Знайсці
13.11.2013 / 01:311РусŁacБел

Сонца для горада Р'юкан: самыя незвычайныя люстэркі свету

На фота: жыхары горада Р'юкан грэюцца ў сонечных прамянях, адлюстраваных гіганцкімі люстэркамі на вяршыні гары. Фота АП.

Нарвежскі горад Р'юкан заціснуты ў лагчыне паміж масіўнымі горнымі хрыбтамі. Таму ўзімку, калі сонца не падымаецца высока, горад пастаянна знаходзіцца ў цені, што негатыўна адбівалася на здароўі і самапачуванні трох тысячаў жыхароў гарадка.

Каб выправіць становішча, муніцыпальныя ўлады ўсталявалі на вяршыню гары тры вялізныя люстры агульнай плошчай 51 кв.м. Люстры перакіроўваюць сонечныя прамяні на гарадскую плошчу, і цяпер мясцовыя жыхары могуць грэцца ў гіганцкім сонечным зайчыку, што стымулюе выпрацоўку вітаміну D і дапамагае змагацца з дэпрэсіяй.

Але гэта не адзіныя дзівосныя люстэркі сучаснага свету.

Люстэркавыя палі Андалузіі

На фота Вы бачыце сонечную электрастанцыю Gemasolar магутнасцю 20 мегават у Іспаніі. У якасці цепланосьбіта ў Gemasolar выкарыстоўваецца расплаўленая соль, якая застаецца гарачай 15 гадзін пасля заходу сонца. 

Іспанія багатая на сонечнае святло, і канструктары вырашылі па максімуме выкарыстаць гэты бясплатны рэсурс. Менавіта ў Іспаніі былі ўведзеныя ў камерцыйнае выкарыстанне першыя ў свеце электрастанцыі, якія працуюць на канцэнтраванай сонечнай энергіі.

Такая электрастанцыя складаецца з цэнтральнай вежы і рухомых люстэрак-геліястатаў вакол яе. Люстры накіроўваюць сонечнае святло на вяршыню вежы, дзе знаходзяцца бакі з вадой. Вада ператвараецца ў пару, якая круціць турбіну электрагенератара. Тэмпература пары ў электрастанцыі дасягае 275 градусаў Цэльсія. 

Выгляд электрастанцый на канцэнтраванай сонечнай энергіі сапраўды зачароўвае: яны нагадваюць суцэльныя люстэркавыя палі. Першая сонечная электрастанцыя такога тыпу была PS10 магутнасцю 11 мегават. Яна мела 624 геліястаты, PS20 (20 мегават) — 1255, а найбольшая электрастанцыя Gemasolar (20 мегават) — адразу 2660 люстэрак, кожнае плошчай 120 кв.м.

Гіганцкае нябеснае вока

Люстры неабходныя і для вывучэння касмічных таямніц. Сённяшнія аптычныя тэлескопы выкарыстоўваюць менавіта люстры. Вялікае люстра дае магчымасць улавіць вельмі слабае святло, нябачнае для вока чалавека. Да таго ж, чым большае люстэрка, тым большае разрозненне атрыманай выявы і тым далей можа «бачыць» тэлескоп.

Сёння самае вялікае суцэльнае люстра адліта для тэлескопа Giant Magellan Telescope, які стаіць чылійскіх гарах. Дыяметр галоўнага люстра ў ім складае 8,4 метра. Для яго адліўкі спатрэбілася 20 тон шкла. Пры гэтым астранамічнае люстра мусіць быць вельмі якасным і роўным, інакш з'явяцца недапушчальныя скажэнні. Таму гэтае люстра з дакладнасцю да 1/20 даўжыні хвалі святла можна смела назваць найвышэйшым дасягненнем люстрабудаўніцтва.

Кірыла Хілько

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031