Знайсці
04.11.2019 / 08:55РусŁacБел

У Гомелі, Віцебску і Оршы на Дзяды ўшанавалі памяць рэпрэсаваных

Упершыню ў трох гарадах адначасова — Оршы, Віцебску, Гомелі — на «Дзяды» актывісты і нашчадкі рэпрэсаваных аб'ядналіся, каб зачытаць услых імёны расстраляных у часы сталінскіх рэпрэсій. 

Падчас акцыі, прысвечанай памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, у Гомелі на Навабеліцкіх могілках прайшла экскурсія, пасля якой настаяцель храма свяшчэннамучаніка Аляксія Лельчыцкага адслужыў паніхіду. Гамельчукі ўпарадкавалі старыя магілы і зачыталі імёны ахвяраў Вялікага тэрору.

У Віцебску каля народнага мэмарыялу ў Хайсах каталіцкі біскуп Алег Буткевіч памаліўся за беларусаў, расстраляных у гады рэпрэсій. Актывісты памянулі забітых у Віцебскай турме НКВД, у прыватнасці Вольгу Данцыт - настаўніцу 30-й школы Віцебска. Асоба 28-гадовай настаўніцы-латышкі была высветленая, дзякуючы грабеньчыку з надрапаным імем, які знайшлі падчас жудасных раскопак у лесе каля вёскі Хайсы. Нядаўна на гэтым месцы быў усталяваны помнік, на якім напісаныя імёны Вольгі Данцыт і 41 латыша, расстраляных у тую ж ноч - 30 красавіка 1938 года. Каардынатар ініцыятывы «Хайсы - віцебскія Курапаты» Ян Дзяржаўцаў назваў імёны расстраляных у Віцебску мастакоў.

У Оршы на Кабыляцкай гары сабраліся мясцовыя актывісты і нашчадкі расстраляных, аб'яднаных у ініцыятыву «Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы». Некаторыя з нашчадкаў прыехалі на гэта трагічнае месца ўпершыню, каб ушанаваць памяць родных. Месца масавага пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій на Кабыляцкай гары было выяўленае ў 1982 годзе пры будаўніцтве чыгункі.

Удзельнікі акцыі правялі «суботнік» на мемарыяле і зачыталі прозвішчы забітых НКВД. Айцец Аляксандр адслужыў літыю аб усіх забітых і зачытаў імёны 18 расстраляных у Оршы праваслаўных святароў.

Сёння вядомыя прозвішчы каля 2 тысяч чалавек, расстраляных аршанскім НКВД. На думку даследчыкаў, гэтая лічба можа быць значна большай. Але даведацца поўны спіс ахвяр тэрору ў Беларусі пакуль не ўяўляецца магчымым. Архівы КДБ да гэтага часу закрытыя для агульнага доступу.

ІС

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031