Сынхронныя перамогі супернікаў БАТЭ
І БАТЭ таксама. Апанэнты на Лізе чэмпіёнаў правялі матчы нацыянальных першынстваў. Найцікавей было ў нядзелю ў Мадрыдзе.
Мадрыдзкі «Рэал» -- БАТЭ зь ім гуляць ужо ў сераду - са скрыпам на хатнім стадыёне «Санцьяга Бэрнабэу» перамог навічка «прымеры» сарыйскую «Нумансію» - 4:3.
Прычым каралеўскі клюб двойчы саступаў па ходзе гульні - 0:1, 1:2.
«Рэал» выйшаў на матч у наступным складзе: Касільяс, Сальгада, Пэпэ, Мэтцэльдэр, Марсэла, Дыяра, Рабэн, Ігуаін (Дрэнтэ, 83), ван дэр Варт (Дэ ля Рэд, 69), Гуці, ван Ністэльрой (Рауль, 69).
Існуе меркаваньне, што пераможны склад не мяняюць, таму менавіта гэтых гульцоў мы можам пабачыць пасьлязаўтра ў матчы супраць БАТЭ.
Дарэчы, Гуці які ўзраўняў лік (1:1), забіў 5 000 мяч «Рэала» ў чэмпіянатах Гішпаніі.
Турынскі «Ювэнтус» перамог на сваім полі «Удзінэзэ». Адзіны гол на рахунку Амауры.
Піцерскі «Зеніт» у гасьцях разграміў грозьненскі (ну не джахар-гальскі ж) «Церак» - 1:4 (Аршавін, Крыжанац, Паграбняк, Зараняў).
Стадыён у Грозным дыскваліфікаваны, і матч праходзіў у Махачкале. Дарэчы, церакскі клюб хацеў яго правесьці ... ва Ўладывастоку, на што трэнер піцерцаў Дзік Адвакат парыраваў, давайце адразу ў Лос-Анджэласе.
Гэта, дарэчы, ня ўсе мэтады "Церака". Перад матчам службы стадыёна ў Махачкале на 4 мэтры звузілі поле.
«Зеніт» зараз у чэмпіянаце Расеі займае 7-е месца, адстаючы ад лідэра чэмпіянату казанскага «Рубіна» на 14 пунктаў.
17 верасьня «Зеніт» гуляе акурат у Турыне з «Ювэнтусам».
БАТЭ таксама выйграў, у гасьцях у наваполацкага «Нафтана» - 1:2 і вярнуў сабе першае месца ў чэмпіянаце.
Зараз барысаўскі клюб апярэджвае МТЗ-РІПА на адзін пункт.
Прыкрая навіна прыйшла ў сераду з Барсэлёны.
У матчы супраць «Расінга» атрымаў траўму беларускі паўабаронца аднайменнага клюба Аляксандар Глеб,і ён быў заменены на 38-й хвіліне.
Паводле пэсімістычных прагнозаў, Аляксандар прапусьціць 3-4 тыдні. Такім чынам беларус дакладна ня зможа згуляць заўтра, у аўторак, у матчы Лігі чэмпіёнаў супраць лісабонскага «Спортынга».
Гэты матч пакажа ў жывым этэры БТ. Пачатак а 21:45.