Знайсці
20.10.2012 / 10:194РусŁacБел

Мой дзед, Раман Сабаленка

Лёс майго дзеда, Рамана Сабаленкі, нельга назваць лёгкім — у 30-я гады, падчас сапраўднага палявання на беларускамоўных, ён тройчы апынуўся за кратамі.

Пра тое, што дзеда арыштоўвалі не толькі ў 1937-м і ў 1929-м, мы даведаліся выпадкова
— калі ў канцы 90-х з’явіліся спісы рэпрэсаваных. Абвінавачанні былі тыповымі для таго часу — «спяваў польскія нацыяналістычныя песні» (трэба заўважыць, што дзед ніколі не спяваў і па-польску не ведаў ні слова) ці «за спробу падрыву чыгуначнага моста ў Брагінскім раёне. Першы раз уратавала змена наркамаў, другі — адсутнасць чыгункі ў Брагінскім раёне.

Падчас аднаго з арыштаў, калі ад маёй бабулі адвярнуліся ўсе знаёмыя — жонка «ворага народа», лепей пры сустрэчы перайсці вуліцу — здарылася такая гісторыя.
Аднойчы яна сустрэла на вуліцы кампазітара Рыгора Пукста, які, ведаючы пра цяжкую сітуацыю, проста падышоў да яе, абняў і сказаў што вінен дзеду грошай, і дастаў усё, што на той момант было ў кішэнях. Абодва выдатна ведалі, што ніякіх грошай ніхто нікому не пазычаў.

Яшчэ адзін арышт адбыўся падчас вайны — тыповая правакацыя тых часоў, калі спецыяльна падрыхтаваны чалавек перадае іншаму лістоўку з антысавецкім зместам.
Але там справа развалілася падчас следства.

Дзед ніколі не пісаў і не расказваў пра вайну, як і не крытыкаваў савецкую ўладу — і да таго, і да таго ён ставіўся звышадмоўна: калі вайну хацеў забыць, то савецкая ўлада заўжды была побач.

Адзіная дзедава згадка пра вайну была пра тое, што ён прывёз бацьку пару лакаваных туфляў, вельмі модных у тагачаснай Еўропе. Але ў вёсцы Сабалі хадзіць у іх не было дзе, дый пражылі гэтыя туфлі роўна дзень — новы гаспадар амаль адразу пайшоў чысціць у іх хлеў. Што да савецкай улады, то дзед узрадаваўся смерці Сталіна, чым напалохаў сваякоў.

Кнігі дзеда чыталі — аповесць «Незамужняя ўдава» была, канечне, не тым, што цяпер называюць бэстсэлерам, але для таго часу была вельмі папулярнай. Як і аўтабіяграфічная трылогія «Іду ў жыццё».

На вялікі жаль, мы з дзедам так і не сустрэліся — ён памёр у 1975 годзе ад наступстваў інсульту, калі 9 Мая да яго прыйшлі з віншаваннямі знаёмыя.
Дзед якраз ішоў на папраўку, але ад згадак пра вайну яму зрабілася значна горш, і 13 мая яго не стала.

У мяне, дый у іншых маіх сваякоў, своеасаблівае ўспрыманне постацяў беларускай літаратуры савецкага часу — амаль пра ўсіх дзед шмат расказваў, і вобразы складваліся самі сабой: хтосьці геніяльны, хтосьці мае праблемы з характарам, але пры гэтым неаспрэчна таленавіты, хтосьці піша «на хуткасць» і скардзіцца на адсутнасць грошай.

Сам дзед не прэтэндаваў на першыя месцы ў беларускай літаратуры і добра гэта ўсведамляў
— адчуваў, што яму не хапае адукацыі, якая ёсць у маладзейшых літаратараў, але ніколі не ставіўся да іх скептычна.

Калі частка маіх сваякоў адпраўлялася ў Маскву,

стала незразумела, што рабіць з рукапісамі, якія раней захоўваліся ў дзедавай кватэры на Янкі Купалы.
Ад’езд быў вельмі хаатычны, некаторыя рэчы проста згубіліся, некаторыя не маглі падзяліць паміж сабой. Тыя валізы з рукапісамі аддалі ў Музей літаратуры, а кнігі раздалі па знаёмых. Бо выкінуць нават адзін асобнік любой кнігі не падымалася рука.

На стале ў сябе я трымаю ягоную чарніліцу — вельмі густоўную рэч, з невялікім нататнікам — адзінае, што засталося ў мяне падчас трох розных пераездаў, калі не лічыць кніг.
Пэўны час я выкарыстоўваў прозвішча Сабаленка ў якасці свайго псеўданіма, аднак знайшліся далёкія сваякі — на Палессі сем’і былі заўжды вялікімі, — і давялося ад яго адмовіцца.

Дзеду «не пашанцавала» з датай нараджэння — рэч у тым, што 17 кастрычніка нарадзіўся Мікалай Чаргінец, чый юбілей можа перакрыць бадай любую літаратурную постаць.
А розніца ў два дні — дзед нарадзіўся 15-га — у такіх выпадках амаль не заўважная. Таму ў 2007 годзе стогадовы юбілей не заўважыла ніводнае выданне, дзе дзед калісьці працаваў.

Юрась Ускоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031