Святлана Ціханоўская асудзіла рэпрэсіі супраць журналістаў
Святлана Ціханоўская асудзіла рэпрэсіі супраць журналістаў.
Фота Надзеі Бужан
«Я не перастаю захапляцца беларускімі журналістамі. Бясстрашныя, яны працягваюць выконваць сваю працу, нягледзячы на ціск, пагрозы і арышты. Рэжым баіцца праўды. Менавіта дзякуючы журналістам свет даведаўся пра тое, што адбывалася ў Мінску ў жніўні і працягвае адбывацца кожны дзень.
Журналістаў пераследуюць. У карэспандэнтаў «Радыё Свабода» забралі акрэдытацыі. Дэпартавалі замежных рэпарцёраў. Шантажавалі «Белсат» і пагражалі яму. У першыя дні пасля выбараў паранілі журналістку «Нашай нівы» Наталлю Лубнеўскую. Пасадзілі фатографаў Уладзя Грыдзіна і Аляксандра Васюковіча. Два дні таму арыштавалі рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча. Сёння рэжым заявіў, што хоча пазбавіць статусу СМІ TUT.by.
Падчас сустрэч з замежнымі лідарамі я кажу пра падтрымку беларускіх СМІ. Неабходная самая розная дапамога: абсталяванне, офісы, бяспека. Пару дзён таму я гаварыла пра гэта з міністрам замежных спраў Канады, і ён абяцаў аказаць падтрымку.
У новай Беларусі няма месца пераследу журналістаў. У новай Беларусі няма месца цэнзуры. У новай Беларусі журналісты будуць кантраляваць уладу, і ніхто не будзе мець права ім у гэтым перашкаджаць», — заявіла Ціханоўская.