Знайсці
27.11.2006 / 14:349РусŁacБел

Бальшыня беларусаў ня хоча класьціся пад танкі за Расею

Незалежная сацыялёгія падкінула бярэмя цікавых лічбаў. Піша Аляксандар Класкоўскі.

Пад 70% беларусаў лічаць, што незалежнасьць ужо адбылася. Адносная бальшыня суайчыньнікаў перакананая, што яны ад гэтага выйгралі. На гіпатэтычным рэфэрэндуме аб уступленьні нашае краіны ў Эўразьвяз галасы падзяліліся б фактычна пароўну. І гэтак далей...

Сапраўды, незалежная сацыялёгія падкінула бярэмя цікавых лічбаў.

Зарэгістраваная ў Вільні ўстанова прафэсара Манаева абнародавала вынікі апытаньня, праведзенага на мяжы кастрычніка — лістапада.

Заяву пра гатоўнасьць беларусаў класьціся пад танкі, каб засланіць Маскву, афіцыйны лідар зрабіў, калі памятаеце, 29 верасьня на сустрэчы з расейскімі журналістамі.

Гэты экспартны варыянт братэрскага піяру агучваецца ня першы раз. І пэўна ж робіць чаканае эмацыйнае ўзьдзеяньне на ўсходніх суседзяў.

Але вось зандаж айчыннае грамадзкае думкі паказаў, што 51,4% такога самаахвярнага абяцаньня не ўхваляюць. Яшчэ 10,8% адказалі, што ім гэта абыякава (то бок у акопы за Расею, мякка кажучы, таксама ня рвуцца). Падтрымалі заяву толькі каля чвэрці рэспандэнтаў.

Робяць уражаньне і іншыя вынікі дасьледаваньня. Пераказваю тэзава:

— праціўнікаў пабудовы АЭС у нас значна болей, чым прыхільнікаў;

— болей за 60% беларусаў — за тое, каб замежнікам дазвалялі ўсынаўляць беларускіх сіротаў;

— пэрспэктыва дарагога газу пакуль не спарадзіла апакаліптычных настрояў, але разам з тым 53,3% згодныя, што гэта будзе адначаць разрыў дачыненьняў, ва ўсякім разе эканамічных, з Масквою;

— 58,3% адказалі, што ім бліжэйшыя эўрапейцы і амэрыканцы, і толькі 11,3% — што кітайцы, пэрсы ды вэнэсуэльцы.

Кожны вынік можна камэнтаваць вельмі доўга, і, магчыма, мы яшчэ да гэтых лічбаў вернемся.

Пакуль жа, па гарачых сьлядох, напрошваецца выснова, што рэальныя настроі ў нашым грамадзтве шмат у якіх парамэтрах зусім не дапасуюцца да афіцыйнай лініі і разыходзяцца з прапагандысцкімі вэктарамі.

Так што пэсымісты іншым разам пэўна ж перавялічваюць цяжар саўковае спадчыны ды ступень замбаванасьці паспалітага люду.

Прыкра толькі, што на гіпатэтычным рэфэрэндуме аб уступленьні Беларусі ў ЭЗ, калі б ён ладзіўся сёньня, праціўнікаў аказалася б на 0,2% болей, чым як прыхільнікаў далучэньня да адзінай Эўропы.

Зь іншага боку, задача для нашай апазыцыі не такая ўжо і пякельна складаная! Хіба агітацыйнага таленту апанэнтаў рэжыму ня хопіць, каб заваяваць гэтыя 0,2%? :)

Тым болей што і ўлада іншым разам падгульвае — акурат дзеля "эўрапейскіх паказчыкаў"... :)

P.S. Болей падрабязныя зьвесткі апытаньня ляжаць тутака.

Аляксандар КЛАСКОЎСКІ.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031