Знайсці
27.11.2023 / 17:173РусŁacБел

Выйшаў беларускі серыял «Працэсы». Расказваем, чаго чакаць

«Белсат» выклаў на ютуб першую серыю свайго новага серыяла ад Андрэя Кашперскага і Міхася Зуя ў жанры абсурдысцкай трагікамедыі, якая распавядае пра працэсы ў Беларусі і па-за ёй. 

Сцэна, з якой пачынаецца серыя. Кадр з серыяла

Серыя пачынаецца і заканчваецца абсурднымі пагонямі за пратэстоўцамі, але ў лапы «правасуддзя» трапляюць і выпадковыя людзі, як то неабыякавая бабуля ў чырвона-зялёным касцюме, якая прамаўляе знаёмыя «так і трэба, фашыстам гэтым», і дзед, які ў слухаўках проста выбівае свой дыван. А ў сярэдзіне серыі пакуюць яшчэ і сляпога з бела-чырвона-белым кіёчкам. Суд разбярэцца!

Праз недахоп месцаў у турмах кіраўніцтва загадвае амапаўцу, якога гуляе акцёр Андрэй Новік, забраць затрыманых на акцыі пратэстоўцаў да сябе дадому на 15 сутак.

Затрыманне сляпога з кіёчкам па «схеме бчб». Кадр з серыяла

Дом сілавіка ці Акрэсціна? Розніца невялікая. Кадр з серыяла

Пад’езд дома, дзе жыве амапавец, да болі нагадвае калідоры ізалятара — тыя ж маляваныя алейнай казённай фарбай сцены, тыя ж краты на лесвіцы. Дома парадкі не лепшыя. Размовы паміж сужэнцамі зводзяцца да дзвюх фраз «Коцік?» і «Я х**ю», якім жонка выказвае ўсю глыбіню свайго абурэння з'яўленнем нечаканых гасцей у доме.

Як кажуць, за кожным вялікім мужчынам стаіць вялікая жанчына. У сям’і амапаўца яна стаіць хутчэй над ім. Яе ролю выконвае купалаўка Валянціна Гарцуева. Вінаваты ў дыскамфорце жонкі сілавік сам уначы адбывае пакаранне на падлозе з уключаным святлом. 

Амапавец прыносіць тэлефон з «правасуддзем» у «камеру». Кадр з серыяла

Да абсурду даведзена і правасуддзе. Суддзя ўжо праводзіць не проста анлайн-пасяджэнне, але вядзе яго наўпрост з уласнай кухні, папіваючы гарбату і замацоўваючы прысуд 15 сутак ударам малаточка для мяса.

Сям'я адпачывае, пакуль у ванным пакоі чыніцца гвалт. Кадр з серыяла

Трое асуджаных прадстаўляюць абагульненыя тыпажы. Ролю беларускамоўнага змагара выконвае паэт і музыкант Віталь Рыжкоў, айцішніка — фатограф Глеб Бурнашаў. Для іх пакой дзяцей амапаўца пераўтвараецца ў камеру, ванны пакой — у месца допытаў.

Умовы ў імправізаванай камеры ў параўнанні з Акрэсціна насамрэч казачныя: адчыняюцца вокны, нармальны туалет, усяго тры чалавекі на пакой, ніхто не шманае, цёплая падлога, няма клапоў, шмат рэчаў, няхай і дзіцячых, якімі можна сябе заняць, на маленькіх ложках без пасцелі куды мягчэй спаць, чым на металічных «грылях», і нават на вуліцу выводзяць на прагулку. «Каб я так сядзеў», падумаюць многія, хто прайшоў праз іншы досвед.

Дзецям цікавей з вязнямі, чым з бацькамі. Кадр з серыяла

Жонка, як сапраўдная гаспадыня, хутка знаходзіць практычную карысць ад арыштантаў. Яны прыбіраюць, мыюць посуд, абіраюць бульбу, даглядаюць дзяцей, рашаюць з імі хатнія заданні і гуляюць у моўныя гульні.

Зрэшты, не будзем спойліць. 

Хронаметражу серыі мала для таго, каб раскрыць персанажаў, іхнія памкненні, становішча ў сям’і дзяцей, якія знаходзяць сярод арыштантаў сяброў, ды й постаці саміх арыштантаў, якія чамусьці ўвесь час, калі не крычаць ад болю, застаюцца непраўдападобна нямымі. Мы даведваемся пра іхнія ролі толькі з апісання. Усё намечана штрыхавымі лініямі.

Цяжка нешта сказаць і пра гульню акцёраў, яе тут вельмі мала — акцёрам проста няма дзе і няма калі сябе праявіць. 

Гвалт мы чуем, але прама не бачым. Кадр з серыяла

Гвалт у серыяле паказаны натуралістычна. У выпадку з вязнямі, якіх караюць за спробу збегчы, за няправільна вырашаную задачу па матэматыцы і за абдымкі дзяцей, у чыім пакоі іх пасялілі, мы не бачым гвалт прама, усё адбываецца за зачыненымі дзвярыма, але мы выдатна чуем удары і стогны, бачым рухі за шклом.

Вялікая колькасць беларусаў у апошнія гады былі сведкамі гвалту так званых «сілавікоў» або сталі ягонымі ахвярамі. І гэты боль яшчэ не зажыў, кожны дзень такому гвалту падвяргаюцца ўсё новыя і новыя беларусы. Гэтыя сцэны не даюць засмяяцца ад абсурду сітуацыі, бо абуджаюць трывогу і выціснутыя ўспаміны.

Боль і гвалт часцяком выклікаюць, акрамя жаху, яшчэ і смех. Некаторыя псіхолагі лічаць, што жах і гумар у аснове сваёй маюць адны і тыя ж феномены: неадпаведнасць і парушэнне нормаў. Але ў такой чуллівай, магчыма, тэме варта быць больш далікатным.

Сілавік на праверку не такі і моцны. Кадр з серыяла

Белы шум у галаве сілавіка замяняюць настаўленні жонкі. Кадр з серыяла

Сцэнка з гарадскога жыцця ў Беларусі. Кадр з серыяла

Першая серыя на каналах «Белсата» за два дні сабрала больш за 110 тысяч праглядаў.

Наступныя серыі, «Патрыятычнае практыкаванне» і «Прыснілася», відаць, будуць развіваць іншыя абсурдныя «працэсы», што адбываюцца ў краіне, а не гісторыю сям’і амапаўца. 

Новыя серыі пакуль недаступныя да прагляду, але ўжо былі паказаныя на фестывалі «Бульбамуві-2023», атрымаўшы станоўчыя рэцэнзіі ад кінааглядальнікаў. Кінакрытык Тарас Тарналіцкі, напрыклад, напісаў, што «так павінна выглядаць беларускае гульнявое кіно здаровага чалавека».

Нам то з адной серыі прымагніціцца да гэтага кіно не ўдалося. Магчыма, варта было б выкладаць адразу некалькі эпізодаў, каб глядач уцягнуўся ў гэтую анталогію беларускай рэчаіснасці.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Фільм рэжысёркі-дакументалісткі Тані Свірэпы «Беларусь 23.34» стаў пераможцам фестывалю «Бульбамуві»

Што глядзець у лістападзе: новыя серыялы

«Дзікае паляванне караля Стаха» — пераможца Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Пасля 2020-га з оперы прыбралі рэпліку «Раман, выходзь!»

Ф. Раўбіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
13
Панылы сорам
6
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
1
5
Варшаўскі/адказаць/
27.11.2023
Вы адмыслова зрабілі спойлер на ўвесь сюжэт? Наша ніва, не сурʼёзна гэта.
27.11.2023
Варшаўскі, дык у канцы ж напісана - "Нам то з адной серыі прымагніціцца да гэтага кіно не ўдалося." ну то бок - як бы тонкі намёк) тыпу - калі хочацца, то глядзіце... карацей - глядзіце самі)
1
Літвін/адказаць/
27.11.2023
Варшаўскі, божа, які там сюжэт?? Замалёўка з жыцця проста.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031