Даслаць навіну
Знайсці
23.03.2013 / 01:35 24

Школьны дыктат

Піша Сяргей Ваганаў.

Прачытаў у мінулым нумары «НН» сумны аповед маладога настаўніка гісторыі «Два гады — і я валю». Узгадалася, як аднойчы стаў міжвольным сведкам маленькай драмы знаёмай сям’і.

На той момант над школай навісла пагроза чарговага рэфармавання. У самы разгар абмеркавання праблемы — «а калі адзінаццаць?.. а калі дванаццаць?» — празвінеў званок. Да тэлефона жвавенька падбегла дачка. Мусіць, чакала... Але голас яе адразу набыў стрыманы сум: «Так... так... прабачце... забылася... заўтра ж данясу... да пабачэння...» — «Ну, вось, — паклала слухаўку, — яшчэ дзве тысячы, на «Юный спасатель»... — «А вы адмоўцеся», — параіў я...

Тата з мамай моўчкі ўтаропіліся ў мяне — мо яшчэ што параіш? У вачах дачкі набрыняла сляза...

Пра школьныя паборы чулася тады з усіх бакоў. Але ў той сям’і і яе адносінах са школай існавала істотная дэталь:
класная, чый званок так патрапіў «у тэму», ужо паспела адпомсціць — уляпіла «тройку» за беларускі дыктант, з-за чаго за год выходзіла «сямёрка». «І гэта дзяўчынцы, — са скрухай усклікнула мама, — якая бліскуча ведае і беларускую, і рускую, і англійскую мовы, польскую вывучае!» Такое вось наступства адмовы ад школьных абедаў... «Можаш не есці, толькі данясі грошы, — ледзь не плачучы прасіла класная, — бо мяне пазбавяць прэміі...»

Бедныя дзеці, бедныя настаўнікі...

Я не ведаю, пра што гаворым мы, калі гаворым пра школу.

Я не ведаю, што мы час ад часу з ліхаманкавай экспрэсіўнасцю нібыта абмяркоўваем. Рэфармацыю?

Але такую школу нельга рэфармаваць. Такую школу трэба толькі зачыніць. З-за незаменнай шкоды, што прычыняе грамадству такая школа, год ад года рэпрадукуючы хлусаў і прыстасаванцаў, распаўсюджваючы пошасць канфармізму, страху і крывадушша.
Альбо, калі сям’я заклала ў нашчадка супраціў хлусні і дыктату, школа рыхтуе яму незайздросную долю «белай вароны», «пудзіла»...

Нават 10-бальная сістэма адзнак, і тая вучыць крывадушнічаць: «сямёрка» — гэта «чацвёрка з мінусам», а не «тройка з плюсам»...

Праграмы... падручнікі... методыкі... Усё гэта, безумоўна, важна для адукаванасці грамадства, ягонага самаадчування ў ХХI стагоддзі. Але куды больш важны маральны выбар. Самаадчуванне грамадства вызначаецца менавіта ім.

Пра тое, якое гэта самаадчуванне насамрэч, можна меркаваць, калі ўявіць сабе настаўніка, што перад такім маральным выбарам аказаўся. «Два гады — і валю» — не самы цяжкі. А калі жыццё?

Калі жыццё — гэта выбар паміж жыццём і смерцю. Бо пайсці з прафесіі, якой прысвяціў жыццё, усё роўна што памерці. Асабліва калі гэты сыход абумоўлены знявагай тваёй прафесійнай і чалавечай годнасці.

А што гэта — годнасць настаўніка? Гэта найвышэйшая справядлівасць у адносінах да сваіх вучняў.

Ці не перад такім выбарам апынулася ў свой час Вольга Сянькова, дырэктарка салігорскай школы, калі чыноўнікі ад адукацыі выключылі са школы актывіста «Маладога фронту» Івана Шылу, ды яшчэ напярэдадні апошняга выпускнога іспыту?
Не ведаю яе далейшага лёсу, але тады, пратэстуючы, яна пакінула і пасаду, і школу. Між тым прыклад не бу-дзе поўным, калі не сказаць аб астатніх настаўніках: ледзь акрыяўшы ў сваёй падтрымцы дырэктаркі, яны хутка змоўклі і прагаласавалі «за» выключэнне аднаго з найлепшых вучняў. Такая вось дэмакратыя па-чыноўніцку — выключэнне шляхам галасавання...

Кожны чалавек, не толькі настаўнік, робіць у сваім жыцці, і не аднойчы, маральны выбар. Але ў тым, што тычыцца школы, падобны выбар вызначае жыццё пакаленняў і будучыню краіны.
Вось чаму, выбіраючы сістэму адукацыі, немагчыма ігнараваць маральнасць, найперш праз сапраўдную дэмакратычнасць. Бо дэмакратыя — гэта яшчэ і маральнасць у суадносінах паміж грамадствам і дзяржавай. Безумоўна, у спалучэнні з законам.

А што ў нас? У лепшым выпадку — псеўдадыскусіі ў рэжыме дыктата.

І каго мы чуем у гэтых псеўдадыскусіях акрамя чыноўнікаў ад адукацыі? Мо ведаем, што думаюць аб ёй бліскучыя педагогі, маральныя аўтарытэты, высокія інтэлектуалы? Мо чытаем іх кнігі, артыкулы, чуем іх у адкрытых дэбатах? Усё, што можна назіраць — гэта перацягванне каната рознымі чыноўніцкімі кланамі: адзінаццацігодка-дванаццацігодка...

Па-руску кажучы: одиннадцатиКлетка, двенадцатиКлетка… Ёсць розніца?

Як ніякая іншая дзяржаўная інстытуцыя сучасная беларуская школа ўяўляе сабой злепак з улады, з яе аўтарытарнай канструкцыі, стылю паводзін, інтэлектуальнага ўзроўню і манер.
Нездарма абвешчана арыентацыя на ўсярэднены, прабачце, узровень сярэдняй адукацыі, што, безумоўна, адбіваецца на адукацыі вышэйшай.

А там, дзе няма найвышэйшай адукацыі, гэтага падмурка прафесійнай і чалавечай годнасці, угнойваецца і пашыраецца прастора для «жэстачайшых мер»...

Сяргей Ваганаў, kamerton_41@mail.ru

0
Мiмаходзь / адказаць
23.03.2013 / 23:15
2Настаўніца Так, адбор прайшоў. Але не натуральны - пра тое і артыкул: школа, як злепак з улады. Сумленнаму чалавеку працаваць у сучаснай школе, бадай што, немагчыма. Ведаю - сам настаўнік.
0
Isebreaker / адказаць
24.03.2013 / 09:32
Вельмі нават магчыма! Сам таксама настаўнік. Залежыць ад адміністрацыі школы канешне вельмі)
0
лістапад / адказаць
25.03.2013 / 18:59
Гэта калі сумленне прыглушыць ці адключыць, тады магчыма.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
верасень кастрычнік лістапад
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30 31