Знайсці
14.08.2023 / 09:30РусŁacБел

Чым цяпер жывуць «Крумкачы»

Яны перамагалі БАТЭ і «Дынама», іх матчы праходзілі ў суправаджэнні аўтазакаў. Што цяпер з «Крумкачамі» — некалі самай народнай камандай краіны?

Фота: AP Photo/Sergei Grits

Вы маглі апошні раз чуць пра «Крумкачоў» пасля выбараў-2020, калі каманда выражала салідарнасць з ахвярамі гвалту. Палітычны тэрмін, два гады зняволення, атрымаў гулец каманды і журналіст Аляксандр Івулін.

У сезоне-2021 клуб заняў трэцяе месца і прайграў у стыкавых гульнях за права выступаць у вышэйшай лізе — даўняя мара «крумак». Але ж на гэтым праблемы не скончыліся. САК «Алімпійскі» адмовіў клубу ў падаўжэнні арэнды, і, па даных медыя, гэта было звязана з ціскам з боку тагачаснага кіраўніка футбольнай федэрацыі Уладзіміра Базанава. 

Дамовіцца з аналагічнымі стадыёнамі таксама не атрымалася. «Крумкачы» нават былі гатовыя перабрацца на стадыён у Смалявічы і амаль што дамовіліся на яго арэнду, але потым мясцовыя ўлады вырашылі рэканструяваць яго пад гульню ў рэгбі.

Перад сезонам-2022 з клуба сышлі амаль усе гульцы, у тым ліку старажылы, і выглядала цудам, ці дазволяць камандзе заявіцца хаця б у трэцюю, шмат у чым аматарскую лігу. Тым не менш, увесну каманда выйшла на поле.

А праз некалькі месяцаў здарылася трагедыя. 1 мая 2022-га «Крумкачы» праходзілі адзін з раўндаў Кубка Беларусі, дзе адолелі «Энергетык-БДАТУ». Для клубнага ютуб-канала важны матч каментаваў камерцыйны дырэктар каманды Юрый Турэйка, і проста падчас гульні ў яго здарыўся інсульт. Калі мужчыну шпіталізавалі, яго накрыў другі інсульт, а потым яшчэ і інфаркт. 

Турэйка выкараскаўся, але яму спатрэбіліся грошы на рэабілітацыю пасля такіх дыягназаў. Збор дапамогі арганізаваў клуб. Юрыю накіравалі ўсе сродкі ад продажу квіткоў на кубкавую гульню з «Іслаччу» — атрымалася больш за 10 тысяч рублёў. Па апошніх звестках, мужчына пачувае сябе лепей і плануе вярнуцца ў сферу футболу.

Пакуль «Крумкачы» асвойваліся ў другой лізе, былы форвард каманды Іван Верас граў у чэмпіянаце Мальдываў, куды перабраўся ў пачатку 2022 года. Напачатку ўсё было няблага: Іван забіў палову ўсіх мячоў сваёй каманды «Юнайтэд Віктары» — за сезон на яго рахунку было 13 галоў. 

Праз некалькі месяцаў пасля заканчэння сезона, у кастрычніку 2022-га, гісторыя з Мальдывамі прыняла больш скандальны бок — Верас пачаў скардзіцца на затрымкі ў выплаце заробку і праблемы з візай. Але як толькі гісторыя трапіла ў медыя, беларуса і яго калегу па камандзе хуценька разлічылі, і Верас накіраваўся на новае месца — у другі дывізіён чэмпіяната Індыі, каманду «Аіджал».

«Крумкачы» тым часам траплялі ў навінавыя стужкі з маркетынгавымі фішкамі. Напрыклад, разам з маладым букмекерам Grandsport яны стварылі вось такую прывабную беларускамоўную рэкламу:

А ўвосень 2022-га «Крумкачы» паўдзельнічалі ў незвычайным флэшмобе беларускіх клубаў. Усё пачалося з «Энергетыка-БДУ»: у тэлеграм-канале клуба раптам з'явілася спасылка на рэцэпт вяленых памідораў з праванскімі травамі. БАТЭ адказаў на гэта рэцэптам сырнікаў на манне, а «крумкі» зарыгінальнічалі і прапанавалі боршч з чорнымі грэнкамі і часнаком.

Што да турнірных вынікаў, клуб скончыў сезон-2022 на другім месцы, што давала «Крумкачам» права ў новым сезоне выступаць у першай лізе. Такое рашэнне патрабавала б ад клуба дадатковых выдаткаў у параўнанні з другой лігай, і каманда не змагла знайсці на гэта фінансы, таму сустрэла сезон-2023 зноў у другой лізе і на ўжо родным мінскім стадыёне РЦАР-БДУ.

Але, у адрозненне ад больш багатых камандаў, «Крумкачы» знайшлі магчымасць зладзіць беларускамоўны клубны сайт.

У пачатку 2023-га кар'еру скончыў 38-гадовы форвард Аляксандр Яцкевіч — магчыма, не самы вядомы з беларускіх футбалістаў, аднак легендарны для «Крумкачоў» гулец. Да каманды ён далучыўся ў 2019 годзе і забіў за яе 40 галоў, што з'яўляецца клубным рэкордам. Але першыя месяцы без футболу не выдаліся спакойнымі: у канцы красавіка Яцкевіча затрымалі губазікаўцы, мужчына адседзеў 13 сутак арышту.

Ягоны цёзка, Аляксандр Івулін, у лютым 2023-га выйшаў на волю. Але да каманды не вярнуўся і з'ехаў за мяжу, дзе працягвае рабіць ютуб-праект «ЧестнОК».

У новы сезон «Крумкачы» ўвайшлі са стылёвай формай, на якой намаляваная мапа Мінска і пазначаны важныя для гісторыі каманды стадыёны. 

А зусім нядаўна, у чэрвені, на трыбунах «Крумкачоў» заўважылі старога знаёмага — матч з «Трактарам» наведаў Раман Пратасевіч. У мінулым жыцці, яшчэ да NEXTA і прымусовай пасадкі самалёта ў Мінску, Пратасевіч заўзеў за «крумак», працаваў на матчах фатографам і аднойчы нават паспрабаваў сябе ў ролі каментатара.

Цяпер «Крумкачы» знаходзяцца на трэцім месцы ў мінскім дывізіёне другой лігі. Народная каманда, як бачым, існуе і дагэтуль, хаця і ў няпростых умовах. Верагодна, большага «Крумкачам» цяпер чакаць не прыходзіцца.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Паглядзіце, якія прыгожыя квіткі на свае гульні зрабілі «Крумкачы» ФОТА

«Самыя страшныя людзі на свеце — ціхоні». Трэнер Алег Дулуб пра вайну і маўклівых спартоўцаў

«Нават пасля вяртання выліваю на сябе значна больш парфумы, чым рабіў гэта раней». Малады навуковец расказаў пра сваю працу ў Антарктыдзе

Вера Белацаркоўская

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
6
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
1
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031