Знайсці
06.05.2024 / 07:4015РусŁacБел

«Гаспадыня сабрала нашыя рэчы і занесла на паддашша». Яшчэ адну беларуску ў Польшчы тэрарызуе фірма, якая займаецца гвалтоўным высяленнем

Раней пісалася пра Таццяну Рыскову, якую гаспадыня ейнай здымнай кватэры ў Польшчы спрабуе гвалтоўна выселіць з дапамогай фірмы так званых эксмітараў. «Белсат» знайшоў яшчэ адну беларуску, якая сутыкнулася з падобнай сітуацыяй.

Варшава. Ілюстрацыйнае фота: Pawel Toczynski / Getty Images

«Усё ішло так гладка, што гэта мяне здзівіла»

Ірына (імя змененае з меркаванняў бяспекі) жыве ў Польшчы з 2016 года, дзе нарадзіла чацвярых дзяцей. Агулам у беларускі шасцёра дзяцей: старэйшаму 19 гадоў, малодшаму — два. З бацькам дзяцей — украінцам, жанчына разышлася, пасля чаго ўпершыню сутыкнулася з гвалтоўным высяленнем.

«Мы жылі ў кватэры, якую майму партнёру здаў ягоны дырэктар, яна належала ягонай цешчы. Дамова была толькі вусная, — распавядае беларуска. — Калі мы разышліся з партнёрам увосень 2021 года, ён з’ехаў ва Украіну, а мы з дзецьмі паехалі ў Беларусь. Калі вярнуліся, аказалася, што гаспадыня кватэры перавезла ўсе нашыя рэчы ў гатэль».

Праз некаторы час Ірына знайшла кватэру, у якой жыве цяпер. Кажа, што шукаць жытло з такой вялікай сям’ёй, як у яе, — вельмі няпростая задача. На той момант у беларускі было пяцёра дзяцей і шостым яна была цяжарная. Тым не менш, знайшоўся варыянт, дзе гаспадыня была гатовая падпісаць бестэрміновую дамову.

«Гаворкі пра аказіянальную дамову не было. Яна ўпісала ўсіх дзяцей, усё ішло так гладка, што гэта мяне здзівіла, і я нават перапытвала ў гаспадыні, ці дакладна гэта ейная кватэра, — распавядае Ірына. — Потым я падумала, мо, яна, першы раз здае, таму ў яе няма страхаў, як у большасці іншых. Мы падпісалі дамову, я заплаціла кауцыю, зрабіла рэгістрацыю сабе і дзецям у гэтай кватэры. У лютым 2022 года нарадзіўся малодшы сын, і мы з гаспадыняй падпісалі дадатковае пагадненне, па якім яна ўпісала немаўля ў дамову».

«Гаспадыня сабрала нашыя рэчы і занесла на паддашша»

У траўні 2022 года Ірыне паднялі кошт арэнды. А ў чэрвені гаспадыня кватэры раптоўна сказала, што хоча, каб беларуска з дзецьмі з’ехала.

«Я ёй тады нагадала, што падчас заключэння дамовы папярэджвала, што кватэра мне патрэбная на доўгі тэрмін, а яна ў сваю чаргу сцвярджала, што жытло ёй не спатрэбіцца на працягу 5 гадоў. Мы тады дамовіліся, што мы яшчэ пажывем, але напружанне ўсё роўна ўзнікла», — распавядае наша суразмоўца.

Гаспадыня кватэры вярнулася да тэмы пра ад’езд Ірыны праз год, у чэрвені 2023 года, і гэтым разам, па словах беларускі, паводзіла сябе агрэсіўна і настойвала на высяленні. Ірына тлумачыла ёй, што як раз у траўні падала заяву на камунальную кватэру ад гораду, цяпер чакае рашэння і з’едзе адразу, як ёй будзе дадзена жытло.

Напярэдадні Новага года Ірына з дзецьмі зноў паехала ў Беларусь.

«І калі нас не было, гаспадыня зайшла ў кватэру, сабрала з шафаў усе нашыя рэчы і вынесла іх на паддашша, а ў дзвярах змяніла замкі, і даслала мне відэазапіс з маімі рэчамі ў пакетах, — распавядае жанчына. — Я сарвалася і 28 снежня прыехала назад у Польшчу. Так, нашыя рэчы былі на паддашшы, але ў кватэры заставалася мэбля, тэхніка, посуд, пасцельная бялізна, якія я купляла. Калі я прыехала, дзверы мне ніхто не адчыніў і забраць рэчы не дазволіў».

Беларуска звярнулася ў паліцыю, дзе ёй сказалі, што нічым не могуць дапамагчы — у кватэры знаходзіцца яе ўласніца. Ад адчаю Ірына набыла драбіны і залезла на гаўбец (кватэра на другім паверсе) і так трапіла ў памяшканне, дзе знаходзілася гаспадыня з сяброўкай.

«Яна адразу ж выклікала паліцыю. Калі яны прыехалі, спачатку абвінавачвалі мяне, казалі, што я ўварвалася ў жытло, але пасля вывучэння дакументаў пастанавілі, што гэта гаспадыня з сяброўкай мусяць выйсці, а мы з дзецьмі — застацца», — распавядае наша суразмоўца.

«Паглядзела па тэлебачанні, што ўкраінцам і беларусам трэба дапамагаць»

Ірына забрала рэчы з паддашша і сцвярджае, што не знайшла там 6600 еўра, якія ў яе ляжалі ў шафе.

«Гэтыя грошы — усё, што ў мяне было, я пакідала іх на выпадак, калі давядзецца шукаць іншую кватэру ці набываць неабходныя рэчы ў камунальную, — кажа жанчына. — Гаспадыня, канешне, не прызнаецца, што забрала іх у мяне. Нават казала — адкуль у цябе, галечы, такія грошы? У паліцыі кажуць, што няма доказаў, што грошы былі. З дакументаў у мяне ёсць толькі выпіска з банку, што я здымала гэтую суму з карткі, і сведчанне сына, але паліцыя гэта не прымае».

Ірына з дзецьмі засталася ў кватэры ў далейшым чаканні камунальнага жытла ад гораду. Калі пачала разбірацца ў сітуацыі, высветліла, што жанчына, якая назвалася гаспадыняй кватэры і напісала гэта ў дамове, насамрэч ёй не з’яўляецца. Аказалася, што кватэру ейная маці здымае ў таварыства ўласнікаў (Międzygminne Towarzystwo Budownictwa Społecznego), то бок, гэтая кватэра — сацыяльнае жытло.

«Атрымліваецца, яны не мелі права здаваць гэтую кватэру, а пытаннем з маім высяленнем цяпер павінна займацца таварыства ўласнікаў, а перад гэтым разарваць дамову з гэтай жанчынай. Я звярнулася да дырэктара таварыства, але размовы не атрымалася — ён таксама мне пачаў пагражаць, і не толькі высяленнем, але і тым, што мне анулююць дазвол на знаходжанне ў Польшчы», — кажа Ірына.

Гаспадыня, якая аказалася не гаспадыняй, працягвае паводзіць сябе з беларускай даволі агрэсіўна і настойвае, каб тая выселілася.

«Яна нават казала паліцыі, што ніякай дамовы не было, што яна ўпусціла мяне жыць па душэўнай дабрыні, бо паглядзела па тэлебачанні, што беларусам і ўкраінцам трэба дапамагаць. Цікава, больш за 54 тысячы злотых, якія я ёй перавяла на рахунак за два гады — гэта таксама па душэўнай дабрыні?» — пытаецца Ірына.

«Прыехаў мужчына на «мерсэдэсе» і пачаў калаціць нагамі ў дзверы»

Праз некаторы час пасля інцыдэнту са спробай высялення паліцыя даслала жанчыне паведамленне пра тое, што справа закрытая праз недахоп доказаў, а да сітуацыі падключылася фірма «Exmiter», прадстаўнікі якой тэрарызуюць Таццяну Рыскову.

«Спачатку мне патэлефанавала нейкая дзяўчына. Вельмі ветліва размаўляла, пыталася, чаму я не магу выехаць з кватэры. Я казала, што ў мяне скралі ўсе мае грошы, што мне цяпер трэба іх зарабіць, — распавядае Ірына. — У адказ яна мне прапанавала фінансавую дапамогу і пошук кватэры, пыталася, якога памеру мне патрэбнае жытло. Не разумею, навошта ім за свой кошт мяне высяляць. Але пагаджацца на гэта я не буду, каб потым не было дадатковых праблемаў».

Праз некаторы час паводзіны эксмітараў сталі больш агрэсіўнымі.

«Спачатку былі СМС, а потым прыехаў мужчына на «мерсэдэсе», і пачаў калаціць нагамі і кулакамі ў дзверы, — распавядае Ірына. — Потым пачуў, што я тэлефаную ў паліцыю, пабег да машыны і з’ехаў, крычаў яшчэ «вымятайцеся, паразіты».

Пасля гэтага інцыдэнту Ірына атрымала ад эксмітараў паведамленні, што, паколькі яна не ідзе на кантакт, яны будуць лічыць, што яна пакінула кватэру, і таму яны ў яе зойдуць разам з гаспадыняй 2 траўня.

Беларуска яшчэ раз пайшла ў паліцыю, і гэтым разам яе выслухалі і прынялі заяву аб пераследзе.

«Яны мне прама сказалі, што калі ў першы раз прыехалі, не паверылі мне, думалі, што я хлушу, але потым, калі пагутарылі з «гаспадыняй», разабраліся ў тым, хто ёсць хто і што яна дае хлуслівыя сведчанні, а гэта вельмі сур’ёзна. Я папрасіла ў іх забарону на набліжэнне да мяне «гаспадыні» кватэры і эксмітараў і, хутчэй за ўсё, яна будзе, — распавядае наша суразмоўца. — Напэўна, гэтая жанчына, у якой я зняла кватэру, думала, што калі я беларуска, то знаходжуся ва ўразлівым становішчы і не змагу пазмагацца за сябе, але яна памылілася».

Курсы зваршчыка і пошук працы з двухгадовым дзіцём

Ірына думае пра вяртанне ў Беларусь, дзе ў яе ёсць кватэра, аднак не хоча падвяргаць стрэсу дзяцей.

«У мяне дачка сёлета скончыць 8 клас, яна хоча потым тут паступаць у тэхнікум, я не думаю, што везці яе цяпер у Беларусь — добрае рашэнне», — кажа жанчына.

Старэйшы сын Ірыны — інвалід па слыху, некалі яму выдалялі пухліну ў вуху, цяпер жанчына займаецца афармленнем інваліднасці для яго ў Польшчы. Спадзяецца, што гэта таксама паскорыць атрыманне камунальнага жытла.

Самага малодшага, якому два гады, Ірына надоечы аддавала ў яслі, каб мець магчымасць працаваць. Жанчына скончыла навучанне на зваршчыка і хацела ўладкавацца на завод у Плоцку.

«Першае, з чым я там сутыкнулася, што яны не прымаюць на працоўную дамову, а толькі праз агенцыю. Я аформілася так, мне паабяцалі, што ў мяне будзе графік з 6 раніцы да 14 гадзінаў дня — вечаровыя і начныя змены мне не падыходзяць, — распавядае Ірына. — Аднак на прадпрыемстве мне давялося сутыкнуцца з моцнай незадаволенасцю гэтым. А потым у мяне захварэла дзіця і мне адразу паведамілі, што я як працаўнік ім больш не патрэбная».

Ірына забрала сына з ясляў і зарэгістравалася на мясцовай біржы працы як беспрацоўная. Увосень збіраецца аддаць сына ўжо ў садок і потым шукаць новую працу.

Адвакатка: выселіць чалавека можа толькі суд

У папярэднім матэрыяле на тэму гвалтоўнага высялення з дапамогай фірмаў-эксмітараў «Белсат» гутарыў з польскім юрыстам, прадстаўніком арганізацыі «Канцылярыя сацыяльнай справядлівасці» Барталамеем Піляшкам. Цяпер журналісты звярнуліся да адвакаткі Цэнтра беларускай салідарнасці Марыны Грышчанкі і папрасілі яе распавесці, як дзейнічаць, калі вы сутыкнуліся з эксмітарамі, і ці магчыма на стадыі заключэння дамовы аб арэндзе застрахавацца ад падобнай сітуацыі.

Паводле слоў адвакаткі, падобных фірмаў у Польшчы, на жаль, цяпер шмат, але ўсе яны дзейнічаюць незаконна, бо выселіць чалавека можа толькі судовы выканаўца і толькі тады, калі ёсць рашэнне суду аб высяленні.

«У Польшчы не мае значэння, мае чалавек права займаць памяшканне, ці не. Тэарэтычна, мы можам убачыць на вуліцы дом, у якім ніхто не жыве, засяліцца туды, хоць гэта і незаконна, і калі праз некаторы час аб’явіцца гаспадар, ён не мае права нас без рашэння суду выселіць. Таму ў дадзеным выпадку нават ніякага значэння не мае, была дамова ці не — гаспадыня не мае права выселіць людзей без рашэння суда», — кажа Марына Грышчанка.

У сітуацыі Ірыны, калі гаспадыня кватэры хоча выселіць яе і дзяцей, ёй спачатку трэба звярнуцца ў суд, які выдасць рашэнне аб высяленні. Калі ў арандатараў ёсць магчымасць працаваць, зарабляць і здымаць сваё жытло, суд можа пастанавіць, каб яны выселіліся. Калі такой магчымасці няма, суд можа прызнаць іхнае права на сацыяльнае жытло. У любым выпадку павінна быць рашэнне суда, падкрэслівае юрыстка.

Эксмітары здзяйсняюць злачынства

Калі рашэнне суду ўжо ёсць, і людзі не хочуць выселіцца добраахвотна, гаспадар жытла можа звярнуцца да судовага выканаўцы, і ён, толькі маючы на руках рашэнне суду, можа выселіць людзей у сацыяльнае жытло ці ў кватэру, якія яны здымуць самастойна.

«Проста на вуліцу выкінуць чалавека нельга», — зазначае адвакатка ЦБС.

Людзі, якія працуюць у фірмах, якія займаюцца высяленнем, здзяйсняюць злачынствы паводле як мінімум двух артыкулаў польскага Крымінальнага кодэксу, кажа спадарыня Марына:

«Гэта арт.193 КК Польшчы — «Парушэнне хатняга міру»: па ім максімальнае пакаранне — год пазбаўлення волі. А яшчэ п.1а арт.191 КК — «Спроба гвалтоўнага высялення», там максімальная санкцыя — тры гады пазбаўлення волі».

Ірыне адвакатка раіць звяртацца ў паліцыю ці адразу ў пракуратуру і падаваць заяву аб магчымым здзяйсненні злачынства, асабліва, калі дойдзе да нейкіх фізічных дзеянняў — ламання дзвярэй і т.п.

«Далей трэба сачыць за ходам справы, прымушаць паліцыю і пракуратуру працаваць. Калі хтосьці будзе пакараны, магчыма, гэтая фірма зачыніцца. Але, на жаль, можа з’явіцца іншая, бо яны бяруць немалыя грошы за гэтыя свае паслугі», — кажа Марына Грышчанка.

Загадзя застрахавацца ад падобных сітуацыяў пры заключэнні дамовы аб арэндзе жытла наўрад ці магчыма, лічыць адвакатка:

«Нават калі дамова бестэрміновая, вас могуць паспрабаваць выселіць. У такім выпадку гаспадар павінен за тры месяцы паведаміць пра жаданне спынення дамовы. Найлепей, калі ён вышле заказны ліст з пацверджаннем уручэння. Калі дамова была вуснай, папярэдзіць можна праз СМС, электронны ліст», — тлумачыць юрыстка.

Каго абароніць дамова аб аказіянальным найме?

Калі дамова была прыпыненая правільна, а чалавек не хоча высяляцца, ён паступае незаконна, але ўсё роўна ўласнік кватэры ці дому не мае права самастойна яго высяляць ці звяртацца да пасярэдніка — у любым выпадку павінен разбірацца суд.

«Калі гаспадар самастойна змяняе замкі, выкідае рэчы жыльца, ён здзяйсняе злачынства», — падкрэслівае экспертка.

Марына Грышчанка звяртае ўвагу, што нядобрасумленнымі бываюць не толькі арэндадаўцы, але і арандатары, і гэта здараецца нават часцей — людзі карыстаюцца тым, што ў Польшчы справы аб высяленні могуць цягнуцца два — тры гады, перастаюць плаціць арэнду, камунальныя паслугі, псуюць маёмасць. Каб застрахавацца, гаспадары жытла апошнім часам часта заключаць так званую дамову аказіянальнага найму (umowa najmu okazjonalnego).

«Гэтая дамова замяняе рашэнне суду аб высяленні. З такой дамовай можна пайсці ў суд і прасіць выканаўчы ліст, з якім трэба ісці да судовага выканаўцы, які будзе высяляць. З такой дамовай мы абходзім судовае разбіральніцтва аб высяленні», — тлумачыць юрыстка.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
4
Панылы сорам
11
Ха-ха
7
Ого
5
Сумна
15
Абуральна
27
0
Максим Дизайнер/адказаць/
06.05.2024
[Рэд. выдалена]
0
Кастусь/адказаць/
06.05.2024
что-то как то много концов не сходится. Бессрочный договор - там емнип месяц на уведомление о расторжении, т.е. тебе прислали письмо заказное в ящик, у хозяина квиток что он отправил. Все, месяц пошел. Это в срочном договоре имеешь право жить до конца. Второе - если квартира не того человека как их прописали с детьми? в ужонде это все на раз-два пробивается
07.05.2024
Кастусь, ну ведаеце я таксама быў паверыў, што гаспадыня, ну проста бывае што у думкі не прыйдзе, бо кіраўніцтва гміны параіла, гэта у мяне была хатка у вёсцы. А потым аказалася што гаспадыня бабулька 96 год, ну тады ужо ёй плацілі, добра што яшчэ у розуме неяк была, праўда не да канца. А так ёсць агульная база уласнікаў, правярайце. Ну і можна ж заплаціць агенству, калі не разбіраецеся. Ну і чаго усе пнуцца у Варшаву, калі ёсць нашмат больш прыемных месцаў.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031