Да нас едзе кароль слэму
Слэм — публічная бітва паэтаў. Ад звычайных паэтычных чытанняў слэм адрозніваецца наяўнасцю моманту гульні, якая стварае своеасаблівую атмасферу. Выступ удзельніка слэм-вечарыны ацэньваюць гледачы, таму тут важны не толькі сам тэкст, але і тое, як аўтар выконвае свой твор.
Каб даведацца болей пра слэм, чытайце: «Кароткі дапаможнік па паэтычных бітвах»..
Слэм — адносна новы від мастацтва ды нарадзіўся ў Амерыцы ў 80-х, а бацьком-заснавальнікам і найвялікшым папулярызатарам слэму лічыцца амерыканскі паэт Марк Сміт/Marc Smith.
Дык вось, гэты самы Марк Сміт, чалавек, які гэткія інтэрактыўныя чытанні і распрацаваў, у пачатку кастрычніка адведае Беларусь. Дзядька Слэм правядзе ў Мінску майстар-класы і зладзіць вечарыну паэзіі.
— Візіт Сміта — выдатная нагода для аматараў літаратуры пабачыць сусветнавядомага паэта ў дзеянні,— кажа крытык Маргарыта Аляшкевіч, адна з арганізатарак прыезду Марка Сміта ў Беларусь. — І ў дадатак можна наўпрост абмеркаваць перспектывы слэм-паэзіі з яе стваральнікам.
Выступы з удзелам Марка Сміта адбудуцца ў Лінгвістычным універсітэце і БДУ, а таксама ў Пушкінскай бібліятэцы.
А вось 6 кастрычніка ў мінскім R-сlub’e Майкл Сміт правядзе фінал беларускага ENLP/«Англамоўнага паэтычнага слэму». 20 вядомых і невядомых беларускіх паэтаў будуць спаборнічаць у гэтым паэтычным мастацтве. Хіба з адной незвычанкай — усё (чытанне твораў, іх ацэнка, і мадэрацыя) будзе адбывацца па-ангельску. Чаму, маючы цэлую пляяду айчынных слэм-паэтаў, раптам не на роднай мове?
— Мы наракаем, што наша літаратура не знаходзіць выхаду ў свет, — адказвае Маргарыта Аляшкевіч, — думаю, наш англамоўны слэм падсцябне і паспрыяе палулярызацыі нашай паэзіі за мяжою. У дадатак, на вечарыне будзе абвешчаны вольны мікрафон, і ўсе ахвочыя змогуць пачытаць свае вершы па-беларуску.
Арганізатары запрашаюць ахвочых да ўдзелу ў англамоўным паэтычным слэме ўсіх ахвочых. Заявы прымаюцца з 8 верасня да 30 верасня 2010 на электронную пошту: [email protected]
Марк Сміт (нар. у 1949) — амерыканскі паэт, заснавальнік паэтычнага слэм-руху. Ён пачаў сваю кар’еру ў сярэдзіне 80-х. Ён хутчэй прадстаўляе, чым проста дэкламавую свае творы. Сміт сцвярджае, што сваёй творчасцю хоча вярнуць паэзіі народу, бо на звычайных паэтычных вечарынах людзі пачалі нудзіцца. Сміт —аўтар тэлеперадачы «Злучаныя Штаты Паэзіі».