Знайсці
26.12.2023 / 20:166РусŁacБел

«20 страў — і я ўжо ў плюсе!» Колькі зарабляе кухар на фуд-траку з васьміногам?

33-гадовы Алег родам са Шчучына. Доўгі час хлопец рабіў кар'еру кухара. Праўда, не зусім звычайнага. У перасоўнай кухні ён праехаў амаль усю Еўропу разам з артыстамі тэатра оперы і балета! А вярнуўшыся на радзіму, дакладна вырашыў: карміць беларусаў вулічнай ежай будзе толькі з фуд-трака, піша Av.by.

У старэнькім «мерсе»-«паштавіку» раней развозілі пасылкі ды лісты, а цяпер смажацца васьміногі, кальмары і крэветкі.

На калядным кірмашы ў Гродне ў шэрагі выстраіліся прычэпы, унутры якіх пякуцца бліны, гатуюцца шаурма і хот-догі, варыцца глінтвейн, закіпае ягадны чай і гарачы шакалад. Прыгажосць! Хай надвор'е і не снежнае, але настрой у мінакоў святочны: гірлянды і навагодняя музыка робяць сваё!

Нешматлікія гродзенцы гуляюць у бяспройгрышныя латарэі, маленькія жыхары абласнога цэнтра расказваюць вершы Дзеду Марозу і Снягурцы. У паветры лунае пах смажанага шашлыка і духмянага глінтвейну… Хтосьці грэе рукі аб шкляначку зімовага напою, а хтосьці невялікімі глыточкамі смакуе яго…

Фуд-трак з велізарным васьміногам на даху прыкметна вылучаецца сярод усіх астатніх перасоўных кухняў. Магутны, брутальны, нават трохі дзёрзкі. Паводле меню — сапраўднае рыбнае бістро!

А каля пліты — сам шэф-кухар гэтага незвычайнага рыбнага рэстарана на колах, якога можна распытаць пра ягоны ўнікальны аўтамабіль. А заадно пра даходы і выдаткі, рэакцыі беларусаў і іх сярэднім чэк у «бізнэсе на колах».

Алег нарадзіўся і вырас у Шчучыне. Потым з сям'ёй пераехаў жыць у сталіцу, дзе працаваў кухарам у розных рэстаранах і кафэ. Быў нават перыяд, калі навучаў студэнтаў кулінарнаму мастацтву!

А пасля адправіўся з расійскім тэатрам оперы і балета на гастролі. Калясіў па Англіі і Германіі з артыстамі, гатуючы ім сняданкі, абеды і вячэры. Як правіла, у балерын стол дыетычны, таму і стравы звычайна былі лёгкімі і нізкакаларыйнымі. І менавіта тут, у паездках і камандзіроўках, да Алега прыйшла любоў да марской кухні. Вярнуўшыся ж у Беларусь, хлопец пачаў рэалізоўваць свае ідэі.

— Я шмат працаваў у розных установах шэф-кухарам або звычайным кухарам. А потым стала крыўдна, што я свае веды аддаю за бесцань іншым прадпрымальнікам, на якіх працую, — успамінае Алег. — Так знайшоў аднадумцаў. Я іх заразіў ідэяй адкрыць шаурмічную ў Менску. Ну а потым прыйшоў вось да гэтага фуд-траку.

Аўтамабіль з васьміногам на даху — арандаваны. Ягоны гаспадар стылізаваў машыну пад пірацкі карабель, а пасля гатаваў тут стравы з морапрадуктаў. Трак стацыянарна стаяў у мікрараёне Новая Баравая ў Мінску. Але ўладальніка запрасілі адкрыць іншы рэстаран. Так ён і вырашыў развітацца са сваёй перасоўнай кухняй.

— Гаспадар хацеў атрымаць за аўто 20 000 даляраў. Як па мне, гэтая цана была завышанай, таму я яго проста арандаваў.

Былы «паштар», а сёння рыбны рэстаран — Mercedes-Benz Vario 614D 2008 года выпуску. Пад капотам — дызельны рухавік аб'ёмам 2,1 л. Машына цалкам перасоўная — без праблем пераадольвае любыя адлегласці. Праўда, перад паездкай у Гродна прымусіла часовага гаспадара панервавацца: адмовілася заводзіцца.

— Тут ёсць пытанні з пускам рухавіка зімой: праблемы з клапанам, які не трымае ціск. Але мы хутка ліквідавалі гэтую «больку».

Усярэдзіне траку ўсё перароблена пад перасоўную кухню. Гаспадары перашылі сцены, зрабілі паліцы і асвятленне. Вынеслі ззаду сістэму шлангаў. З абсталявання ўстаноўленыя выцяжка, газавы грыль, электрычная пліта і фрыцюрніца. Тры халадзільнікі ўбудаваныя ў сталы.

Гэты «паштар» — вельмі прасторны. Тут без праблем змясціліся кухар, яго памочнік, журналіст і фатограф. Відаць, месца хапіла б яшчэ парачцы-другой наведвальнікаў!

Ад водараў, вядома, ідзе кругам галава! У добрым сэнсе гэтага слова. Алег рыхтуецца да вячэрняга наплыву гасцей і турыстаў і робіць сякія-такія загатоўкі: абсмажвае лук і морапрадукты. У маразілцы ляжаць крэветкі, кальмары, мідыі і іншыя заморскія далікатэсы.

— Сёння буду здзіўляць гасцей глінтвейнам на гранатавым соку і віне! Думаю, такога тут яшчэ ніхто не гатуе, — не без гонару кажа хлопец.

Меню фуд-траку — не пастаяннае. Алег з лёгкасцю мяняе яго пад фармат свята і запыты кліентаў. Напрыклад, калі едуць на футбольны матч, для заўзятараў рыхтуюць хот-догі і гамбургеры. У прамысловай зоне пад Мінскам, дзе трак знаходзіцца пастаянна, як правіла, прапануюць абедзенныя стравы — пюрэ і катлеты, а таксама шаурму і блінцы.

— Там трэба накарміць рабочых, таму мы стараемся рабіць нешта простае, але пры гэтым смачнае і сытнае. Цэны невялікія: за 10 рублёў беларус можа цалкам сабе добра паесці, — тлумачыць Алег.

На калядны кірмаш у Гродне хлопец не хацеў везці шаурму і хот-догі. Хацеў паказаць нешта канцэптуальнае і незвычайнае. Да таго ж наперадзе чарада навагодніх святаў — людзям захочацца чагосьці сапраўды смачненькага!

— Я ведаў: побач будзе шмат пунктаў, дзе гатуюць традыцыйную вулічную ежу. Таму сюды прывёз кухню з морапрадуктаў. І ведаеце — не пралічыўся! Людзі ахвотна заказваюць. А хтосьці нават днём афармляе дастаўку ў офіс.

Кольцы кальмара, крэветкі ў кляры і рыбны суп — тое, што палюбілася гродзенцам больш за ўсё. Сярэдні чэк, расказвае Алег, 15 рублёў. Праўда, хтосьці можа дазволіць сабе замову і на 50 рублёў.

Дарэчы, а як увогуле з даходамі ў шэф-кухара перасоўнага рыбнага рэстарана?

— Усё залежыць ад лакацыі, дзе працуеш. А таксама ад таго, сам ты стаіш каля пліты ці наймаеш кагосьці. Калі кірмаш, то прыбыткова. Калі ў прамзоне, каса слабая. Напрыклад, падчас якіх-небудзь дзяржаўных маштабных святаў мы можам за дзень зарабіць столькі, колькі за месяц на стацыянарным аб'екце.

— Гэта колькі, калі не сакрэт?

— Тры-чатыры тысячы рублёў у дзень, — з ходу адказвае хлопец. — Але, паўтаруся, тут шмат абставін ёсць, ад якіх залежыць твой заробак. Скажам так, у самы «голы» месяц мой даход — 1 000-1 200 рублёў, у самы «маржавы» — 5 000-6 000 рублёў! Гэта чыстымі.

— А выдаткі якія?

— Яны, як правіла, складаюць амаль палову твайго заробку. Бываюць і большыя — тая ж паломка стартара або перагарэлыя лямпачкі ў машыне. Вось узяць, напрыклад, гэтую паездку ў Гродна. Калі трак выйшаў са строю, была думка паставіць яго на лафет і так везці. Гэта абышлося б мне ў 1000 рублёў. Добра, атрымалася адрамантаваць машыну, і ехалі мы сваім ходам. Бус катэгорыі C, правоў на кіраванне ім у мяне няма. У такіх выпадках мне даводзіцца наймаць кіроўцу.

— На паліва і кіроўцу, каб прыехаць у Гродна, пайшло 350 рублёў. На платныя дарогі — яшчэ 150 рублёў. Тут стаіць газавае абсталяванне. Балона звычайна хапае на тыдзень — гэта 25 рублёў. Працуем мы па спрошчанай сістэме падаткаабкладання — 6% ад выручкі, — пералічвае Алег свае выдаткі. — За электрычнасць плацім па лічыльніку. У Гродне мы аддалі за падключэнне 150 рублёў, у гэтую суму ўвойдуць і кілаваты, што мы тут накруцім. Калі будзе больш, прыйдзецца даплачваць.

— Падключэння да цэнтральнай каналізацыі тут няма. У нас бак на 50 літраў, у яго ўсё зліваем, а далей ужо вывозім самі…

— Вы казалі, што ўзялі фуд-трак у арэнду. Колькі плаціце за яе?

— 200 даляраў зімой. Улетку — 300 даляраў. Але мы і больш ездзім тады: на пляжы, святы, карпаратывы. Гэта вельмі адэкватныя расцэнкі. Ведаю, што арэнда звычайных прычэпаў у разы даражэйшая!

У Мінску таксама выдаткаў хапае. Толькі на паліва ў стандартнай паездцы ў межах кальцавой сыходзіць 50 рублёў. За яе межамі расход паліва большы, плюс дарогі платныя — 80 рублёў як мінімум!

Выдаткі хоць і прыстойныя, расказвае Алег, але дзякуючы стравам і сярэдняму чэку кліента ўдаецца многае кампенсаваць:

— Камусьці трэба прадаць 100 пончыкаў у траку, каб адбіць паездку, а мне дастаткова прыгатаваць 20 страў, і ўсё — я ўжо ў плюсе!

Дарэчы, ідэю фуд-тракаў хлопец са Шчучына плануе развіваць і далей. Ён ужо набыў старэнькі «Баркас» і зусім хутка плануе зрабіць з яго чарговы рэстаран на колах. Што будзе ў ім, трымае пакуль у таямніцы.

Чытайце таксама:

«Купіў першы фуд-трак за $5 тысяч і праз два месяцы адбіў яго». Гісторыя пра тое, як зарабляць на вулічнай ежы

«Паўтарыць у нас смак сыру, зваранага ў Італіі, — з галіны фантастыкі». Баранавіцкі сыравар расказаў, што самае цяжкае ў гэтым бізнэсе

«Неймаверны свет новых смакаў». Веганка расказала, як пераходзіла на раслінную ежу

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
11
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
4
0
"ікра" із жэлаціна з фарбавальнікам/адказаць/
26.12.2023
ром, на профиль пасматрэць, дык таки да - истинны белорусс) ну эты хоць адносна чэсна аўто і кухню прадэманстраваў. трэба аддаць яму належнае)
0
дочка Рома)/адказаць/
27.12.2023
Новый год это вообще-то кагбэ семейный празднег. таки да? так уважаемые россияне?
27.12.2023
Aj, znoŭ "ruski mir", haŭno...
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031