Знайсці
17.01.2020 / 11:2813РусŁacБел

Хто той адзіны беларус, якога ўключылі ў камісію па падрыхтоўцы змен у расійскую канстытуцыю?

Сяргей Кандыбовіч не такі агрэсіўны расійскі нацыяналіст, як кіраўнік аналагічнай «украінскай» структуры Багдан Бяспалька.

Багдан Бяспалька і Сяргей Кандыбовіч (справа). Фота з са старонкі Сяргея Кандыбовіча ў фэйсбуку.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін стварыў групу з 75 чалавек, якая будуць займацца распрацоўкай змен у канстытуцыю. Гэта структура чыста сімвалічная, у яе ўвайшлі, да прыкладу, піяніст Мацуеў і лёгкаатлетка Ісінбаева, ды іншыя далёка не спецыялісты ў канстытуцыйным праве. Задача групы — легітымізаваць змены, якія пакліканыя стварыць юрыдычную аснову для захавання ўлады ў руках Пуціна і яго кола пасля 2024 года. Змены маюць быць прынятыя на рэферэндуме ўжо вясною.

У групу 75-ці ўключаны і адзін беларус. Хто ён?

Гэта Сяргей Кандыбовіч — народжаны ў Мінску адстаўны расійскі палкоўнік, вайсковы псіхолаг, старшыня прыдзяржаўнай «парасонавай» арганізацыі беларускай дыяспары ў Расіі пад грувасткай назвай «Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія «Беларусы Расіі», член Рады па міжнацыянальных зносінах пры Прэзідэнце РФ.

Аўтаномія «Беларусы Расіі» — гэта не няўрадавая арганізацыя ў звычайным сэнсе, гэта, хутчэй, створаная пры дзяржаве куратарская структура. Такія ж ёсць для іншых дыяспараў на тэрыторыі Расіі.

Асноўная тэматыка дзейнасці беларускай ФНКА — фармальнае прадстаўленне беларусаў у публічным расійскім жыцці, прычым у духу расійска-савецкага патрыятызму. «Вялікая айчынная вайна», «вызваленне Беларусіі», бэ-эс-эс-эраўскі псеўда-фолк пад сінтэзатар, Крым, таварыш Машэраў. Ані курсаў беларускай мовы, ані дзіцячых школак, каб выхоўваць у новым пакаленні беларускую нацыянальную свядомасць — нічога гэтага пад эгідай ФНКА ў Расіі няма.

Разам з Кандыбовічам у склад працоўнай групы ўключаны старшыня аналагічнай структуры для расійскіх украінцаў, Багдан Бяспалька. Гэты чалавек — нашмат больш публічны. Ён часты госць сумнавядомых прапагандысцкіх ток-шоу на расійскай дзяржаўнай тэлевізіі, вядомы злобнымі антыўкраінскімі і антыбеларускімі заявамі, публічным адмаўленнем права беларусаў і ўкраінцаў на самастойнасць. Стаў Бяспалька такі не адразу — яшчэ гадоў пятнаццаць таму ён як кіраўнік украінскай бібліятэкі ў Маскве даваў памяшканне пад мерапрыемствы беларускай «бел-чырвона-белай» суполкі. Але змяняецца час — змяняюцца людзі.

У адрозненне ад Бяспалькі, Сяргей Кандыбовіч, безумоўна, да агрэсіўных расійскіх нацыяналістаў не належыць. Ён удзельнік З’ездаў беларусаў свету, сябар Вялікай рады ЗБС «Бацькаўшчына» і кансультатыўнай рады па справах дыяспары пры МЗС Беларусі. Ён удала выконвае ролю публічнага дыпламата паміж афіцыйным Менскам і афіцыйнай Масквой.

Але значэнне ў цяперашняй сітуацыі маюць не асобы Кандыбовіча і Бяспалькі. Ролю грае сам факт уключэння сімвалічнага статуснага беларуса і сімвалічнага статуснага ўкраінца ў склад камісіі, якая будзе пісаць новую расійскую Канстытуцыю.

Кандыбовіч і Бяспалька — адзіныя людзі, якія ўключаныя туды падкрэслена як прадстаўнікі дыяспарных арганізацый. Іншых прадстаўнікоў структур дыяспар ці, скажам, рэлігійных меншасцяў сярод удзельнікаў рабочай групы няма. Няма нават афіцыйных прадстаўнікоў кадыраўскай Чачні, хоць ёсць прадстаўнікі ўрадаў Татарстана і Дагестана.

І сігнал гэтым дасылаецца вельмі недвухсэнсоўны: беларусы і ўкраінцы робяцца па-свойму эксклюзіўна запрошанымі на гэтую «раду «, а расійская Канстытуцыя робіцца быццам бы Канстытуцыяй і для беларусаў з украінцамі.

З улікам таго, хто яшчэ ўвайшоў у працоўную групу — ад тэлепрапагандыстаў і казачых атаманаў да пісьменніка Прылепіна — нельга выключаць таго, што ў новай Канстытуцыі могуць з’явіцца пастулаты пра «расійскую культурную і цывілізацыйную прастору», «гістарычную Русь» ці якіясь іншыя намёкі на перспектывы расейскай тэрытарыяльнай экспансіі.

Таму беларусам рана расслабляцца ад навінаў пра тое, што Пуцін збіраецца працягваць свой прэзідэнцкі тэрмін не з дапамогай «Саюзнай дзяржавы». Сутнасць расійскага рэжыму не памянялася.

АЧ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031