Знайсці
16.10.2017 / 15:0234РусŁacБел

Тры салдаты з Печаў знаходзяцца ў РНПЦ у Навінках. Адзін з іх спрабаваў здзейсніць суіцыд

Фота Алега Кіндара

Сярод пацыентаў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя — салдат, які зрабіў спробу суіцыду напярэдадні гібелі Аляксандра Коржыча ў Печах.

— Мой сын цяпер сапраўды ў Навінках, яго прывезлі туды на мінулым тыдні, — распавядае мама аднаго з салдат вайсковай часці 39 864 навучальнага цэнтра ў Печах. — Чаму ён тут? З дзяцей здзекуюцца: патрабуюць грошы, крадуць асабістыя рэчы. А я зарабляю вельмі мала, сын такую сітуацыю ўспрымае блізка да сэрца. Ён разумее: мне цяжка на свае 250 рублёў купіць прыстойныя рэчы.

Па словах мамы, яе сын не рабіў спробаў самагубства, у асабістай гутарцы з кіраўніцтвам сказаў: «Магу больш не вытрымаць. Што-небудзь з сабой зраблю».

— Сыну высылаю грошы не толькі я, але і родныя, яго дзяўчына. З яго здзекаваліся маральна, фізічна. Вядома, пайду на размову з кіраўніцтвам, маўчаць не буду, раз маё дзіця пайшло ў войска здаровым, то хачу атрымаць назад таксама здаровага хлопца, — кажа мама салдата. - Цяпер сын стаў скрытным, дрыжыць і баіцца нешта сказаць.

З гэтай жа часці 39 864 у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры псіхічнага здароўя на лячэнні знаходзіцца яшчэ адзін салдат. У размове з TUT.BY яго родныя адразу адзначылі: хлопцу вельмі падабалася армія, ён захоплена распавядаў пра службу, пакуль яму не зрабілі аперацыю.

— Сыну няправільна ўскрылі фурункул над вокам, занеслі інфекцыю, пачалося заражэнне крыві. Яго ратавалі ў рэанімацыі ваеннага шпіталя. Фізічна сына вылечылі, але маральна здароўе было падарвана. Прасіў аб дапамозе, а 5-га кастрычніка яго паклалі ў Навінкі, - кажа мама салдата з Печаў. — Зараз армія заключаецца ў грошах. Ёсць грошы — ты ў пашане, няма — ты ніхто. Было б прасцей адкупіцца ад службы, чым высылаць туды.

Сам салдат, па словах маці, не бачыў нічога страшнага ў тым, што трэба было плаціць тым, хто па званні вышэйшы. Грошы яму высылалі і мама, і брат. Перад службай сына жанчына зрабіла салдату другую картку, куды пералічваўся яе заробак. Большую частку яна здымала, астатнімі грашыма мог распараджацца сын.

— Часам хадзіў у чыпок (буфет) па 5 разоў на дзень, я яшчэ гаварыла: «Гэта карова можа столькі з'есці, а не ты». Абуралася, ён казаў, што гэта жыццё. Дарэчы, сын запэўніваў, што ніхто нікога там не біў. Зараз дзедаўшчына ў войску будуецца не ў тым, каб кагосьці біць, яна заключаецца ў грошах. Аднойчы за два дні сышло 45 рублёў, бо сяржант дазволіў патэлефанаваць дадому, схадзіць у чыпок. У месяц недзе сыходзіла па 100 рублёў.

Паводле інфармацыі TUT.BY, у Навінкі таксама накіраваны яшчэ адзін салдат, які распачаў спробу самагубства.

***

Нагадаем, у дадзены момант Следчы камітэт расследуе гібель Аляксандра Коржыча ў Печах, адпрацоўваюцца тры версіі, сярод якіх забойства. Крымінальная справа ўзята на асабісты кантроль прэзідэнта.

— Сапраўды, на лячэнні ў Навінках зараз знаходзяцца тры чалавекі, у тым ліку малады чалавек, які напярэдадні гібелі вайскоўца (Аляксандра Коржыча) спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам, але спроба была папярэджаная службовымі асобамі 72-га гвардзейскага аб'яднанага вучэбнага цэнтра. І было выяўлена, што да службы ў войску ён чатыры разы спрабаваў здзейсніць суіцыд, што было ўтоена сваякамі, як ні сумна гэта прызнаваць, - каментуе TUT.BY Уладзімір Макараў, прэс-сакратар галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінабароны. - Акрамя таго, пасля вясновага прызыву ваенным ведамствам было выяўлена, што 3,5% салдат знаходзіліся на ўліку ў псіхіятра.

— Якім чынам яны тады трапілі ў войска?

— Заканамернае пытанне, з гэтай нагоды праводзіцца праверка.

Раней у СМІ з'явілася інфармацыя, што салдат, які знайшоў цела Коржыча, таксама трапіў у РНПЦ у Навінках. Мінабароны гэтую інфармацыю не пацвярджае.

Кацярына Барысевіч, Tut.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031