Знайсці
15.01.2020 / 08:208РусŁacБел

Над Брэстам заўважылі пералётных гусей і журавоў

Жыхары Брэсцкай вобласці ў сярэдзіне студзеня могуць убачыць пералётных птушак, паведаміў БелТА намеснік дырэктара па навуковай рабоце Палескага аграрна-экалагічнага інстытута Нацыянальнай акадэміі навук Віктар Дзямянчык.

Вучоны звярнуў увагу, што змяненне клімату ўплывае на паводзіны жывёл. У прыватнасці, 11 і 12 студзеня можна было ўбачыць над Брэстам чароды белалобых гусей. Звычайна такі пералёт яны робяць у сакавіку. «Для многіх птушак характэрна, што яны вяртаюцца з поўдня на поўнач. Белалобыя ж гусі зімуюць у раёне Балтыйскага мора. Да месцаў гнездавання ў тундры яны ляцяць як бы па коле праз Беларусь, Украіну, — растлумачыў Віктар Дзямянчык. — Шэрыя журавы ўсё часцей замест поўдня зімуюць у Заходняй Еўропе. У апошнія гадоў пяць такія выпадкі адзначаюцца і ў Беларусі. Акрамя маласнежных зім гэтаму спрыяе развіццё сельскай гаспадаркі: птушкі могуць знайсці сабе спажыву на кукурузных, рапсавых палях. Шэрыя журавы былі заўважаныя над Брэстам 11 студзеня». Па словах суразмоўцы, пры снезе журавы змогуць пракарміцца. Аднак калі ўдараць маразы, ім будзе складаней, бо назад на зімоўку яны ўжо не палятуць.

У сярэдзіне студзеня прыляцелі ў Брэст і першыя пары сокала-пустальгі, яны вярнуліся ў свае гнёзды і нават пачалі такаваць. Чырвонакніжнікі селяцца ў гарадах у шматпавярховых будынках, а зімуюць у раёне Міжземнамор'я.

Асаблівы дыскамфорт з-за цёплай і дажджлівай зімы адчуваюць кажаны. Многія месцы іх зімоўкі падтопленыя. Рукакрылыя вымушаны прачынацца і шукаць новыя прытулкі. Яны дэзарыентаваныя, аслабленыя і асабліва ўразлівыя, таму нярэдка траўміруюцца і гінуць.

Некаторыя птушкі, якія прылятаюць у Брэсцкую вобласць у халодную пару года, сёлета, наадварот, засталіся зімаваць у паўночных рэгіёнах. Гаворка ідзе пра гракоў. Звычайна на зіму ў Брэст прылятала чарада, у якой было да 300 тыс. гэтых птушак. Упершыню за два дзесяцігоддзі ў горадзе няма гракоў-мігрантаў.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера