«Страляйце па колах, іначай нічога не будзе!» ВІДЭА пагоні за п’яным кіроўцам пад Івацэвічамі
У Івацэвіцкім раёне ў пятніцу затрымалі нецвярозага бяспраўніка. Пра гэта паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал МУС.
Каля 10-й раніцы відавочца паведаміў супрацоўнікам ДАІ, што па вёсцы Стайкі рухаецца белая «Мазда» без рэгістрацыйных нумароў, за рулём якой, імаверна, знаходзіцца нецвярозы кіроўца.
Інспектары ДАІ спрабавалі затрымаць аўто ў вёсцы Аляксейкі. Аднак на ўключаныя пробліскавыя маячкі і патрабаванні спыніцца кіроўца не рэагаваў.
На падмогу прыйшоў другі экіпаж ДАІ і аператыўна-дзяжурная служба. Таксама далучыліся грамадзяне, выставіўшы на дарозе заслон з аўтамабіляў, аднак кіроўцу Mazda атрымалася аб'ехаць іх па полі.
Пасля неаднаразовых папярэджанняў была выкарыстана табельная зброя. Парушальніка затрымалі на ўездзе ў вёску Міхнавічы. Ім аказаўся 47-гадовы жыхар Івацэвічаў. Медыцынскі агляд паказаў наяўнасць алкаголю ў яго арганізме. Кіроўца неаднаразова затрымліваўся ў п'яным стане і ў маі гэтага года прыцягваўся да адказнасці за язду без правоў, якіх ён ніколі не меў.