Знайсці
27.12.2016 / 16:2411РусŁacБел

Чалавека будуць судзіць за чытанне вершаў ля помніка Багдановічу

Старшыню Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча будуць судзіць за арганізацыю адразу двух несанкцыянаваных мерапрыемстваў. Да канца году пройдуць яшчэ як мінімум чатыры суды над сябрамі арганізацыі, паведамляе афіцыйны сайт руху. 

9 снежня больш за 20 чалавек узяло ўдзел у літаратурных чытаннях да 125-годдзя паэта Максіма Багдановіча па закліку старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча. За чытанні пратаколы былі складзеныя як мінімум на чатырох сябраў Руху «За Свабоду».

Справу Губарэвіча разгледзяць сёння, 27 снежня, у Цэнтральным судзе Мінска (вул. Кірава, 21), у 12.30. Плануецца, што суддзя прыме рашэнне адразу па двух справах супраць Губарэвіча: па акцыі ля КДБ (Дзень смутку ў памяць ахвяраў Савецкай улады) 7 лістапада і чытаннях вершаў у гонар 125-годдзя паэта Максіма Багдановіча 9 снежня.

«Логіка ўладаў — абсурдная. Усім вядома, як адбываецца збор людзей на афіцыёзныя мерапрыемствы, у тым ліку і на святкаванне 125-годдзе Багдановіча: наганяюць вайскоўцаў і студэнтаў. Тых жа людзей, што шчыра любяць творчасць паэта, дзяржава ў выніку карае і прапускае праз рэпрэсіўны механізм судоў», — пракаментаваў дзеянні ўладаў Губарэвіч.

Абсурдная логіка ўладаў. Калі афіцыёзнае мерапрыемства, то можна нагнаць студэнтаў, вайскоўцаў, якія там сумавалі. А калі людзі праявілі ўласную ініцыятыву, за гэта яны трапляюць пад рэпрэсіі. Усё што не дазволена — усё забаронена», — пракаментаваў атрыманні пратаколаў Юрась Губарэвіч.

Да канца году пройдуць яшчэ як мінімум чатыры суды над сябрамі арганізацыі Руху «За Свабоду».

Дзмітрый Кантаровіч 27 снежня ў Савецкім судзе абскарджвае прысуд за збор подпісаў у падтрымку бел-чырвона-белага сцягу.

28 снежня у Цэнтральным судзе з розніцай у паўгадзіны будуць разглядаць справы сябра мінскай гарадской рады Руху Алеся Славінскага і сябра Руху Аляксея Саевіча, 30 снежня той жа суд прыме рашэнне па справе сябра Руху Аляксея Клюшнічэнкі. Усе яны абвінавачваюцца ва ўдзеле ў несанкцыяваным пікеце ля помніка Максіма Багдановіча і калектыўных чытаннях вершаў знакамітага беларускага паэта.

Адзначым, што 9 снежня прайшлі таксама афіцыйныя мераепрыемствы да 125-годдзя Багдановіча. У прыватнасці, некалькі гадзінамі да чытанняў Руху ля помніка паэту прайшоў афіцыйны мітынг «Паклонімся Максіму», студэнты ВНУ чыталі ягоныя вершы. Ніхто з удзельнікаў акцыі пакараны не быў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031