Знайсці
14.12.2017 / 17:31РусŁacБел

Генетыкі раскрылі сакрэт сям'і з Італіі, члены якой не адчуваюць болю, — і аналагічна «адключылі» боль у мышэй

Пажылая жанчына з Італіі, дзве яе дачкі і тры ўнукі не адчуваюць боль праз мутацыю ў гене ZFHX2, які адказвае за зборку большасці кампанентаў рэцэптараў болі ў нервовых клетках, гаворыцца ў артыкуле, апублікаваным у часопісе Brain.

«Калі члены гэтай сям'і ламаюць рукі ці ногі, то яны першапачаткова адчуваюць зусім невялікі боль, але ён хутка праходзіць. Напрыклад, Летыцыя зламала плячо, калі каталася на лыжах, але не заўважыла гэтага і працягвала катацца ўвесь дзень. Аб пераломе яна даведалася толькі на наступны дзень», — распавёў Джэймс Кокс з універсітэцкага каледжа Лондана.

У геноме чалавека і іншых жывёл са складанай нервовай сістэмай ёсць некалькі дзясяткаў генаў, што адказваюць за ўзаемадзеянне з навакольным асяроддзем і выпрацоўку сігналаў небяспекі. Найбольш эфектыўны і ўніверсальны з гэтых сігналаў — пачуццё болю, якое дапамагае людзям запамінаць небяспечныя прадметы і з'явы і пазбягаць іх у будучыні.

Упершыню пра сям'ю «супермэнаў» навукоўцы даведаліся ў 2008 годзе, калі пра яе распавялі італьянскія дактары. Яе члены нярэдка атрымлівалі пераломы або моцныя ўдары і парэзы і не заўважалі гэтага, працягваючы дзейнічаць рукамі і нагамі, як быццам яны не былі зламаныя.

Медыкі доўгі час не маглі зразумець, як гэта атрымалася, — гэтыя людзі не адчувалі самага сур'ёзнага болю, звязанага з пашкоджаннямі костак і цягліц, але пры гэтым часта скардзіліся на галаўны боль і рэзь у кішачніку, а таксама на непрыемныя адчуванні падчас родаў.

Каб даследваць праблему, навукоўцы расшыфравалі ДНК членаў сям'і і вывучылі структуру ўсіх генаў, звязаных з болевымі адчуваннямі.

Як аказалася, прычынай развіцця такіх здольнасцяў стала адзінкавая мутацыя ў гене ZFHX2, які выконвае ролю своеасаблівага рэгулятара адчувальнасці нервовых клетак пры рэакцыі на розныя болевыя стымулы.

Зацікавіўшыся роляй гэтага гена ў працы «цэнтра болю» ў мозгу, навукоўцы спачатку цалкам выдалілі яго з ДНК мышэй, а потым перасадзілі ім «мутантную» версію ZFHX2. У выніку грызуны практычна цалкам перасталі рэагаваць на цяпло, апёкі, пякучыя рэчывы і іншыя болевыя стымулы, бо змянілася праца 16 іншых генаў, актыўнасцю якіх кіруе ZFHX2.

Гэтае адкрыццё, як адзначае Кокс, можа дапамагчы навукоўцам стварыць прэпараты, якія б часова «адключалі» боль. Што тычыцца італьянскай сям'і, то навукоўцы прапанавалі яе членам прайсці зваротную працэдуру і вярнуць пачуццё болю, але тыя адказалі адмовай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930