Знайсці
11.09.2012 / 10:5414РусŁacБел

Як Горкі рыхтуюць да Дажынак

Цуды ў палях, новы бляск гатэля «Проня» і джакузі Мясніковіча.

Гэта ўжо зрабілася беларускай традыцыяй. На некалькі тыдняў у канцы лета і пачатку верасня адзін з гарадоў краіны занураецца ў атмасферу аўралу і мітусні. У розныя гады сталіцамі нацыянальнага аграфэсту рабіліся Шклоў, Бабруйск, Рэчыца, Орша, Маладзечна і іншыя населеныя пункты. Цяпер сілы сотняў будаўнікоў сцягнутыя ў Горкі — райцэнтр на ўсходзе Магілёўскай вобласці, знакаміты сваёй сельгасакадэміі і тым, што ў ёй калісьці завочна вучыўся прэзідэнт. Што зрабілі з горадам напярэдадні Дажынак?

Першыя прыкметы свята бачныя кіламетраў за 150 ад Горак. Ля трасы М1, на дзіва польскім дальнабойшчыкам, убраныя саламяныя статуі вітаюць удзельнікаў «Дажынак». Пастараліся аградызайнеры з ААТ «Кляновічы» Крупскага раёна.

Ужо ў Горацкім раёне трапляем у дымавую заслону. Ля дарогі пілуюць і паляць ссечаныя дрэвы і кусты. «Загадана да Дажынак», — адмахнуліся ад нас мужыкі ў яркіх спяцоўках.

А вось яшчэ адна прыкмета свята. У вёсачцы пад назвай Казлы шкаляроў вывелі на афарбоўку платоў уздоўж дарогі.

Кіруе працэсам старшыня мясцовага сельвыканкама. «Справаў мноства, — кажа ён. — Важныя госці ехаць будуць, ім усё павінна спадабацца».

У вёсцы Сава важных гасцей Дажынак таксама чакае сюрпрыз — своеасаблівая кампазіцыя на тэму сытага сельскага жыцця. Толькі вусаты хлебароб чамусьці стаіць з працягнутай рукой.

Ехаць у Горкі на машыне можна без карты і навігатара. Спецыяльныя дарожныя знакі беспамылкова пакажуць, дзе павярнуць і колькі кіламетраў засталося да месца прызначэння.

Горкі адразу ж робяць уражанне шумнага і мітуслівага мястэчка. Стукаюць малаткамі будаўнікі, кладуць асфальт і малююць разметку дарожнікі, туды-сюды ходзяць самазвалы. Перасоўвацца па цэнтральных вуліцах не зусім камфортна, а пакінуўшы машыну ў няздатным месцы, праз гадзіну можна знайсці яе пад сантыметровым пластом пылу. Зрэшты, да часовых цяжкасцяў гараджане ставяцца з разуменнем: робіцца ж усё на карысць людзей.

Нам пашанцавала — у Горках у нас быў экскурсавод. Паказаць стратэгічныя аб’екты Дажынак пагадзіўся чалавек, які ў курсе ўсіх гарадскіх навін, — рэдактар сайта horki.info Ілля.

— Безумоўна, робіцца многае, і горад прыкметна змяніўся да лепшага. З іншага боку, рамантаваць дамы, класці асфальт і будаваць новыя аб’екты трэба заўсёды, а не толькі цяпер, — дзеліцца Ілля. — Вырашылі зрабіць з горада «цукерку» за год, але ці будзе якасць там, дзе спяшаюцца? Часам даходзіць да смешнага: перад чарговым візітам Мясніковіча сагналі ўсе гарадскія аўтавышкі да аднаго дома ў цэнтры і за вечар перафарбавалі фасад.

Дом Гарэцкага

Падрыхтоўка Горак да Дажынак ад пачатку суправаджалася скандаламі. Адзін з іх звязаны са зносам дома, дзе з 1926 па 1928 г. жыў класік беларускай літаратуры Максім Гарэцкі. Улада вырашыла: стары будынак, які не мае архітэктурнай каштоўнасці, знаходзіцца ў аварыйным стане і псуе выгляд берагавой лініі возера Ніжняга, дзе пройдуць галоўныя ўрачыстасці. Мясцовая інтэлігенцыя не пагадзілася: а як жа памяць пра пісьменніка?

«Гэты дом — адзіны ў Беларусі захаваны матэрыяльны аб’ект, звязаны з творчасцю М. Гарэцкага, — пісаў у адкрытым лісце да кіраўніцтва раёна мясцовы гісторык Аляксандр Каданчык. — Тут даўно трэба было адкрыць музей-кватэру пісьменніка, а недзе побач паставіць яму помнік».

Па законе ў Беларусі аб’екты могуць быць прызнаныя гісторыка-культурнай спадчынай, калі яны звязаныя з жыццём і дзейнасцю людзей, што зрабілі значны ўклад у гісторыю і культуру. Аднак Мінкульт довады абаронцаў дома палічыў непераканаўчымі і выдаў дазвол на знос.

На жаль, дом Гарэцкага мы не заспелі. Яго знеслі якраз напярэдадні нашага прыезду.

Джакузі Мясніковіча

Яшчэ адна гісторыя, што «праславіла» Горкі, звязаная з гатэлем «Проня». Год таму госць райцэнтра, блогер tomkad, меў неасцярожнасць скарыстацца мясцовым сэрвісам. Убачанае яго шакавала: брудная падлога, не працуе зліў у прыбіральні, аблезлыя сцены. І гэта нумар з відам на цэнтральную гарадскую плошчу! Фотаздымкі ўміг абляцелі інтэрнэт.

Атрымаўшы порцыю ганьбы, мясцовым чыноўнікам было пра што задумацца. Сёння пасля капрамонту «Проня» ўжо іншая. Будаўнікі перарабілі планіроўку, абліцавалі фасад шклом і пліткай (з незразумелай прычыны ў модзе цяпер суцэльна бэжавы колер). Архітэктурны стыль з цяжкасцю паддаецца класіфікацыі. Хай-тэк з прыстаўкай «агра»?

Так выглядае двухмесны нумар.

Самы дарагі люкс каштуе 715 тыс. у суткі. Супрацоўнікі «Проні» называюць яго нумарам Мясніковіча (прэм’ер-міністр асабіста курыруе падрыхтоўку Горак да Дажынак, а таму наведваецца ў горад рэгулярна). Тут вялікая прыхожая, кабінет, санвузел з джакузі і гасцявая прыбіральня.

— Ці задаволеныя якасцю рамонту? — спыталі мы ў дырэктара гатэля Святланы Базекінай.

— Параўнаць з тым, што было, — неба і зямля. Грэх скардзіцца, — пачулі ў адказ. — Але недахопы, вядома, ёсць: спяшаліся, відаць, будаўнікі.

У гасцініцы, дарэчы, створанае безбар’ернае асяроддзе, ёсць нават асобны нумар для інвалідаў-калясачнікаў. Лесвіца на першым паверсе абсталяваная спецыяльным пад’ёмным механізмам.

Давай, да пабачэння

Само сабой, на сучасны лад перарабілі і будынак райвыканкама на цэнтральнай плошчы. Так ён выглядаў у жніўні мінулага года.

Нашы дні. Бывайце, елкі ля фасада.

Самае цікавае ў іншым: з плошчы прыбралі помнік Леніну. Падзея з разраду «немагчымае магчыма», амаль унікальны прэцэдэнт для сучаснай Беларусі! Як пісалі ў газетах, мясцовая ўлада доўга раілася з жыхарамі, праводзіла тлумачальную працу ў стане камуністаў. Днямі плошчу канчаткова пазбавілі «ленінскага» мінулага: дэпутаты перайменавалі яе ў Цэнтральную.

Мясцовыя жыхары, дарэчы, прапаноўвалі іншы варыянт — плошча Максіма Гарэцкага. Але раённыя ўлады ініцыятывы не падтрымалі і выбралі самую нейтральную назву з усіх магчымых.

Лядовы палац

У светлай беларускай будучыні ў кожнага райцэнтра, нават самага заняпалага, павінен быць свой хакейны палац (такой устаноўкі прытрымліваецца кіраўніцтва краіны). У Горках гэтае светлае заўтра ўжо наступіла. У канцы жніўня была афіцыйна адкрытая лядовая арэна. Паводле задумы праектавальнікаў, будынак павінен быць падобны да птушкі, што лунае над горадам.

Арэна стане хатняй пляцоўкай для мясцовай хакейнай каманды «Сокал», якая раней трэніравалася толькі зімой. Арганізуюць тут і масавыя катанні на каньках. Каштаваць задавальненне будзе каля 10 тысяч рублёў.

Акрамя самой арэны на 560 гледачоў у комплексе ёсць зала для гульні ў валейбол і баскетбол, трэнажорная зала, саўна.

У працэсе будоўлі лядовай арэны ў інтэрнэце не сціхалі спрэчкі: у чым яе неабходнасць, навошта «штампаваць» палацы пры відавочнай іх стратнасці?

— Мы спадзяемся на нашую моладзь, бо Горкі — студэнцкі горад, — аптымістычна кажа адміністратар лядовай арэны Наталля Сінякова. — Дзясяткі людзей кожны дзень пытаюцца, калі ж пачнуцца катанні. Можа, яшчэ і чэргі будуць стаяць. Так што будзем старацца працаваць з прыбыткам.

На развіццё спартыўнай базы ў Горках грошай не пашкадавалі. Побач з арэнай рэканструявалі футбольны стадыён дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Цяпер тут новыя трыбуны і штучны газон.

Амфітэатр і бясплатная працоўная сіла

Яшчэ адна буйная «дажынкавая» будоўля — амфітэатр на беразе Ніжняга возера. Тут прэзідэнт будзе ціснуць рукі найлепшым камбайнерам і дарыць «Волгі», тут праспяваюць Надзея Бабкіна і Вера Брэжнева.

— Аб’ект таксама не зусім адназначны, — кажа нам Ілля. — Усё хораша, але надта грандыёзна для райцэнтра. Ці не зашмат — 2000 месцаў на 30-тысячны горад? Буйных фестываляў у нас не праводзяць, так што пасля Дажынак амфітэатр хутчэй за ўсё будзе пуставаць. А маглі ж накіраваць грошы на больш патрэбныя справы: капрамонт дамоў, дарогі на ўскраінах.

Пад трыбунамі павінен адкрыцца моладзевы цэнтр з боўлінгам, кавярняй і інтэрнэт-клубам. Усярэдзіну трапіць не ўдалося — ідуць працы, ды і з улікам статусу аб’екта на старонніх тут глядзяць падазрона.

Па меры падрыхтоўкі Горак да Дажынак узмацняюцца меры бяспекі, праз што горад поўніцца чуткамі, часам вельмі недарэчнымі. Пляткараць жыхары з нагоды зносу дзвюх воданапорных вежаў. Адну з іх, дарэчы, год таму адрамантавалі і замянілі вокны, а цяпер узарвалі. Кажуць, з вежаў добра праглядалася сцэна амфітэатра, дзе пройдуць афіцыйныя ўрачыстасці. Маўляў, мала хто і для чаго туды палезе.

— Ведаю, адзін прадпрымальнік хацеў адкрыць кавярню ў ваданапорцы каля плошчы Якубоўскага. Нават назву прыдумаў — «Сёмае неба», — кажа Ілля. — У яго спыталі: паспееш да Дажынак? Той кажа, не. Ну і знеслі вежу.

На пляцоўцы каля амфітэатра група хлопцаў варочае рыдлёўкамі кучу зямлі, а дзяўчаты трымаюць граблі. Што за будатрады ў верасні?

— Нас на два тыдні адарвалі ад заняткаў і кінулі на падмогу будаўнікам. Распараджэнне рэктара, — расказала адна са студэнтак Горацкай сельгасакадэміі. — Працуем па пяць гадзін у дзень. Спачатку абяцалі заплаціць, а цяпер кажуць, што нічога мы не атрымаем.

— Карацей, змрок поўны, — усміхаецца яе сяброўка.

Зрэшты, на жыццё і мітусню вакол Дажынак хлопцы і дзяўчаты глядзяць пазітыўна. У горадзе, з іх словаў, жыць стала цікавей. Увечары можна схадзіць у кавярню, а можна ў кінатэатр, дзе пасля рамонту круцяць фільмы ў 3D.

— Не сумуем, дзвіжуха нармальная, — запэўнілі нас.

Беларускі вакзал

«Рэстайлінгу» ў Горках падверглі два вакзалы — чыгуначны і аўтамабільны. Што тут цікавага? Уся інфармацыя для пасажыраў цяпер на беларускай мове.

Дарэчы, шыльды з назвамі вуліц у Горках — усе па-расійску. Адчуванне, што знаходзішся не ў райцэнтры незалежнай Беларусі, а дзесьці на ўскраіне расійскай губерні.

У вакзальных прыбіральнях таксама зрабілі рамонт, і працуюць яны пакуль бясплатна. Начальства станцыі вырашыла паглядзець, як людзі будуць ставіцца да навінкі: калі акуратна і асцярожна, за карыстанне прыбіральнямі грошай браць не будуць. Ну, а калі як звычайна — абяцаюць паставіць кантралёра.

Дзіўная рэч: рыхтуючы Горкі да Дажынак, падумалі пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі. На чыгуначным вакзале адна з касаў размешчаная крыху ніжэй за астатнія — для зручнасці інвалідаў. Тут жа ёсць спецыяльная прыбіральня для калясачнікаў. Для невідушчых і людзей са слабым зрокам у цэнтры горада паклалі плітку з тактыльнай паверхняй, якая пакажа набліжэнне да пешаходнага пераходу, прыступак або прыпынку грамадскага транспарту. Еўрапейскі падыход!

Рэальнасць без прыкрас

Да свята застаюцца лічаныя дні, але будаўнічыя працы ўсё яшчэ ў разгары. У горадзе шум, трэск, мітусня. Пры нас маляры дафарбоўваюць фасады на цэнтральнай вуліцы Якубоўскага. Мы зазірнулі за рог. На прыемнае здзіўленне, з таго боку дамы таксама прыведзеныя ў парадак.

Зрэшты, двары хутка вярнулі нас у беларускую рэальнасць без прыкрас.

У кіёску мы купілі мясцовую газету «УзГорак», адзін з артыкулаў якой прысвечаны якраз рамонту дамоў. Стомленыя ад вечнай волкасці жыхары дома № 26 на вул. Якубоўскага чакалі Дажынак ці ледзь не як галоўнай падзеі ў жыцці, а цяпер лічаць, што іх падманулі: замест абяцанага рамонту ўсё абмежавалася касметычнымі мерапрыемствамі. Замазаныя расколіны ў сценах, пафарбаваны фасад, а вада ў падвале як стаяла, так і стаіць. Грошай на замену прагнілых труб каналізацыі «дажынкавы» бюджэт не мае.

Напэўна гасцей Дажынак не павядуць на вуліцу Будаўнікоў. Інакш тут даўно б прывялі ў парадак тэрыторыю дома № 27. Ключы навасёлам выдалі яшчэ ў пачатку года, а асфальту ў двары, дзіцячай пляцоўкі, лавак няма да гэтага часу. Людзі скардзяцца. Чыноўнікі ў адказ: ёсць справы больш важныя, усе грошы забірае падрыхтоўка да свята.

Перад самым ад’ездам мы зазірнулі ў дзіцячы парк. У пяску і на горках гарэзіла дзятва, шапацела плёнка на новых атракцыёнах, з усмешкай праходзіў міма міліцыянт.

— Дажынкі — гэта вялікі падарунак для ўсіх нас. Нам вельмі пашанцавала, што свята будзе праходзіць менавіта ў Горках, тут усё так змянілася, — не хавалі гонару за свой горад маладыя мамы, з якімі мы разгаварыліся. — Вось толькі садок яшчэ адзін не перашкодзіў бы, у групах па 30 малых. А ў астатнім выдатны горад, з’язджаць адсюль не збіраемся.

Маладым мамам мы паверылі, але ўсё ж пакідалі Горкі са змяшанымі пачуццямі. Бясспрэчна, добра, калі гарады прыводзяць у парадак. З іншага боку, вонкавы глянец бывае зманлівы. Эканамічных цудаў не прадбачыцца. Свята адгрыміць, пройдзе час, і налёт дабрабыту, так старанна створаны будаўнікамі, зблякне.

realt.onliner.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031