Знайсці
21.09.2011 / 15:4615РусŁacБел

Дзень захопу Масквы

21 верасня 1610 г. войскі ВКЛ і Рэчы Паспалітай увайшлі ў Маскву: сумныя вынікі.

21 верасня — незаўважаная нашай шырокай грамадскасцю дата. Асабліва той часткай шырокай грамадскасці, якая шчэ не зжыла каланіяльных комплексаў. 401 год таму, 21 верасня 1610 г. войскі ВКЛ і Польскай Кароны ўвайшлі ў Маскву.

Гэтая падзея стала адным з кантрапунктаў вайны 1609–1618 гадоў між Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай. Нядаўні мір 1601 года быў парушаны, бо 

польска-ліцвінская эліта вырашыла палавіць рыбку ў мутнай вадзе маскоўскай анархіі.
«Цар» Васіль Шуйскі сядзеў на пасадзе няпэўна, баярская апазіцыя мацнела, з’яўляліся самазванцы-ілжэдзмітрыі. Кароль і вялікі князь Жыгімонт ІІІ Ваза пабачыў зручны, як яму здавалася, момант для інтэрвенцыі. Першаснай мэтай паходу мела быць вяртанне Смаленскай зямлі. А ў ідэале можна было б і цалкам падпарадкаваць сабе Вялікае Княства Маскоўскае.

Пытанне, ці пачынаць вайну з Маскоўскай дзяржавай, дыскутавалася на сойме 1609 года ў Варшаве — спачатку на агульным пасяджэнні, а пасля ў «бліжнім коле» караля.

Пытанне раскалола палітычную эліту. Канцлер ВКЛ і аўтар Статутаў Леў Сапега, які меў землі на акупаванай Масквой Смаленшчыне, выступаў у падтрымку паходу на ўсход. (Цікава, што і мір 1601 года заключаў менавіта ён.) Ваявода віленскі Мікалай Радзівіл Сіротка скептычна ацэньваў шанцы на поспех, з ім пагаджаўся і гетман ВКЛ Ян Караль Хадкевіч, найлепшы вайсковы прафесіянал і аўтар Кірхгольмскай перамогі.

Але большасць схілілася на бок караля. Рэч Паспалітая распачынала новую вайну ў атмасферы шведскай і турэцкай пагрозаў, унутрыпалітычных праблемаў і безграшоўя. Дзеля вырашэння апошняй праблемы Сойм зацвердзіў новыя падаткі і ўжо ў жніўні 1609-га Жыгімонт ІІІ на чале войска перайшоў маскоўскую мяжу.

Але далёкія палітычныя планы ўпёрліся ў смаленскія сцены. Горад быў выдатна ўмацаваны і шалёна абараняўся. Парадаксальна: Маскву Жыгімонт здолеў заняць раней. Справа ў тым, што баярская апазіцыя (т.зв. «Сямібаяршчына») на той час канчаткова скінула Васіля Шуйскага і, дамовіўшыся з Жыгімонтам, адчыніла яму маскоўскія вароты. 21 верасня літвінска-польскі гарнізон увайшоў у сталіцу ўсходняга суседа.

Перад гэтым нашы продкі бралі Маскву ў часы Альгерда — у 1370-я

Смаленск удалося зваяваць амаль праз год — у чэрвені 1611-га. Аднак, нават маючы на руках такія козыры, Рэч Паспалітая не здолела канчаткова перамагчы.

Усю кампанію суправаджалі няспынныя канфлікты і сутыкненні інтарэсаў: Жыгімонт інтрыгаваў супраць уласнага сына, не жадаючы, каб той сядаў на маскоўскі пасад, бо і сам быў не супраць. Сапега падкрэсліваў, што спачатку варта замацаваць у сваіх руках Смаленшчыну, а пасля думаць пра Маскву, каронны гетман Жалкеўскі канфліктаваў з каралём, бо апошні не слухаў яго парадаў наконт замірэння…

Жыгімонт аддаваў ласыя кавалкі Смаленшчыны і Севершчыны польскім магнатам, чым выклікаў крыўду вярхоўкі ВКЛ
, якія лагічна на іх прэтэндавалі.

Усё гэта суправаджалася

гіганцкім дэфіцытам бюджэту РП у 89 102 злотыя, які рабіў фінансавы стан дзяржавы крытычным.
Шырыўся таксама рух супраціву інтэрвенцыі ў Масковіі. Праз год пасля Смаленскай перамогі, 7 лістапада 1612-га, ліцвінска-польскі гарнізон Масквы капітуляваў перад апалчэннем Мініна і Пажарскага. А яшчэ праз год на маскоўскі пасад быў абраны Міхаіл Раманаў — пачынальнік дынастыі расійскіх цароў, за якімі Беларусь трапіла ў 200-гадовы палон.

Вайсковыя ж дзеянні тае вайны цягнуліся з перапынкамі да 1618-га.

Вынікамі авантуры стала агульнае палітычнае і эканамічнае аслабленне Рэчы Паспалітай і замацаванне дынастыі Раманавых у Расіі.
Праз пару дзесяцігоддзяў на зняможаную Рэч Паспалітую абрынуліся шведы, пасля была Хмяльніччына, крывавая «Невядомая вайна» з Масквой… Хто ведае — калі б продкам у 1610-м хапіла мудрасці адкінуць уладныя амбіцыі, мо… але гісторыя не ведае ўмоўнага ладу.

СМ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031