Знайсці
17.03.2020 / 13:017РусŁacБел

Нямецкі мільярдэр адмовіўся прадаць Трампу вакцыну ад каранавіруса

Дзітмар Хоп. Фота: Вікіпедыя

Заснавальнік кампаніі SAP і ўласнік біятэхналагічнай фірмы Curevac Дзітмар Хопп спыніў спробу Вашынгтона займець эксклюзіўныя правы на сродак супраць COVID-19, піша dw.com.

У разгар пандэміі каранавіруса і выбарчай кампаніі ў ЗША Дональд Трамп вырашыў здзейсніць у Германіі здзелку ў духу свайго любімага лозунгу «Амерыка найперш» ( «America first»). У нядзелю і панядзелак, 15-16 сакавіка, гэтая гісторыя нарабіла нямала шуму ў нямецкіх СМІ і сацыяльных сетках. І, напэўна, будзе мець яшчэ палітычныя наступствы.

Перадгісторыя. 3 сакавіка гаспадар Белага дома разам з віцэ-прэзідэнтам Майкам Пенсам і членамі ўзначаленага ім штаба па барацьбе супраць COVID-19 сустрэўся з кіраўнікамі фармацэўтычных і біятэхналагічных кампаній. Сярод запрошаных топ-менеджараў быў і кіраўнік нямецкай фірмы Curevac амерыканец Даніэль Манікела. Там яму і зрабілі прапанову, ад якой ён, падобна, не змог адмовіцца.

Справа ў тым, што біятэхналагічная фірма Curevac інтэнсіўна працуе цяпер над стварэннем вакцыны ад віруса SARS-CoV-2. Паводле яе ўласных звестак, яна ўжо ў пачатку лета зможа прыступіць да клінічных выпрабаванняў гэтага шматабяцальнага сродку. Пры спрыяльным развіцці падзей прышчэпка магла б быць гатовая да восені. Больш за тое, кампанія паведамляе, што мае сертыфікаванае ў снежні 2019 года абсталяванне, якое «за адзін вытворчы цыкл можа выпускаць да дзесяці мільёнаў ампул з вакцынай».

І вось у Вашынгтоне, у Белым доме, амерыканскаму кіраўніку гэтай нямецкай фірмы зрабілі прапанову арганізаваць продаж кампаніі (гаворка, нібыта, ішла пра 1 мільярд даляраў) ці хаця б забяспечыць Злучаным Штатам эксклюзіўныя правы на вакцыну і тэхналогію яе вырабу. Дональд Трамп, як даведалася нямецкая газета Welt am Sonntag, захацеў мець вакцыну «толькі для ЗША».

Праз восем дзён пасля сустрэчы з амерыканскім прэзідэнтам, 11 сакавіка, Даніэль Манікела нечакана без тлумачэння прычын пакінуў Curevac, а замест яго старшынёй праўлення кампаніі зноў стаў яе стваральнік біёлаг Інгмар Хёр.

У 2000 годзе ён заснаваў яе ва ўзросце 32 гадоў у нямецкім універсітэцкім горадзе Цюбінген пасля абароны дысертацыі, у якой распрацаваў тэхналогію вырабу вакцын і прэпаратаў для імуннай тэрапіі.

Аднак у 2018 годзе Інгмар Хёр адышоў ад аператыўнага кіравання бізнесам і ўзначаліў назіральную раду фірмы. І вось цяпер ён вярнуўся на ранейшую пасаду, чаго, паводле СМІ, настойліва дабіваўся асноўны інвестар кампаніі. А гэта 79-гадовы мільярдэр Дзітмар Хоп (Dietmar Hopp), адзін з самых багатых і вядомых нямецкіх прадпрымальнікаў.

У 1972 годзе ён з чатырма таварышамі стварыў цяпер найбуйнейшую ў Еўропе софтверную кампанію SAP, якая вырабляе праграмнае забеспячэнне для кіравання бізнэс-працэсамі. Яе праграмамі актыўна карыстаюцца сёння, дарэчы, і ў постсавецкіх краінах — Беларусі, Расіі, Украіне, Казахстане.

Дзітмар Хоп яшчэ ў 2000 годзе ўклаўся ў Curevac і паўтара дзесяцігоддзі практычна ў адзіночку фінансаваў навуковыя даследаванні фірмы, якімі займаюцца цяпер каля 450 яе супрацоўнікаў.

У 2015 годзе грошы сталі паступаць таксама ад дабрачыннага фонду, створанага заснавальнікам амерыканскай кампаніі Microsoft Білам Гейтсам і яго жонкі Мелінды — Bill & Melinda Gates Foundation.

Усяго, паводле звестак Frankfurter Allgemeine Zeitung, у гэтую біятэхналагічную кампанію, якая па-ранейшаму працуе ў мінус, было інвеставана прыкладна 550 мільёнаў еўра. Але цяпер Curevac, магчыма, стаіць на парозе стварэння менавіта той вакцыны, у якой больш за ўсё мае патрэбу чалавецтва.

І менавіта ў гэты момант вашынгтонская адміністрацыя робіць спробу перакупіць каманду яе стваральнікаў. Пра гэта 15 сакавіка падрабязна распавяла нядзельная газета Welt am Sonntag. А ўвечары таго ж дня прыйшла заява Дзітмара Хопа, які зрабіў тое, што звольнены Даніэль Манікела не змог ці не захацеў зрабіць у Вашынгтоне.

Дзітмар Хоп выключыў прадастаўленне эксклюзіўнага права на сродак супраць COVID-19 якой-небудзь адной краіне. «Калі нам, як я спадзяюся, хутка ўдасца распрацаваць дзейсную вакцыну супраць каранавіруса, ужываць яе для абароны людзей трэба будзе не рэгіянальна, а салідарна ва ўсім свеце», — падкрэсліў мільярдэр.

І дадаў, што ён быў бы рады, калі б такая дапамога прыйшла да людзей з Германіі дзякуючы яго шматгадовым інвестыцыям.

Інтрыга вакол фірмы Curevac выклікала бурлівую рэакцыю ў палітычным Берліне. Міністр замежных спраў ФРГ Хайка Мас заявіў, што «гэты вірус мы зможам перамагчы толькі сумесна, а не адзін супраць аднаго». Нямецкія навукоўцы, адзначыў ён, займаюць вядучыя пазіцыі ў справе распрацоўкі лекаў і вакцын, супрацоўнічаючы са спецыялістамі ва ўсім свеце. «Мы не можам дапусціць, каб хтосьці спрабаваў эксклюзіўна завалодаць вынікамі іх навуковых даследаванняў», — падкрэсліў кіраўнік МЗС.

Аналагічна выказаўся міністр эканомікі Германіі Петэр Альтмайер, падкрэсліўшы, што «Нямеччына не распрадаецца».

Дадатковую пікантнасць усёй гэтай гісторыі надае тое, што ў апошнія тыдні імя Дзітмара Хопа гучала ў Германіі зусім у іншым кантэксце.

Супраць яго настроеная частка нямецкіх футбольных фанатаў, якія бачаць у ім сімвал камерцыялізацыі спорту і яго падпарадкавання інтарэсам капіталістычных магнатаў. Таму на трыбунах усё часцей і часцей з'яўляліся транспаранты з пагрозамі і абразамі ў адрас Хопа — спонсара і ўласніка футбольнага клуба «Хофенхайм».

І які раптам нечаканы паварот з-за каранавіруса! Прапанова Трампа была б прывабнай здзелкай для інвестара, зацікаўленага ў хуткай нажыве, піша Frankfurter Allgemeine Zeitung і працягвае: «Аднак Дзітмар Хопп адказаў Дональду Трампу адмовай. Менавіта таму, што ён можа сабе гэта дазволіць, гэтыя навуковыя даследаванні, падобна, застануцца ў Германіі. Калі Curevac здолее здзейсніць прарыў, гэтаму чалавеку варта будзе паставіць помнік».

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031