Знайсці
20.02.2012 / 10:4517РусŁacБел

Віктар Шукеловіч. Настаўніца расейскай мовы

Гумарыстычны нарыс пра настаўніцкае жыццё.

У яе быў шэры твар, запухлыя вочы і заўсёды змятая вопратка. Гэта была сярэдняга веку жанчына, якая заўчасна састарэла.

Вочы з лёгкай раскосінай, выбляклыя, хоць некалі маглі быць зялёнымі.
Яна мела кароткія сівыя валасы, якія, відаць, рэдка бачылі грэбень, а яшчэ радзей спатыкаліся з прыемным пахам шампуню. Не ведаю, ці так выглядае большасць настаўніц расейскай мовы, але ў нашай вёсцы яна выглядала менавіта так.
Кожны ведаў, адкуль тая шэрасць, у якой, здаецца, растварылася Аліна Ігнатаўна. Вядома — ад гарэлкі. Але разам з тым гэта была тэма «табу»,
барані Божа, каб хтосьці намякнуў пра гэта ў прысутнасці настаўніцы, хоць за плячыма ўсе ціхенька з яе пасмейваліся. Усё, былі б кранты, бо ніхто б не выйграў з ёй у слоўнай перапалцы, а мог памерці ад ран, нанесеных яе вострым і колкім языком.
Пра такіх казалі, што ў іх жаба на языку не спячэцца.
Яна была начытанай, бо вядома настаўніца, але таксама прыкмячала ў кожным тое, што той хаваў ад усіх і нават ад самога сябе і потым агучвала прылюдна, не саромеючыся нікога і нічога, ужываючы самую сакрэтную зброю. Каляжанкі хутчэй шкадавалі настаўніцу расейскай, бо ведалі, што тая пакрыёму п’е… Усё бытаванне Аліны Ігнатаўны было падбудавана толькі гэтай горкай і атрутнай, але для яе жывой, вадкасцю.
Многія пілі ў вёсцы, нават кабеты, але з настаўніц піла толькі яна адна.
Яе жыццёвая драма ўпіралася ў гарэлку і ілюзію цвярозага жыцця. Ох, як яна грала! Магчыма, каб яна не трапіла з далёкай Сібіры ў нашу глухую вёску, яна б і стала акторкай, але лёс распарадзіўся іначай.

Вучні не любілі яе.
Занадта часта яна была злой, раздражнёнай, ставіла двойкі направа і налева.
Паставіць, бывала, і яшчэ аблае «імбэцыламі і гамадрыламі», хоць ніхто не ведаў, што гэна за яно.
Да словаў чаплялася, як слімак да капусты.
Аднойчы цэлы ўрок вучыла дзяцей гаварыць «брюхо», ходзячы па класе і падкідваючы нагой іх кінутыя на праходзе падрапаныя тарністары.
Ніхто не ўмеў ва ўсёй вёсцы казаць тое «брюхо», адна яна. Ды што хацець — яна ж паходзіла з Сібіры. Прыехала некалі даўно, атабарылася, замуж выйшла за тутэйшага.
Гаманіць на трасянцы навучылася, і ў інтэрперсанальных зносінах з раднёй мужа аддавала перавагу гэтай мілагучнай гаворцы.
А пазней і піць пачала паціху, як і ўсе.
Пусціла карані, значыцца. Любіла яна гэту справу. Самагонка ад Сымоніхі, «Крыжачок», «Водар лесу»…
Яна была заядлай дэгустатаркай і аматаркай гэтых шляхетных напоўя. Часам, як поўдзе ў запой, месяц яе ў школе няма. Каму як, а нам, малым, была лафа. Пазней прыйдзе ўся ў сіняках.
Кажа: «Ой, дзеці, бульбу вазіла з поля, на трактар мяшкі грузіла, галавой як далася аб борт, дык вось сінякі павыскоквалі».
Мы ўсе ў класе сядзелі моўчкі, хаваючы лыбы, хоць ведалі, што ейная бульба зноўку ў гэтым годзе, відаць, зімаваць будзе, як і ў мінулым.
Усе ведалі, што тыя фінгалы муж ёй наставіў, напіўшыся.
Альбо прыйдзе ўся нейкая змятая, непрачуханая, а сама кажа, што цэлую ноч сшытка правярала, хоць усе ведалі, што ў яе святла дома няма, бо правады абрэзалі за няплату. Можа, пры свечцы правярала.
Аднойчы прыйшла пасля запою і сказала, што мужа паклалі ў бальніцу, дык яна, верная жонка, штодня да яго ездзіла, булён вазіла.
Пад канец урока забылася пра гэта, вызваліла з галавы старую і апрабаваную версію «правярання сшыткаў»:
«Дзеці, паўночы прала, паўночы цыравала, світаць пачало, калі за праверку «цятрадзяў» села. А муж кажа: «Аліна! Аліна! Апамятайся, паберажы здароўе, кладзіся спаць».
Пад канец урока той бедны, хворы муж аказаўся дома, хоць на пачатку заняткаў яшчэ знаходзіўся дома.

Неяк у класе пачало страшна смярдзець, так, што ажно выварочвала. Аліна Ігнатаўна на гэта рэагавала так: «Ой, дзеці, пачакайце, пацярпіце, гэна пацук пад падлогай недзе здох. Гэна пацук-нябожчык раскладаецца. Раскладзецца поўнасцю і перастане нас турбаваць. Спакойна».

Мы чакалі спакойна, але аднойчы дзяўчынкі прыбіралі ў класе і ў шафе знайшлі зімовыя боты Аліны Ігнатаўны, а з тых ботаў так несла, што адна з іх адразу самлела.
Што было ў тых ботах, для навукі засталося невядомым, бо дзяўчаты, заціснуўшы насы, вынеслі тыя боты са школы і закапалі на школьным стадыёне. Усё роўна, Ігнатаўна пра іх забылася.

Смяшыла імкненне Аліны Ігнатаўны здавацца нейкай вытанчанай і высакароднай.
Яна часта распавядала, што гуляла са сваім сабачкам Тузікам па парку. У нас ніколі не было ў вёсцы парку, адзін сад калгасны на водшыбе, а дзе тая Аліна Ігнатаўна шпацыравала, аднаму ейнаму цюцьку было вядома, але і таго, як казалі, укусіла шалёная ліса, і ён сам ашалеў, сарваўся з ланцуга і лётаў па вёсцы, як прывід, як нейкі сабака Баскервіляў, бразгаючы жалезным ланцугом, пакуль яго нехта не прыбіў паленам па галаве.

Аднаго дня Аліна Ігнатаўна прыйшла ў школу, хістаючыся.
Мы аслупянелі. «Дажылася баба», — думалі. Раней хоць сорам мела, зусім не прыходзіла, як ляснула за каўнер чаго, а тут такое! Яна ціхенька асунулася ў крэсла пры настаўніцкім стале і зноў завяла сваю гаворку: «Дзеці, гэта столькі цяпер дажджавых чарвякоў павыпаўзала пасля дажджу. Гэта я іду, глянь — чарвяк, а я іх жа на дух не пераношу. Я ў другі бок. А там таксама чарвяк, а я зноў у іншы бок. Каб хто не ведаў, дык падумаў бы, што я напілася…» Мы маўчалі. Мы якраз ведалі і ўсё было ясна.

Аднойчы яна больш не прыйшла на працу.
Была позняя восень. Імжыла. Суседзі бачылі, як яе з хаты выводзілі пад белыя ручанькі людзі ў мокрых ад імжы халатах. Халаты былі змятыя, як і твар Аліны Ігнатаўны. Яна ішла пакорна, пахіліўшы долу галаву.
Яна знікла, прапала з нашай вёскі, не развітаўшыся, праігнараваўшы цэлы свет.
Ніхто дакладна не ведаў, што з ёй і дзе яна. Але нам у школе пасля гэтага здарэння чагосьці пачало бракаваць.
Жыццё без гэтай шэратварай кабеціны толькі згусціла сваю шэрасць.

Віктар Шукеловіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031