Знайсці
19.01.2018 / 10:238РусŁacБел

Даследчык Дуніна-Марцінкевіча: Пісьменнік узяў сабе двайное прозвішча дзеля пантоў

Генеалагічны партал «Радавод» і хрысціянскі інфармацыйны партал Krynica.infoраспачынаюць супольны праект, прысвечаны беларускай генеалогіі і асобам, якія яе даследуюць. Першы наш госць — Зміцер Дрозд, грамадскі дзеяч, публіцыст, аўтар генеалагічных, гістарычных і мемуарыстычных прац, даследчык радаводу аднаго з пачынальнікаў сучаснай беларускай літаратурыВінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Дадатковай нагодай для інтэрв’ю стаў выхад кнігі Змітра Дразда «Таямніцы Дуніна-Марцінкевіча».

Менавіта асобе і радаводу беларускага класіка, з дня нараджэння якога 4 лютага спаўняецца 210 гадоў, і прысвечаная наша гутарка.

— Чым Вас так зацікавіла асоба Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, што вы вырашылі так грунтоўна даследаваць яго біяграфію і радавод?

— Мая цікавасць мела выключна практычнае паходжанне. Пасля адной з маіх знаходак — а было гэта выяўленне раней невядомага факту, што Вінцэнт ужо ў 1835 годзе трапіў у Мінскі турэмны замак. Потым я знайшоў яго фармулярны спіс аб службе — і таксама быў здзіўлены, што ён не быў яшчэ вядомы. Я задаўся пытаннем: а наколькі поўна даследаваныя дакументы і ці ўсё знойдзена? Я вывучыў усё, што было напісана пра нашага класіка, і ўбачыў, што многія кнігі і артыкулы пра яго — гэта, хутчэй, літаратура, чым гісторыя літаратуры. А дакументаў аб ранніх гадах самога Марцінкевіча, тым больш яго бацькоў, блізкіх — не было наогул, акрамя вядомага дваранскага вываду, які чамусьці нашы даследчыкі, якія ведалі, што Вінцэнт быў майстрам стварэння падробленых радаводаў, успрымалі не зусім крытычна. Для мяне было цікавым больш шырокае пытанне — тое, што я назваў «цяжарам канчатковай вывучанасці». Гэта калі даследчыкі, упэўненыя, што «ўсё ўжо знойдзена», нават не браліся за новыя пошукі біяграфіі і не ўдакладнялі факты такіх зорак, як мой герой, якія ўжо трапілі ў энцыклапедыі і падручнікі. З часам прыйшоў азарт — практычна кожны паход у архіў прыносіў новыя дакументы. Атрымалася адказаць на многія пытанні і абвергнуць шматлікія аксіёмы. Практычна паралельна са мной свае даследаванні праводзіць Зміцер Юркевіч, і ён адкрыў новыя — сенсацыйныя! — дакументы аб такіх свяцілах, як Адам Міцкевіч і Тадэвуш Рэйтан. Г.зн. можна і трэба шукаць, і нас яшчэ чакаюць сапраўдныя сенсацыі.

— З Вашых даследаванняў стала вядома, што Дунін-Марцінкевіч — не сапраўднае прозвішча пісьменніка. Як гэта стала высветлілася?

— Гэта было няцяжка, і адзінае, што было патрэбна, — гэта свежы погляд збоку. Бо нават у такім дакуменце, як метрыка аб хрышчэнні Вінцэнта, не было ніякага «Дуніна», не было яго і пры шлюбе. Калі ж колькасць знойдзеных новых архіўных дакументаў пайшла на сотні, то стала відавочна, што ні сам Вінцэнт да 1835 года, ні тым больш ніхто з яго блізкіх — бацька, маці, сёстры, дзядзька — ніколі не выкарыстоўвалі гэты прыдомак.

Чытайце таксама:

Навошта Марцінкевічу спатрэбіўся Дунін

І толькі пасля дваранскага вываду, які зрабіў сам Вінцэнт на вельмі сумніўных дакументах, ён і ўсе яго родныя сталі Дунінымі. Гіпотэза, здавалася б, неверагодная, але вось ужо больш за год, як я пра яе заявіў, і ніхто не абверг яе. Больш за тое, яна паступова становіцца агульнапрынятай і агульнавядомай. Але я не выключаю, што кімсьці будзе знойдзена абвяржэнне ў выглядзе несумнеўных дакументаў з прыдомкам «Дунін». Пакуль жа ў знойдзеных мною дакументах (а іх ужо больш за сто), уключаючы лісты і даверанасці бацькі Вінцэнта ад Богуша-Сестранцэвіча (сам з двайным прозвішчам!) — ён ні разу не ўжываецца.

— Для чаго, на Вашу думку, была ўчыненая гэта фальсіфікацыя? Што яна давала Вінцэнту? І чым перашкаджае даследчыкам?

— Для сябе я знайшоў толькі адно тлумачэнне — гэта тое, што на сучаснай мове называецца «панты». Мець падвойнае прозвішча было прэстыжна, гэта паказвала старажытнасць роду, і гэта магло нават прынесці нейкую практычную карысць. Вядома, што прадстаўнікі не такой заможнай шляхты і тым больш багатыя прадстаўнікі новай буржуазіі або мяшчанства заўсёды імкнуліся выдаць сваіх дачок або сыноў за прадстаўнікоў «шляхетнага роду». Гэта быў вельмі цяжкі перыяд у жыцці Вінцэнта, калі, па сутнасці, нічога, акрамя гэтага «шляхетнага» паходжання, у яго не было. Мітрапаліт памёр, бацька памёр, калі Вінцэнту быў яшчэ год, маці адна старалася зарабіць грошы, падняць дзяцей, зямлі ў іх не было… Вядомая гісторыя выкрадання нявесты Марцінкевічам — бо гэта таксама было шмат у чым вынікам таго, што яе бацькі палічылі Вінцэнта незайздросным жаніхом. А потым яго гісторыі з падробкай дваранскіх дакументаў — добрая магчымасць зарабіць.

Галоўная праблема для даследчыкаў — гэта тое, што не толькі радавод Дуніна-Марцінкевіча сфальсіфікаваны. Падобна на тое, што сотні радаводаў, прынамсі ў Мінскім дваранскім дэпутацкім сходзе, былі створаныя такім жа чынам — на фальшывых дакументах. І вось гэта ўжо рэальная праблема для гісторыкаў (і для генеолагаў-аматараў) — бо ўсе гэтыя «дрэвы роду», якія сыходзяць у старажытнасць, ужо нават апублікаваныя ў гербоўніках, выдадзеных архівам, аказваюцца падробленымі. Трэба даследаваць кожны радавод асобна, вывучаць почырк, паперу, чарніла, іншыя асаблівасці прадстаўленых імі дакументаў. А колькі пачаткоўцаў генеалогіі бегаюць шчаслівыя з гэтымі прыгожымі шыкоўнымі дваранскімі радаводамі ледзь не з 16—17 стагоддзяў — і паспрабуй ім скажы, што ўсё гэта «ліпа». Я сам прайшоў праз гэта на прыкладзе маіх прамых продкаў — дваран Бартноўскіх-Ярашэвічаў. Іх падробленыя дакументы ляжаць у адных справах з падробкамі, зробленымі Марцінкевічам і яго калегамі. І тут вельмі падобная гісторыя, бо ва ўсіх рэальных і несумніўных дакументах — мае продкі заўсёды толькі Ярашэвічы без усялякіх прыдомкаў. Так што, падобна, гэта была даволі распаўсюджаная практыка.

— Наколькі глыбока вы здолелі адшукаць карані Вінцэнта? Ці праўда, што пісьменнік мог прыдумаць і частку сваіх продкаў?

— Пасля трох гадоў даследаванняў, па сутнасці, мне не ўдалося знайсці ніякіх звестак пра яго рэальных продкаў па лініі Марцінкевічаў. Самыя старажытныя — гэта яго дзед Мікалай і бабуля Анастасія Марцінкевічы (вядома, без «Дуніна»). Гэта запіс пры хрышчэнні ў 1758 годзе ў слонімскім касцёле роднага дзядзькі Вінцэнта — Ігнацыя. Пакуль гэта часовая кропка адліку, з якой пачынаецца рэальная гісторыя гэтай сям’і. Тады радаводы насілі, скажам так, ненавуковы характар, хутчэй, умоўны, сімвалічны. Браўся гербоўнік, знаходзіўся цёзка, прычым зусім няважна было — жыў ён на Смаленшчыне ці дзе-небудзь за Варшавай — галоўнае, што падыходзіла прозвішча — і вашыя рэальныя продкі проста далучаліся падробленымі дакументамі да гэтых, «кніжных» продкаў. І давер гэтым кніжным радаслоўным быў вельмі вялікі. Хоць прозвішча Марцінкевіч паходзіць ад імя Марцін, і магло паўстаць ўсюды, дзе гэтае імя распаўсюджана, можа быць нават у сялян, і паміж людзьмі з такім прозвішчам можа не быць ніякай роднаснай сувязі.

Асоба ж, да якой усе Дуніны ўзводзяць свой радавод — Пётр Дунін, які нібыта прыехаў з Даніі, што таксама даўно падвергнута сумневам, сам ніколі не карыстаўся ні гербам «Лебедзь», ні нават прозвішчам Дунін і вядомы па летапісах як Пётр Властовіц. Але генеалогія — гэта навука, дзе доўгі час адсутнічаў навуковы, крытычны падыход, таму кожны, хто хацеў, мог узводзіць свой род нават да легендарных асобаў. Так што і тут Марцінкевіч не вынаходнік. А вось пошук рэальных продкаў можа займаць гады. І галоўная праблема тут адна — загінулі цэлыя масівы дакументаў, цэлыя архівы, і мы працуем ва ўмовах, калі можна гадамі безвынікова біцца над адным простым пытаннем. Але ж зусім не хочацца на гэта выдаткаваць усё жыццё.

— У шматлікіх публікацыях можна сустрэць звесткі пра сваяцтва Марцінкевічаў з магілёўскім арцыбіскупам Станіславам Богуш-Сестранцэвічам. Вы адшукалі яго сувязь і з расейскім паэтам Аляксандрам Пушкіным. Можаце раскрыць падрабязнасці пра гэтае іх сваяцтва?

— Сапраўды, амаль стагоддзе, ад часу стварэння самых першых біяграфій Дуніна-Марцінкевіча, было вядома пра нейкую яго сувязі з Мітрапалітам, але кожны даследчык сам вызначаў ступень гэтай роднасці — ці то па лініі бацькі, ці то па лініі маці… На самай справе гэтая роднасць аказалася нероднасцю, а хутчэй сваяцтвам: бацька Вінцэнта — Ян першым шлюбам быў жанаты з пляменніцай Мітрапаліта Людавікай Рыкачэўскай, таму толькі дзеці ад першага шлюбу Ігнацы і Францішка мелі сваяцтва, а потым і ўспадкавалі яго маёмасць. А сам Вінцэнт быў сынам ад другога шлюбу, і ў яго ніякай роднаснай сувязі са згаданай асобай не было. Аднак ёсць бясспрэчны факт, што нейкі перыяд свайго жыцця, хутчэй за ўсё перад смерцю Мітрапаліта ў 1826 годзе, ён правёў у Санкт-Пецярбургу — і тут, магчыма, будуць таксама нейкія цікавыя адкрыцці. Бо Мітрапаліт — гэта адна з вышэйшых асоб у дзяржаве, і адпаведным ў яго было і асяроддзе, і лад жыцця. Магчыма, што многія таленты Вінцэнта — у першую чаргу любоў да тэатра і музыкі — ідуць са сталіцы імперыі.

Што тычыцца сваяцтва з Пушкіным — гэта, хутчэй, маленькая правакацыя, бо сувязь гэтая не крэўная і ідзе яна праз першую жонку яго адзінакроўнага брата, згаданага вышэй Ігнацыя. Яго першай жонкай была князёўна Соф’я Кантэмір — продкі бацькі якой, сапраўды, былі звязаны з Пушкіным, але і там сувязь ішла не крэўная, а праз шлюбы. Гэта, хутчэй, паказвае ўзровень Марцінкевічаў, якіх наша традыцыйная гісторыя літаратуры малюе ледзь не сялянамі з сахой — яны былі багатыя людзі ды яшчэ з такім дзядзькам.

— Якія яшчэ цікавосткі з жыцця і генеалогіі пісьменніка Вы маглі б назваць?

— Самае цікавае ў жыцці кожнага творцы, гэта безумоўна, яго творчасць — я ж абмежаваўся толькі пошукам звестак пра яго продкаў і родных. Найбольш цікавыя гісторыі публікаваліся — гэта і пра падробку дакументаў, і пра выкраданне Марцінкевічам Юзэфы Бараноўскай, і пра тое, як Марцінкевіча пры жыцці «пахавалі», замовіўшы па ім паніхіду. Для мяне цікава, гэта калі ўдалося абвергнуць нейкую энцыклапедычную аксіёму ці наадварот, дакументальна пацвердзіць тое, што лічылася міфам. У юбілейных справаздачных артыкулах да 210-годдзя Марцінкевіча мне ўдавалася налічыць больш за 10 такіх фактаў, якія трэба будзе перапісаць у падручніках. Гэта і сваяцтва з Мітрапалітам, і беднасць яго сям’і, і тое, што ён быў сіратой. Некаторыя факты пакуль не ўдалося абвергнуць цалкам — але ёсць сумневы ў іх праўдзівасці. Напрыклад, у «Вікіпедыі» паказана, што пасля паўстання Каліноўскага Дунін-Марцінкевіч больш за год, з кастрычніка 1864 па снежань 1865 года, правёў у Мінскім турэмным замку. Я знайшоў спісы арыштантаў замка — яны, на жаль, захаваліся не за ўсе месяцы. Але ў 1865 годзе я не знайшоў Дуніна-Марцінкевіча ў гэтых спісах. Так што, цалкам магчыма, што ён там быў нейкі час, а потым быў адпушчаны пад заклад або пад хатні арышт. І такіх вось «усім вядомых» фактаў — дзясяткі.

Атрымалася значна пашырыць і геаграфію месцаў, звязаных з Марцінкевічам. Так, яго маці і сястра пахаваныя на могілках у Глуску, а яго бабуля Анастасія Марцінкевіч, пра якую да гэтага часу наогул не было звестак, пахавана каля знакамітага касцёла ў Стваловічах, якім доўгі час кіраваў ужо сапраўдны кроўны дзядзька бацькі Марцінкевіча. Магчыма, што брат Яна Марцінкевіча Антон быў у гэтым касцёле капелістам. А вось сам бацька Ян, хутчэй за ўсё, быў ахрышчаны ў Слонімскім касцёле, які таксама захаваўся і да нашых дзён. Усе гэтыя факты патрабуюць часу, апрацоўкі, пэўнай «раскруткі». Думаю, што на поўнае ўвядзенне ў навуковы ўжытак усяго знойдзенага сыйдуць гады.

— Часта, у тым ліку ў навуковай літаратуры, на ўстановах, названых у гонар Марцінкевіча, можна сустрэць узгадку пра яго як Вікенція Іванавіча. Наколькі такая падача яго імя правільная і адпавядае таму, як называў сябе сам пісьменнік?

— Тут вядома, праблема двухмоўя, якое існавала тады — у хрысцільнай метрыцы, напісанай на польскай, ён названы Вінцэнтам, а бацька Янам. У рускамоўных дакументах, а ён валодаў рускай мовай дасканала, ён называе сябе Вікенціем Іванавічам.

— Нацыянальнае пытанне: кім сябе лічыў адзін з пачынальнікаў сучаснай беларускай літаратуры? Беларусам, палякам, літвінам? Наколькі для яго важным было гэта пытанне?

— Не магу сцвярджаць, што мой адказ прэтэндуе на ісціну ў апошняй інстанцыі, магчыма, што хтосьці больш глыбока даследуе гэтае пытанне. Думаю, што яго погляды мала адрозніваліся ад існуючых тады памылак, што каталікі, тым больш, шляхта і дваране, у большасці польскамоўныя — гэта палякі, а праваслаўны народ вакол — гэта беларусы. У пераважнай большасці, гэта карэнныя жыхары нашай зямлі, якія ніколі і не бывалі ў той Польшчы, але яны гутарылі на польскай мове, былі каталікамі. Па сутнасці, гэта роўна на столькі ж праўда, як калі ўсіх рускамоўных праваслаўных у сучаснай Беларусі запісаць у рускіх. Расейская ўлада лічыла такіх як Марцінкевіч палякамі, за што яны плацілі адмысловы падатак, як «асобы польскага паходжання», на іх былі накладзеныя пэўныя абмежаванні ў праве куплі зямлі, а за афіцыйнай уладай, падобна, і сам Марцінкевіч лічыў сябе прадстаўніком польскай культуры, палякам, а простых людзей вакол — беларусамі. Сваю творчасць ён бачыў як нейкае місіянерства — несці святло цёмнаму народу, з якім ён сябе, пэўна, не асацыяваў. Пра гэта ён пісаў у Галоўны цэнзурны камітэт, калі быў забаронены ўжо надрукаваны пераклад «Пана Тадэвуша»: «Я, дзейнічаючы ў духу ўрада, запаў на думку для заахвочвання цёмнага і з натуры лянівага нашага селяніна да навукі апісваць яго звычаі, абрады, традыцыйныя паданні і тое ва ўласным жа дыялекце».

Ды і ў тыя часы не нацыянальнае пытанне, а сацыяльнае і канфесійнае было асноўным для самаідэнтыфікацыі. А Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч быў у прамым сэнсе гэтага слова прыгоннікам — у яго былі прыгонныя сяляне, і, прынамсі, адзін з іх вельмі непахвальна адклікаўся пра свайго гаспадара. Акрамя таго, трэба адзначыць, што яго «дзядзьку» Станіслава Богуша-Сестранцэвіча лічаць адным з першых ідэолагаў «заходнерусізму». Хутчэй за ўсё, і сам Вінцэнт зыходзіў з падобных перакананняў, лічачы беларусаў часткай вялікага рускага народа. Але трэба памятаць, што ХІХ стагоддзе — гэта толькі пачатак фарміравання беларусаў як асобнай нацыі, і сам Вінцэнт, магчыма, сам таго не жадаючы, сваімі беларускамоўнымі творамі, якія апынуліся цалкам незразумелымі ні палякам, ні рускім (прадстаўнікі заможных вярхоў і інтэлігенцыі гэтых народаў вельмі жорстка крытыкавалі яго спробу пісаць на «простанароднай мове») падкрэсліў нацыянальную адасобленасць беларусаў ад тых і іншых.

— Якую ролю адыгрывала рэлігія і вера ў жыцці Марцінкевічаў, ці можна іх назваць рэлігійнымі людзьмі? Да якой канфесіі яны належылі?

— Гэта даволі цікавае пытанне пры ўсёй яго, здавалася б, відавочнасці і прастаце. Не ўсе пэўна, ведаюць той выбітны факт, што сам будучы першы Мітрапаліт рымска-каталіцкіх цэркваў у Расіі, які займаў гэты пост каля 50 гадоў, — нарадзіўся ў сям’і пратэстантаў-кальвіністаў, а ўжо потым перайшоў у каталіцызм. Ёсць вельмі змрочная, але ў нейкай ступені паказальная гісторыя — цяжка меркаваць, наколькі гэта праўда. Свайго бацьку, які быў забіты падчас хваляванняў, Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч загадаў выкапаць з магілы і пахаваць паводле каталіцкага абраду. Што і было зроблена. Аднак праз некаторы час ён быў яшчэ раз перапахаваны — варта меркаваць, па кальвінісцкіх правілах. Вядома, здаецца, што ў сям’і Мітрапаліта рымска-каталіцкіх цэркваў ўсе павінны былі быць каталікамі. Аднак гэта зусім не так, і лепшы прыклад тут — гэта лёс роднага ўнучатага пляменніка Богуша-Сестранцэвіча — Ігната Іванавіча Марцінкевіча. Ён быў жанаты двойчы, і двойчы з князёўнамі — першы раз з Кантэмір, другі раз з Валконскай. Так, абедзве яго жонкі былі праваслаўнымі. Думаю, што сам Мітрапаліт стараўся, падшукваючы яму нявест. А ў тагачаснай Расіі міжканфесійны шлюб накладваў пэўныя абмежаванні, паўплываць на якія не мог нават сам Мітрапаліт. Дзеці ад змешанага шлюбу маглі быць ахрышчаныя толькі ў праваслаўе, пра што сам Ігнат перад шлюбам даў афіцыйную распіску. Аднак ўстаноўка, што Дуніны-Марцінкевічы — гэта каталікі, дзейнічала настолькі моцна, што нават у акадэмічным выданні дакументаў «Невядомы Дунін-Марцінкевіч», дзе ў арыгінальным тэксце напісана: «z cerkwi Sankt-Peterzburgskiey s. Rawnoapostolskiey MaryiMagdaleny przez x. Maryanskiego instytutu», перакладзена: «з Санкт-Пецярбургскага касцёла святой роўнаапостальнай Марыі Магдалены ксяндзом Марыянскім». З’явіўся не толькі касцёл замест царквы, але і нейкі ксёндз Марыянскі замест Марыінскага інстытута. Так, унукі Яна Марцінкевіча і сыны Ігната сталі праваслаўнымі, і, падобна, што ніхто, нават сам Мітрапаліт не бачылі ў гэтым непераадольнай праблемы.

— Ці змянілася Ваша думка пра Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча пасля таго, як Вы даведаліся пра ўсе гэтыя фальсіфікацыі і іншыя падрабязнасці яго жыцця?

— У мяне ёсць вельмі вялікае адрозненне ад людзей, якія раней даследавалі Марцінкевіча — і ў Язэпа Янушкевіча, і ў Генадзя Кісялёва і іншых вельмі прыкметна, што яны рэальна закаханыя ў свайго героя. Магчыма, што таму яны ці пастараліся абысці ўвагай факт крымінальных праблем нашага класіка, ці даць яму нейкае добрапрыстойнае тлумачэнне. Я ж не ідэалізаваў яго з самага пачатку — мяне цікавілі толькі факты, і я не ставіў задачу стварыць новы міф пра беларускага класіка. Ён зрабіў вельмі шмат для беларускага народа — і яго складаная і авантурнае жыццё цяпер, хутчэй, можа толькі прыцягнуць да яго цікавасць моладзі, чым стварэнне з яго толькі станоўчай асобы. Ён быў вельмі шматгранны, непрадказальны, жыў у складаны час, не заўсёды ў яго былі магчымасці ісці па жыцці з горда ўзнятай галавой, часам даводзілася і выкручвацца, і хітраваць. У рэшце рэшт, пакінутая ім спадчына — бясспрэчная. Гэта ўзняццё беларускай мовы на зусім іншы ўзровень — пастаноўка яе ў шэраг з іншымі славянскімі мовамі, стварэнне літаратурнай мовы, на якую ўжо можна было перакласці лепшыя ўзоры паэзіі — у тым ліку вялікую паэму «Пан Тадэвуш» нашага польскамоўнага земляка Адама Міцкевіча.

— Якія ў Вас далейшыя творчыя планы? Ці плануеце зрабіць такое ж грунтоўнае даследаванне іншых вядомых асобаў?

— Планаў шмат, і адзін з найпершых — гэта апрацаваць і ўвесці ў навуковы і грамадскі зварот новыя веды пра Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Новых даследаванняў на гэтую тэму я ўжо не планую — для мяне больш актуальнымі з’яўляюцца тэмы вывучэння сталінскіх рэпрэсій або дзейнасці БНР. Але ўсё, што было ўжо знойдзена мною пра нашага класіка, будзе выдадзена ў выглядзе артыкулаў або нават кніг. Хочацца давесці да лагічнага завяршэння ў выглядзе кніг і даследаванні па гісторыі Мінскага турэмнага замка — магчыма, што ў гэтым годзе выйдзе першая кніга. І, вядома, нельга прапусціць юбілей — 100 гадоў БНР — таму магчыма, што выйдзе кніга з крымінальнай справай нашага вядомага дзеяча Клаўдзія Дуж-Душэўскага.

Гутарыў Максім Гацак, krynica.info

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031