Знайсці
02.12.2005 / 03:26РусŁacБел

Бяскрыўдныя фантазіі пра лепшае жыцьцё

Беларусы ў празе да халявы ня лепшыя і ня горшыя за астатніх. Пра гэта сьведчыць лятарэйны бум, што ахапіў нашых грамадзян. «Ваша лято», «Супэрлято», «Спортлято» рэклямуюцца ў СМІ, адмысловыя квіткі можна набыць дзе заўгодна: у шапіках, на пошце, у людзей у спэцвопратцы. Абяцаныя нечуваныя, па нашых мерках, выйгрышы выклікаюць і недавер, і жаданьне імгненна абагаціцца.

У заможных краінах лятарэяй цікавяцца найперш ніжэйшыя слаі грамадзтва, багатыя лішні раз падумаюць, ці рызыкаваць нават адным эўра, маючы шанц 1:1000. У нас за ўдачай ганяюцца і асьпіранты, і міліцыянты.

Ажыятаж вакол лятарэй і іх колькасьць правакуюць пытаньні: хто за ўсім стаіць, куды ідуць атрыманыя ад продажу сродкі і, самае галоўнае: ці варта гуляць зь дзяржавай у азартныя гульні?

Арганізацыяй лятарэй — грашова-рэчавых, імгненных, лічбавых — займаецца РУП «Беларускія лятэрэі», заснаванае прэзыдэнцкім дэкрэтам №6, што мае ў кожнай вобласьці даччыную філію. Калі тыражныя лятэрэі яшчэ даюць надзею раптам разбагацець, то імгненная ўдача насьцярожвае. Такі квіток мае сэрыйны нумар і два замаляваныя фарбай сэктары: адзін — з імаверным выйгрышам, а часьцей паведамленьнем «Паспрабуй яшчэ», другі сьціраецца ў прысутнасьці спэцыяльнай камісіі. І тут узьнікае пытаньне: што зрабілі ў першую чаргу — нанесьлі на ваш білет, зь якога вы спадзяваліся атрымаць 5 млн, фарбу ці выбілі сэрыйны нумар?

Прызавы фонд лятарэй — 45—50%. Адны зь іх прыносяць дзяржаве 20 млн рублёў («На скрыжаваньнях Эўропы»), другія («Ваша лято») — 250 млн у адным розыгрышы. Паводле словаў арганізатараў, прыбыткі накіроўваюцца на фінансаваньне фізкультуры і спорту, ліквідацыю вынікаў стыхійных бедзтваў, аказаньне дапамогі малазабясьпечаным грамадзянам, ахову навакольнага асяродзьдзя, помнікаў гісторыі, а таксама іншыя мэты, якія вызначаюцца дэкрэтамі і ўказамі прэзыдэнта. Асаблівасьць нацыянальнай лятарэі, акрамя памераў прызоў, у тым, што яна робіцца адной з крыніц папаўненьня бюджэту, які нельга пракантраляваць. А недавер падаграваецца масавымі выпадкамі добраахвотна-прымусовага распаўсюджваньня лятарэйных білетаў на прадпрыемствах. Дзяржава, у асобе арганізатараў лятарэі, і не хавае сваіх мэтаў і стаўленьня да сваіх грамадзянаў: «Несумненна адно: лятарэя — гэта магчымасьць хоць на імгненьне вызваліцца ад штодзённых турбот, паддаўшыся цалкам бяскрыўдным марам пра лепшае жыцьцё, а шмат для каго гэтыя мары ператвараюцца ў рэальнасьць…»

Удачы!

Сямён Печанко

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031