах, выбачаўся і абя­цаў праз некалькі дзён вярнуцца. Няверас паслаў роварам свайго сына з гэтым лістом да ксяндза дэкана Стасіса Смалінскаса, пы­та­ючыся, што рабіць з касцёлам у Жыліне.

Смалінскас пайшоў па параду да калегі — Патрыётаса… Адвёў яго ўбок, паказаў пісьмо, спытаўся, што магло здарыцца. Клімовіч, мабыць, засумаваў па жонцы і паехаў да яе пабачыцца — супакоіў яго агент. Смалінскас паверыў.

Але чуткі пра арышт усё адно пайшлі. Праз некалькі дзён да Патрыётаса прыйшоў закрыстыян Жылінскага касцёла, 14-­гадовы Ёзас Каспаравічус, і сказаў: «Нашага арганіста арыштавалі». Агент пераканаў і хлопчыка, што Клімовіч пайшоў да жонкі і хутка вернецца.

Тым часам 16 жніўня 1952 года Адольф Клімовіч быў дастаўлены ў Вільню для першага допыту. Яго праводзілі намеснік міністра дзяржбяспекі Літоўскай ССР пал­коў­нік Мартавічус і начальнік 3 аддзялення 2 аддзела МГБ ЛССР маёр Шчарбакоў.

Першым допытам Клімовіча ў МГБ ЛітССР кіраваў палкоўнік Леанардас Мартавічус.

Пасля следства Адольф Клі­мо­віч быў асуджаны да найвышэйшай меры пакарання. Хоць, вядома, ніякіх сувязяў з «германскай разведкай» выяўлена не было. І Клімовіча расстралялі б, але праз пяць дзён пасля вынясення прысуду памёр Сталін. Расстрэл замянілі на 25 гадоў лагераў. Клі­мо­віча ўратавала тое, што ён так доўга хаваўся.

Рэабілітаваны: «няма складу злачынства»

Адбываць пакаранне ён трапіў у Інту, Комі АССР, але адсядзеў толькі чатыры гады. У 1956­-м яго справу перагледзела спецкамісія Вярхоўнага Савета СССР. І не знай­шла складу злачынства.

Адразу вярнуцца ў Вільню па­сля вызвалення Клімовічу не дазволілі, да 1960­-га ён жыў у Ба­ры­саве. Потым усё ж пераехаў у Віль­ню, дзе ўз’ядналася нарэ­шце сям’я Клімовічаў. Да смерці ў 1970-­м Адольф Клімовіч пра­ца­ваў ар­га­ні­стам у касцёле на Звярынцы. Пахавалі яго ў Клюшчанах, побач з бацькамі. Перад смерцю ён паспеў зрабіць яшчэ адзін вялікі ўнёсак у справу беларускай культуры: склаў біяграфічны слоўнік нацыянальных культурных і палітычных дзеячаў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ
Клас
47
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
15
Абуральна
11
0
Ландскнехт/адказаць/
10.03.2024
Буч, А навошта?
12.03.2024
Ландскнехт, ну відавочна аўтарскі матэрыял. Ці там зноўку НДА і фрылансерства?
0
этот/адказаць/
13.03.2024
Самое интересное что с ксендзами агентами? Сейчас они в Литве герои-борцы за независимость или продажные комунисты?
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930