Знайсці
21.11.2006 / 17:416РусŁacБел

Будзе табе і кава, і какава з гарбатаю!

Ведаючы мэнтальнасьць улады, 12 пунктаў Эўразьвязу чытаеш як прыгожую ўтопію. Піша Аляксандар Класкоўскі.

Выглядае на тое, што ня толькі ўладам Брусэль прапанаваў шакалядку, але і апазыцыя атрымала падарунак.

У ейных штабох доўга маракавалі, зь якім пасланьнем да электарату ісьці на мясцовыя выбары. Зацьверджаны ў выніку варыянт пад назовам "Шлях да свабоды" выклікаў шмат нараканьняў. Маўляў, заклікі разьлічаныя на тых, каго за дэмакратыю агітаваць ня трэба.

Аналітыкі зазначалі: апазыцыянэрам варта болей улічваць "каўбасны мэнталітэт" абываталя.

Абяцаныя Эўропай даброты акурат і граюць на струнах гэтага мэнталітэту.

Цяпер, ідучы ў народ, як кажуць апазыцыйныя тэарэтыкі, "дзеля камунікацыяў", замест абстракцыяў можна ўзяць на ўзбраеньне новую стратэгію Эўразьвязу. Во, глядзеце, людцы добрыя, як мы зажывем, калі спадзе жалезная заслона! Трэба толькі трохі націснуць на ўладу. Будуць вам і танныя каўбасы, і добрыя легкавікі, і кватэры ў эўрастылі, і адпачынак на Мальце... ("...і какава з гарбатаю", дадасьць тут аматар чорнага гумару).

Цікава, наколькі змогуць палітычныя апанэнты рэжыму перашыхтавацца на маршы?

Зрэшты, зразумела, што вялікі розгалас зрабіць цяжка ўжо таму, што, як казаў клясык, "вузкае іхняе кола...".

Тое ж самае тычыцца і незалежных мэдыяў. Недзяржаўная прэса самі ведаеце ў якім стане. Радыёстанцыі з-за мяжы "дабіваюць" слабавата, дый слухаюць іх нямногія. Інтэрнэт? Дык нашых блогераў, думаю, за Эўропу агітаваць ня трэба :) Увогуле незалежныя мэдыі збольшага сталі каштоўнасьцю акурат тых, хто, кажучы мовай апазыцыйнай бюракратыі, уяўляе зь сябе "слой прыхільнікаў пераменаў".

Заганнае кола?

Безумоўна, альтэрнатыўныя плыні інфармаваньня ў пэўнай ступені спрацуюць.

Але ўсё ж разьвіццё эўрапейскага сюжэту, скажам наўпрост, найперш будзе вызначацца тым, наколькі абставіны прыціснуць кіроўныя вярхі. І нават калі добра прыціснуць, яшчэ невядома што атрымаецца.

Ведаючы мэнтальнасьць улады, 12 пунктаў ЭЗ чытаеш як прыгожую ўтопію. Нешта кшталту праграмы пабудовы камунізму ("...антыкамунізму", папраўляе аматар чорнага гумару).

Асабіста я не бяруся прадказаць, калі зможа прыехаць у Беларусь Джэйсан Ацапардзі.

Пры тым што прадстаўніку маленькай, але гордай Мальты можна выказаць рэспэкт. Жыве на высьпе рыцарскі дух!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031