Знайсці
06.11.2019 / 11:0361РусŁacБел

Тэлеканал АНТ разгромна прайшоўся па Мядзведзеве

Тэлеканал АНТ рэзка раскрытыкаваў словы прэм'ер-міністра Расіі Дзмітрыя Мядзведзева. Нагадаем, той у панядзелак заявіў, што яму дзіўна чуць выказванні Лукашэнкі пра тое, што Беларусь уцягвалі ў розныя войны.

«Мы ні ў якім разе не павінны кідаць хоць нейкі цень на подзвіг нашых продкаў, якія абаранялі сваю зямлю. Яны жылі на тэрыторыі сучаснай Расіі або Беларусі, але абаранялі сваю зямлю ад захопнікаў», — сказаў Мядзведзеў. «Нашы бацькі і дзяды абаранялі сваю зямлю. Гэта не ўдзел у чужых войнах. Таму для мяне вельмі дзіўна чуць такія словы», — дадаў прэм'ер-міністр Расіі.

Мядзведзеву рэзка адказала прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант.

А ўчора АНТ прысвяціла тэме цэлы сюжэт.

«Дзмітрый Мядзведзеў здзівіўся, што беларусам не вельмі падабаецца быць разменнай манетай — прыкладна так коратка можна апісаць рэакцыю старшыні расійскага ўрада на інтэрв'ю Аляксандра Лукашэнкі казахстанскім журналістам. Прэзідэнт Беларусі, тлумачачы цяперашнюю міратворчую пазіцыю краіны, сказаў пра тое, што ўсе войны, якія пракаціліся туды і назад па Беларусі, былі не нашымі. Лагічна, бо мы іх не пачыналі. Напалеон — усё разрабавана і знішчана. Першая сусветная вайна, Другая сусветная вайна або Вялікая Айчынная вайна - Беларусь сцерлі з твару зямлі», — кажа вядучы АНТ.

«Дык вось, чужыя войны і подзвіг продкаў — гэта, як кажуць у вядомым горадзе, дзе Дзмітрый Анатольевіч наўрад ці калісьці пабывае, дзве вялікія розніцы», — пад'ялдыкнуў ён.

Далей вядучы праходзіцца па ўсіх трох войнах: 

«Напалеон пайшоў на Усход ўжо пасля таго, як расійская армія няўдала схадзіла на Захад пад Аўстэрліцам. Да таго ж, калі верыць падручнікам гісторыі, Расія першай парушыла падпісаны з Францыяй Тыльзіцкі мір. А беларусы на сваёй зямлі сталі закладнікамі чужых ваенных амбіцый.

Першую сусветную вайну беларусы таксама не развязвалі. Немцы сюды прыйшлі пасля таго, як расійскі цар Мікалай II абвясціў мабілізацыю, што тады было роўнае для Берліна абвяшчэннем вайны. Зноў Захад і Усход рвалі гэтую зямлю на часткі.

А вось цяпер пра Вялікую Айчынную… Калі б не беларускі жывы шчыт таўшчынёй у 700 кіламетраў, нямецкія танкі былі б пад Масквой яшчэ да таго, як пажаўцела лісце. Мы заплацілі за перамогу ў вайне, якую не пачыналі, кожным трэцім жыхаром».

«Яшчэ больш дзіўным для расійскага прэм'ера павінна выглядаць тое, што пасля столькіх пройдзеных разам выпрабаванняў нашы краіны загразлі ў бясконцых перамовах па нафце, газе і нават прадуктах харчавання. Чарговая падстава ўкусіць беларусаў, пакуль амерыканцы праграваюць свае танкі?

Калі нехта ў постсавецкі перыяд і адхрышчваўся ад чагосьці, то рабілася гэта не ў Беларусі, а ў самой Расіі.

Сапраўды, гэта не мы мянялі назвы гарадоў і накідвалі сталёвыя завесы на галовы помнікаў. Не мы замянілі міліцыю паліцыяй. Проста быць паліцаем у Беларусі да гэтага часу… не вельмі прэстыжна.

Пра тое, як беларусы ўшаноўваюць сваіх герояў, тысячы расійскіх турыстаў выдатна бачаць кожнае 9 Мая. Ніводны з тысяч помнікаў ці брацкіх магіл на беларускай зямлі не закінуты. Мы нават за могілкамі з Першай сусветнай вайны глядзім.

«І пакуль сёй-той лепіць на свае машыны налепкі «Можам паўтарыць», беларусы рэканструююць адзін з сваіх галоўных сімвалаў — плошчу з манументам Перамогі. Каб нават нашы праўнукі не забывалі цану, якую прыйшлося заплаціць, і рабілі ўсё, каб страшная вайна не паўтарылася, — строга падкрэслівае вядучы АНТ і рэзюмуе: — Тэма сумненняў у святасці Вялікай Перамогі для беларусаў зачынена і ў дапаўненнях не мае патрэбы».

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера