Знайсці
01.09.2012 / 12:2210РусŁacБел

Падарунак да Дня пісьменства, або Вяртанне Отана Гедэмана

Ён сабраў унікальны поўны матэрыял пра гісторыю Глыбокага, Друі, Лужкоў, Паазер'я.

Адзін журналіст, пасміхаючыся, нядаўна сказаў мне, што пэўныя глыбоцкія чыноўнікі перад Днём беларускага пісьменства перакваліфікаваліся ў гісторыкаў і занятыя цяпер стварэннем опусаў.

Што ж, дай Бог. Толькі б не пайшлі яны па шляху сваіх калег — ганцавіцкіх чыноўнікаў, якія летась да Дня пісьменства выпусцілі кніжку аб праваслаўных храмах раёна, а аўтарства яе прыпісалі аж двум аддзелам райвыканкама. З другога боку, я больш чым упэўнены, што чыноўнікі, пішучы пра мінуўшчыну Глыбокага, не ўтруць нос Отану Гедэману. Наадварот, будуць спісваць у яго.

Отан Гедэман?

Быў у міжваенны час такі даследчык. Генадзь Каханоўскі назваў яго (у другім томе Энцыклапедыі гісторыі Беларусі) беларускім гісторыкам, краязнаўцам, прыродазнаўцам і педагогам.

Думаецца, гэта памылка.

Otton Hedemann, сын дацкага немца, інжынера-меліяратара Магнуса Гедэмана, які прыехаў на заробкі ў Расійскую імперыю, і тутэйшай полькі Ядвігі Андрэеўскай (не Анджэеўскай!), народжаны ў Рэчыцкім павеце, Отан Гедэман да канца свайго жыцця пачуваўся палякам і быў польскім патрыётам-рамантыкам.
Трапіўшы ў 1935 годзе першы раз у Глыбокае, гісторык прысутнічаў там на жалобнай імшы з прычыны смерці маршала Юзафа Пілсудскага — стваральніка і магільшчыка Польскай Рэспублікі.
У беларускім горадзе Глыбокае Гедэман перажывае прыліў патрыятычных пачуццяў: «Бог і Айчына!». За чатыры гады да верасня 1939 года ён, як відаць, не прадчуваў канца Польскай Рэспублікі — хворай на шавінізм, ксенафобію, пыху, разадранай унутранымі супярэчнасцямі, эканамічна і тэхнічна адсталай.

Зрэшты, О. Гедэман тут не выключэнне. Яго выключнасць у тым, што ён закахаўся ў той край, у якім жыў, — у гістарычную Віленшчыну (дакладней, ва ўсходнюю частку яе), — вывучаў яго мінуўшчыну і пісаў пра яго кнігі. Няхай сабе ён глядзеў на край праз польскую прызму, для нас маюць каштоўнасць не ідэалагемы, не забабоны, а тыя аб’ектыўныя факты, звесткі, якія здабыў і апублікаваў даследчык.

Можна канстатаваць факт:

сёлета творчая спадчына О. Гедэмана ў значнай меры вярнулася і — больш за тое — збеларушчылася, бо чатыры ягоныя кнігі выйшлі на нашай мове.

Сем гадоў таму я пісаў пра тое, што Паставы — адзін зь нямногіх раённых гарадоў Беларусі, у якім ёсць неказённы культурны асяродак і ў якім ствараюцца духоўныя каштоўнасці. Пісаў пра тамтэйшых краязнаўцаў і кнігі, якія яны выпусцілі. Пісаў і аб краязнаўчым часопісе «Нашы карані». Часопіс вось ужо каторы год не выходзіць. Прычынай таму не гэтак брак сродкаў, як палітычныя абставіны. У нас у краіне лаяльнасць да рэжыму выражаецца ў адмове ад самадзейнасці, г. зн. ад дзейнасці, не санкцыяванай уладамі. А паколькі цяперашняя ўлада і беларуская культура — рэчы цяжкасумяшчальныя, дык некаторыя аўтары «Нашых каранёў» змушаныя былі спыніць супрацоўніцтва з часопісам толькі таму, што яго выданне не санкцыявана ўладамі. Аднак гэта не азначае, што праца пастаўскіх краязнаўцаў спыняецца.

На гэты раз краязнаўцы Міхал Гіль і Уладзіслаў Ляскоўскі вырашылі паказаць дасягненні міжваеннага краязнаўства, якое, што ні кажы, мела «пад палякамі» пэўныя і не абы-якія дасягненні. І яны звярнуліся да спадчыны О. Гедэмана.

Сёлета М. Гіль і У. Ляскоўскі пераклалі і выдалі ў бібліятэцы часопіса «Нашы карані» чатыры кніжкі польскага краязнаўца і гісторыка: гістарычны нарыс «Глыбокае», «Друя — магдэбурскі горад», «Даўнія пушчы і воды» (гаворка ў даследаванні не толькі аб прыродных багаццях усходняе часткі гістарычнай Віленшчыны, але і пра такія заняткі і промыслы, як выраб паташу, клёпак, бэлек і мачтаў (вядома ж, і на экспарт), паляванне, бортніцтва і рыбалоўства), а таксама пра «Валерыянаўскія школы айцоў піяраў лужэцкіх» — галоўным чынам пра школу у Лужках (націск на першым складзе) былога Дзісенскага павета.

Нельга сказаць, што ўсе чатыры кніжкі О. Гедэмана ў перакладзе на беларускую мову атрымаліся аднолькава якаснымі. Міхалу Гілю (і я казаў яму пра гэта), перш чым аддаць у друк кніжку аб Друі, трэба было паказаць яе гісторыку, бо нельга называць засядацелямі тых, каго ў нашых магдэбурскіх гарадах называлі лаўнікамі. Ёсць у перакладзе і іншыя тэрміналагічныя недакладнасці.

Не пашкодзіла б паказаць пераклад і добраму філолагу, каб той «пахадзіў» як стыльрэдактар. Добрая рэдактура не пашкодзіла б і кнізе пра лужэцкіх піяраў.

І ўсё ж не менш, а больш важна адзначыць тое, што кніжкі О. Гедэмана ў перакладзе на беларускую выйшлі ў год, калі Дзень беларускага пісьменства будзе адзначацца ў Глыбокім — у горадзе, гісторыю якога даследаваў польскі краязнаўца.

Да перакладу кнігі «Глыбокае: гістарычны нарыс» цяжка прад’явіць нейкія істотныя прэтэнзіі. Сама ж кніжка і праз 77 год пасля яе першапублікацыі застаецца найбольш каштоўным даследаваннем гісторыі Глыбокага. Упэўнены: глыбоцкім чыноўнікам, якія вырашылі перакваліфікавацца ў гісторыкаў, абысці і аб’ехаць гэтую працу О. Гедэмана не ўдасца.
Хіба што яны будуць пісаць пра савецкае Глыбокае… Тое самае можна загадзя сказаць і аб браслаўскіх чыноўніках, калі яны таксама надумаюцца пераваліфікавацца ў гісторыкаў ды пісаць аб Друі.

Застаецца пашкадаваць, што гістарычны нарыс Отана Гедэмана «Глыбокае» ўбачыў свет не ў друкарні з якасным абсталяваннем, а выйшаў самвыдатам накладам усяго 200 асобнікаў.
Выдадзеная на высокім паліграфічным узроўні, гэтая кніга — сама па сабе добры падарунак да Дня пісьменства — зрабіла б гонар яе друкарам. Але такія нашы культурна-палітычныя рэаліі…

Гедэман О. Глыбокае. Гістарычны нарыс / пераклад з пол. М. Гіля. — Глыбокае; Паставы, 2012. — 60 с. (Бібліятэка часопіса «Нашы карані»)

Гедэман О. Друя — магдэбурскі горад / пераклад з пол. М. Гіля. — Паставы, 2012. — 104 с. (Бібліятэка часопіса «Нашы карані»)

Гедэман О. Даўнія пушчы і воды / пераклад з пол. М. Гіля. — Паставы, 2012. — 96 с. (Бібліятэка часопіса «Нашы карані»)

Гедэман О. Валерыянаўскія школы айцоў піяраў лужэцкіх / пераклад з пол. У. Ляскоўскага. — Паставы, 2012. — 92 с. (Бібліятэка часопіса «Нашы карані»)

Анатоль Сідарэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930