Знайсці
16.01.2021 / 17:51РусŁacБел

Лукашэнка на прыёме на Стары Новы год: У 2020-м нам фактычна абвясцілі вайну

Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на прыёме ад свайго імя на Стары Новы год.

БелТА

Лукашэнка сказаў, што сёлета ён як ніколі рады сустрэчы з гасцямі свята. «Гэты год прымусіў усіх нас паглядзець на свет і сваё месца ў ім вельмі шырока расплюшчанымі вачыма. З аднаго боку, 2020-ы надзеў на нас маскі, з другога боку — з кагосьці зняў іх, сарваў. Мы лепш даведаліся пра адно аднаго. У кімсьці расчараваліся, на жаль. А ў кімсьці знайшлі апору. Мы ўбачылі беларусаў, якія ў востры гістарычны момант засталіся верныя гонару і сумленню, што ў наш прагматычны век асабліва каштоўна», — цытуе яго словы БелТА.

Ён нагадаў, што яшчэ пару гадоў таму ў гэтай зале ён папярэджваў, што беларускую дзяржаву будуць спрабаваць на зуб: дастойна яна ці не сваёй незалежнасці.

«Час праверыў нас і даў адказ: увогуле, вартыя. У 2020-м нам фактычна абвясцілі вайну. І развязаная яна была не супраць прэзідэнта, дзяржслужачых, сілавых структур, а супраць моцнай дзяржавы ў цэлым. Дзяржавы, якая, нягледзячы на сціплае месца на карце свету, можа дазволіць сабе праводзіць незалежную знешнюю і ўнутраную палітыку. Менавіта ў гэтым прычына. Калі б мы былі слабыя, з намі б разабраліся без гэтых падзей і без вайны. Калі б мы былі вельмі моцнымі, дапусцім, як Кітай, нам бы не выстаўлялі такія прэтэнзіі. Хоць і Кітай хісталі, ды яшчэ як: памятаеце ганконгскія падзеі?»

Ён заўважыў, што суверэнітэт краіны немагчымы без моцнай улады. «Гэта вельмі важна ў той момант, калі мы ўшчыльную падышлі да таго, каб перарабіць нашу Канстытуцыю. А моцная ўлада — гэта не адзін чалавек. Гэта нацыя, гатовая згуртавацца, калі дзяржава знаходзіцца пад ударам. Мы выстаялі (пакуль выстаялі), бо былі адзіныя ў імкненні захаваць мір і гістарычную праўду, свой уклад жыцця і менталітэт. Разгайдалі, праўда, не адразу. Але разгайдаліся. Доўга запрагалі — цяпер едзем, — сказаў палітык. — Таму абвешчаны год адзінства — гэта не столькі задача на будучыню, як неабвержны факт і наш адказ нядобразычліўцам: беларусы былі і будуць адзіным народам».

Аляксандр Лукашэнка ўручыў ордэны, медалі і падзякі дзяржаўным дзеячам, артыстам, супрацоўнікам сродкаў масавай інфармацыі.

Ордэнам Айчыны II ступені ўзнагароджаны Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч. Ордэн Айчыны III ступені атрымалі старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік. Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева і міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч удастоены ордэна Пашаны.

Медалём «За адвагу» ўзнагароджаны спецыяльны карэспандэнт тэлеканала СТБ Рыгор Азаронак, медалём «За працоўныя заслугі» — «Савецкай Беларусіі» Андрэй Мукавозчык і галоўны дарадца прэс-службы прэзідэнта Валерый Шульга, медалём Францыска Скарыны — рэдактар аддзела СБ Дзмітрый Крат і спецыяльны карэспандэнт тэлеканала АНТ Ігар Тур.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031