Знайсці
31.03.2020 / 13:367РусŁacБел

«Баюся ўявіць, што будзе далей». Жанчына, якой сказалі пераздаць мазок на карону, сутыкнулася з балаганам у раённай паліклініцы

Ілюстрацыйнае фота: Надзея Бужан

«Два тыдні таму перасекла мяжу ў аўтобусе, арганізаваным беларускім кансулятам у Польшчы, — напісала ў «Нашу Ніву» чытачка. — Запоўніла крыва раздрукаваную і напалову нябачную анкету з асабістымі данымі (далучаю фота), узялі мазок на каранавірус ва ўсяго аўтобуса, казалі, што ператэлефануюць на працягу сутак, калі ў кагосьці вынік будзе станоўчы. Не ператэлефанавалі, але праз 2 дні пазваніла ўчастковая медсястра з раённай паліклінікі і запрасіла на паўторны тэст праз 14 дзён. Нават прыемна здзівілася, бо менавіта такую схему раіць Сусветная арганізацыя аховы здароўя.

З чыстым сумленнем пасля двухтыднёвай самаізаляцыі сёння прыйшла ў названы пакой у інфекцыйным аддзяленні. Медперсанал там у масках, але ў некаторых тыя маскі панура звісаюць, зачэпленыя за вушы — нібы яны ёсць, і нават надзетыя, але толку?

Я была другая ў чарзе. Перад мной хворая жанчына ў масцы. Чакала хвілін 20, пакуль яна выйдзе.

Заходжу ў кабінет, размінаюся з медсястрой. Пытанне з парогу: ці ёсць тэмпература? Адказваю: не. Апавядаю, чаго прыйшла. Доктар просіць пачакаць за дзвярыма, пакуль вернецца медсястра, якая «пайшла выпісваць бальнічны», і возьме мазок. Выходжу, чакаю яшчэ 20 хвілін. Прыём ідзе далей, чарга інфекцыйнага аддзялення рухаецца. Думаю сабе: калі я і не хворая, то не факт, што нешта не падчаплю тут. Прыкладна тое кажу доктару, калі спрабую 2 разы на працягу гэтых 20 хвілін даведацца, ці не пайшла медсястра папіць гарбаты. У доктара, аказваецца, няма яе нумару тэлефона, яна ідзе тую шукаць, вяртаецца са словамі «Зараз прыдзе, чакайце». Чакаю.

Нарэшце з’яўляецца. Са словамі «Што там такое срочнае?» заходзіць у кабінет, выходзіць і да мяне — «Эта не ка мне». А да каго? Пытаюся і зноў расказваю гісторыю, што прыйшла на паўторны мазок па запрашэнні з вашай жа паліклінікі.

Бярэ маю амбулаторную картку і знікае ў калідоры. Вяртаецца праз 5 хвілін: «Ідзіце ў кабінет такі і такі, там прымае загадчыца, з ёй усё высвятляйце».

Пытаюся: Зноў чакаць 40 хвілін у чарзе? «Там няма чаргі».

Добра, еду ліфтам наверх. «Няма чаргі» азначае 15 смарката-чыхатых пад кабінетам. Званю непасрэдна да медсяры, якая запрасіла на тэст, добра, што захавала яе нумар, апавядаю сітуёвіну. Чую: «Ідзіце да дзяжурнай медсястры, яна скажа, што рабіць». Іду. Канечне, зачынена. Спрабую зноў прарвацца ў кабінет, дзе прымае загадчыца, народ у чарзе абураецца. Раптам ператэлефаноўвае медсястра: «Ой, ну ў нас пастаянна ўсё мяняецца, 2 дні таму выйшла новая паперка: калі не было ніякіх прыкметаў хваробы, то паўторна тэст не здаецца. Ідзіце дадому».

Бінга! Пытанне: адкуль яна ведае, ці былі прыкметы? А можа, па голасе вызначыла?

ККД — зэро + гадзіна і 10 хвілін, праведзеныя ва ўстанове з кучай хворых людей. Усё, што трэба ведаць пра інфармаванасць і гатоўнасць белмедыцыны нават не да крытычнай сітуацыі. Баюся ўявіць, што будзе далей.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930