Дыярыюш Азаркі. Мой маленькі сусвет
Урэшце, я сказала самой сабе і маленькаму чалавечку, чыё сэрцайка білася цяпер у ва мне — мы моцныя, мы ўсё вытрымаем і ўсіх пераможам. Піша Настасся Азарка.
Няўцямная, неспадзяваная, нечаканая здагадка аднойчы пракралася ў мае думкі і выбухнула сярод іх адчуваннем нараджэння сусвету.Гэта было падобна да казкі, да сну, да нечага такога, нерэальнага, пра што я так даўно марыла і ўжо пачынала страчваць усе спадзяванні і надзею на тое, што яно адбудзецца. Я яшчэ не верыла, але недзе там, дзе ўжо існаваў сусвет, я ўжо ведала, што ён насамрэч існуе. І гэта было нерэальна цудоўна.
Прыслухоўваючыся, я лавіла кожны рух, кожнае змяненне, я нібыта бачыла, як мірыяды малесенькіх частачак зоркавага пылку злучаюцца паміж сабой, пераўтвараючыся ў яго. І шчасце, найвялікшае шчасце, веліч якога нельга нават сабе ўявіць, апаноўвала, захлынала, растварала мяне ў гэтым новым сусвеце, які нараджаўся там…
Я яшчэ не магла паверыць у тое, што адбылося, але я ведала, што так ёсць. Нарэшце спраўдзілася.Пасля столькіх гадоў чакання. Божая ласка, міласэрнасць… Блаславенне і крыж, якія Ён нечакана падараваў мне.
Я — мама. Гэтыя чароўныя словы, напоўненыя таямніцай усяго існавання чалавецтва. У іх — найвялікшая радасць, найвышэйшы сэнс…Дзіця, якое насамрэч было дадзена мне Богам…
Гэтае цудоўнае адчуванне эйфарыі не здолела нават зрушыць тая акалічнасць, што дзіця будзе гадавацца без роднага таты.Я не буду апавядаць пра яго. Хай для ўсіх застанецца загадкай, хто ён, таму што гэта зараз і заўсёды не важна.
Таму што бацька не той, хто зрабіў, а той, хто выгадаваў.І так будзе.
Я не спадзявалася ўжо нават, што гэта адбудзецца. Усведамленне прыйшло раней, чым пацверджанне.
Я хадзіла, прыслухоўваючыся да таго, што рабілася там, дзе нараджаўся мой маленькі сусвет. А вясна ўжо была шалёнай.Горад, які цяжка мірыўся са мною, усёй сваёй істотай абрынуўся супраць майго будучага дзіцяці.
Я адчувала з боку дактароў абыякавае стаўленне да мяне як да будучай маці, нават не абыякавае, а негатыўнае.Мяне доўга не хацелі ставіць на ўлік, а калі я ледзьве не наступам спатрабавала, дык зрабілі гэта з такім выглядам,
маўляў, спяшаешся, каб грошы атрымліваць потым.Пазней адзін дасведчаны чалавек проста мне растлумачыў, што медыкі думалі, што я перадумаю і зраблю аборт… І яшчэ доўга ў графу «бацька» не ставілі нават прочырку, а калі давялося паставіць, дык з такім выглядам, маўляў,
ведаем мы вас такіх, адзіночак, самі жывяце разам, а грошы ў дзяржавы цягнеце.Нікога не хвалюе тое, што ў кожнай жанчыны розныя жыццёвыя сітуацыі,
Я маю поўнае права лічыць, што гэта палітычны ціск. Адкрытыя грэблівасць і абыякавасць лекараў замест хоць якой уважлівасці не толькі таму, што ім «за гэта грошы не плоцяць», а таму, што горад нарэшце атрымаў магчымасць расправіцца са мной. Я не магла ім гэтага дазволіць. Я не мела права дазволіць ім штосьці зрабіць з маім дзіцем.
Была палёгка толькі ў тым, што кіраўніцтва завода пайшло мне насустрач,і я, працуючы на сваём ранейшым месцы, проста адпачывала, у параўнанні са становішчам цяглавай кабылы паўгода таму.
Стаўленне адміністрацыі да мяне вельмі змянілася з тае хвіліны, калі ўсе даведаліся пра маю цяжарнасць. Змянілася ў лепшы бок — усім хацелася мне дапамагчы…хаця, тут была іншая прычына — нарэшце яны атрымалі магчымасць адпачыць ад мяне, таму што нарэшце я адчапілася ад усіх. А я лічыла месяцы, тыдні да таго моманту, калі ўбачу сваю маленькую лялечку, калі буду трымаць яе на руках, і нічога, акрамя гэтага, мяне не хвалявала, бо ніякія адносіны, ніякія справы не могуць быць важнейшымі за дзіця, якое носіш пад сэрцам.
І калі з аднаго боку адчулася хоць нейкая палёгка, дык з іншага проста нейкім невядомым чынам навалілася хмара розных нерватрасцаў, якія, мусіць, былі заўсёды, але якія я толькі зараз, пад уплывам цяжарнасці пачала востра ўспрымаць.Лекары, якія, замест таго, каб падтрымліваць здаровую дэмаграфічную сітуацыю, рабілі ўсё наадварот. Міліцыя, якая паабяцалася забраць маё дзіця ў сілу маіх «антысацыяльных» паводзінаў. Чалавек, які адмовіўся ад дзіцяці, яшчэ калі той быў не большы за 2 мм і які патрабаваў аборту і рабіў усё магчымае, каб я страціла дзіця, не згадзіўшыся з ім. Родны бацька, які, замест таго, каб дапамагчы, хоць неяк праявіць сябе ў якасці дзеда, прапіў усю маю цяжарнасць, моцна чакаючы моманту, калі я нараджу — каб выпіць яшчэ больш. Уражаны Горад — для ўсіх чамусьці я і цяжарнасць былі паняцці несумяшчальныя — і адусюль чуеш і бачыш здзіўленне і нічога акрамя здзіўлення, нібыта я вытварыла нешта звышнатуральнае. Чакалі, што я, як і тутэйшая адна былая апазіцыянерка, скажу, што я не буду нараджаць рабоў гэтага рэжыма і зраблю аборт?
Ціск, велізарны маральны ціск, а я вымушана была маўчаць, глытаць і чакаць. Таму што я тут была адна. Таму што майму дзіцяці маглі пашкодзіць.Таму што ў такім становішчы мы абое былі больш, чым безабароннымі, і я не мела права рызыкаваць яго жыццём.
Мне каштавала велізарных сілаў вытрымаць усе націскі, выстаяць, захаваўшы гэтае новае жыццё.
Урэшце, я сказала самой сабе і маленькаму чалавечку, чыё сэрцайка білася цяпер у ва мне — мы моцныя, мы ўсё вытрымаем і ўсіх пераможам.
Міхаліна перамагла. Яна нарадзілася ў Менску.
Мы з мамай выбілі накіраванне ў Менскі абласны раддом, і, як аказалася, нашыя патрабаванні нарадзіць менавіта там, а не дома, былі слушнымі.Апошнія тыдні цяжарнасці даліся цяжка, хоць я, знерваваўшыся за ўвесь год, цяпер нарэшце атрымала магчымасць адпачыць і падрыхтавацца да доўгачаканай сустрэчы. Падняўся ціск — ён зашкальваў ці не да страты прытомнасці, але разам з тым я адчувала ў сабе сілы да самай апошняй, вырашальнай для маёй дачкі, хвіліны.
Я ўдзячная тым медыкам, якія дзяжурылі ў ноч на 25 лістапада — шкада, не запомніла іх прозвішчаў…І, як у фільмах, каталка, доўгія калідоры з лямпамі на столі, кропельніцы і апарат, што мерае ціск кожныя паўгадзіны… Тры дні прабавіла ў рэанімацыі. А потым яшчэ тыдзень нельга было карміць маю маленькую
Але вярнуліся дахаты і ўсё прыйшло ў норму. Мы моцныя. Мы ўсё вытрымалі і ўсіх перамаглі. І мы яшчэ паваюем.
* * *
Наста Азарка — дзяўчына з Нясвіжа, прайшла праз крымінальны пераслед за свае погляды і дзейнасць. Нарадзілася ў 1981 у вёсцы Квачы Нясвіжскага раёна, адвучылася ў Ганцавіцкім ПТВ і Нясвіжскім каледжы. Была ў Маладым Фронце, цяпер падтрымлівае Маладую Беларусь.