Знайсці
11.03.2024 / 09:224РусŁacБел

Быў першым прафесійным беларускім эканамістам і спойваў палітычных праціўнікаў. Сёння — дзень памяці першага рэдактара «НН» Аляксандра Уласава

Сёння 83 гады з дня смерці легендарнага беларускага рэдактара і публіцыста Аляксандра Уласава. Ён ніколі ня скардзіўся і ў найцяжэйшых варунках захоўваў бадзёры настрой, піша «Радыё Свабода».

Аляксандар Уласаў зь сямʼёй у Мігаўцы

Гэта — архіўны тэкст

Уласаў першым рэдагаваў газэту «Наша Ніва», заснаваў ізноў жа першы беларускі сельскагаспадарчы часопіс «Саха», стварыў часопіс для беларускай моладзі «Лучынка». Ніколі ня скардзіўся і ў самых цяжкіх варунках захоўваў бадзёры настрой. У 20-я гады займаўся палітыкай (быў сэнатарам ад Блёку нацыянальных меншасьцяў у польскім сэнаце). Спрыяў творчаму росту Янкі Купалы, Якуба Коласа, Аляізы Пашкевічанкі (Цёткі), Зьмітрака Бядулі.

1. У дзяцінстве яго біў па галаве тата

«Помню, мой бацька, як найвышэйшая ўлада ў доме, аграваў мяне лінейкай па галаве, тлумачачы пры гэтым, што быў адзін дурны хлопец, аднойчы яму разьбілі галаву і тагды ён стаў вельмі разумным да навукі. Але, відаць, мая галава была другой сыстэмы, бо ад бацькоўскага бою навука мая не палепшылася».

Іван Луцкевіч і Аляксандар Уласаў

2. Пакутаваў ад клізмаў

«Цэнтрам нашага жыцьця быў дзед, сельскі поп, каторы нас любіў і сам быў старое дзіця. …Калі бабця, клапатлівая, ашчадная гаспадыня, яшчэ сьпіць па абедзе, дзед нас перакіне праз плот у сад, і мы лупілі ня ў свой дух ягады і яблыкі, а ён стаіць на варце. …Нас часта лячылі ад абжорства рознымі дамовымі спосабамі, каля нас стараліся цэлы бабскі сынэдрыён: цёткі, бабуля. Помню, што мы крычалі дзікімі галасамі, калі нам закатвалі клізмы…».

Аляксандр Уласаў

3. Быў першым прафэсійным беларускім эканамістам

Паводле прафэсара Ўладзімера Конана, Уласаў — «першы прафэсійны эканаміст, які пісаў па-беларуску». «Толькі яго сацыяльна-эканамічная публіцыстыка склала б некалькі тамоў. Дарэчы, ідэя сялянскай каапэрацыі, якую ён распрацаваў у навукова-публіцыстычных артыкулах, і сёньня ня страціла сваёй актуальнасьці…».

Аляксандар Уласаў з родзічамі. 1920-я гады

4. З гумарам успамінаў, як уцякаў ад перасьледу царскіх уладаў

«Менск 1905/6 г. Пасля першых маіх мітынгаў у Радашкавічах, дзе я гаварыў страшэнныя штукі: «цара ня трэба» і т. п., — я, як кажуць далікатныя нашы местачковыя яўрэі, «трошкі» ўцёк, уначы, зімой, абсаджаным бярозамі старым трактам у Менск. Селянін падганяў каня свайго з пашаны да пасажыра: «Гэй, пралетарый усіх старон… саедзіняйся!».

Іван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Аляксандар Уласаў

5. Спойваў палітычных праціўнікаў

«Рэдактар чарнасоценнай газэты С., мой палітычны праціўнік, зь якім праз «Нашу Ніву» я ня раз палемізаваў, павінен быў прачытаць рэфэрат… Я… гэтак весела і бестурботна пачаў зь ім гутарыць, што ён зусім абмяк і падумаў: «Гэты Уласаў — сэпаратыст беларускі, але ў кампаніі цярпімы так-сяк. /…/ Старка… мае якасьці, пра якія ведаў я, а рэдактар С. на сваю бяду ня быў умудроны, што яна пʼецца як вада, а потым адымаець ногі і язык. Я змоладу меў алькагольны імунітэт і быў здароў. Я трактаваў рэдактара і чокаўся зь ім, што пад канец… мой сусед утрактаваўся гэтак, што ня мог зразумець, дзе ён знаходзіцца… сарваўся, спатыкаючыся, надзеў крыва шапку і ходу. /…/ С., праспаўшыся, зразумеў мой ядавіты жарт і напісаў грамавую стацьцю проціў «беларускіх сэпаратыстаў».

Аляксандар Уласаў, другая палова 20-х гадоў

6. Летам хадзіў у адных трусох, чым бянтэжыў сялян

Яго пляменьніца Вера Ніжанкоўская (будучая жонка Браніслава Тарашкевіча) успамінала: «Калі было горача, дзядзька хадзіў у адных трусох…, а такі волат, як ён, выглядаў досыць арыгінальна. …Прыехаў нейкі беларус з ваколіц Вільні і зь дзядзькам пайшоў у сад. Тымчасам прыйшоў селянін па раду. Яго паслалі ў сад, але ён хутка вярнуўся адтуль перапалоханы: «Там нейкі голы варʼят ходзе, а каля яго, мусіць, фэльчар круціцца і ўсё яго ўгаворвае». Раз прыйшла нейкая дзяўчына, і яе паслалі ў сад. Яна пайшла, клічучы: «Пане сэнатар!», і раптам пачула недзе з гары: «Гоп, гоп!» Падняла галаву, а там на дрэве нейкае вялізнае, амаль голае цела. Гэта дзядзька пілаваў сукі на дрэве. …Дзеўка ледзь не самлела».

Аляксандар Уласаў з пляменьніцай Верай Ніжанкоўскай. 1920-я гады

7. Прымушаў моладзь займацца спортам

Вера Ніжанкоўская пісала: «Ад дзяцінства памятаю, як да нас на сваім «верным таварышу» — ровары… зьяўляўся… брат маёй маці — Аляксандар Уласаў. Здалёк быў чуваць ягоны магутны бас і рогат і была відаць яго прыгожая атлетычная фігура. …Ён ішоў у сад і глядзеў, якія посьпехі мы рабілі ў спорце на прыладах, зробленых у нас у асноўным пад каманду дзядзькі. /…/ Уся моладзь мусіла практыкавацца».

8. Адраджаў батлейку

«У 1915 годзе я ў рэдакцыі «Сахі» і «Лучынкі» арганізаваў батлейку. Колькі дзён пацягаўшыся па ўскраінах Менску, я адкапаў старых батлейшчыкаў… каторыя і батлейкавалі ў рэдакцыі нядзелі тры. …Пры гэтым, пашукаўшы, я недзе спаткаў старэнькую мадыстку для лялек батлейкі, каторая з гэтага некалі жыла. Традыцыя вымагала, каб усе вопраткі былі нязьменна старасьвецкага фасону».

Беларускі пасольскі клюб. Сядзяць (зьлева направа): у 1-м шэрагу — Антон Аўсянік, Фабіян Ярэміч, Павал Валошын; у 2-м шэрагу — Вячаслаў Багдановіч, Міхаіл Кахановіч, Браніслаў Тарашкевіч, Аляксей Назарэўскі, Аляксандар Уласаў; стаяць: Васіль Рагуля, Сымон Якавюк, Адам Станкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Пятро Мятла. Варшава. 1923 г.

9. Спалучаў адраджэнцкую дзейнасьць з донжуанскімі залётамі

«Уся работа мая пераплялася з каханьнем. Носячыся па краю вэлясыпэдам, я спаткаў чорнавалосую, чарнавокую палескую «прынцэсу». …Зразу нас прыцягнула, як два магніты. …Яна была Марыя Мнішак, а я Дзьмітры Самазванец, які ня квапіўся ні на якую карону. Бліскучы малы, але ў жыцьці нейкі рэдактар «Сахі» і «Лучынкі», а тут польская газэта ў Вільні ахнула заборыстую стацьцю проціў мяне і бунтаўшчыкоў-беларусаў. Бабулі, мамы расчыталі… і я дастаў палітычны гарбуз. … Праз колькі часу ў мяне закахалася ізноў брунэтка (мне вязець шчасьце на брунэтак, бо мая мілая жонка таксама яшчэ брунэтка). Дамок у вішнёвым садзе, салавей, фантаны нявінных пацалункаў, вульканы каханьня… Но… Каталічка, ксёндз, разумныя бацькі, чым ён займаецца і г. д. Ізноў гарбуз паміж намі. …Калі-небудзь раскажу пра свой раман з ангельскай багіняй Дыянай, але гэта мала ўходзіла ў беларускую сфэру, вярней сказаць, каханьне гэта магло б мяне вынесьці з гэтай сфэры. Усе мае ахвяры богу каханьня — Амуру былі ўсім вядомы, бо я ўсім стрэчным-папярэчным жывапісаў пра сваіх багінь».

Удзельнікі акруговага зьезду Таварыства беларускай школы ў Горадні. Другі зьлева ў першым шэрагу — паэт Міхась Васілёк, у цэнтры другога шэрагу — Аляксандар Уласаў, справа ад яго — Рыгор Шырма. 1928 г.

10. Паверыў савецкай уладзе, чым асудзіў сябе на гібель

«…17 верасьня 1939 году, калі ў Радашкавічы ўвайшла савецкая армія, ён прыйшоў да мяне, поўны энтузіязму, — прыгадвала Вера Ніжанкоўская. — Вось калі ён будзе пісаць і друкавацца як эканаміст. Ён сам едзе ў Маладэчна прапанаваць свае паслугі ў рэдакцыю газэты. Адтуль яго… пасылаюць у НКВД на зацьверджаньне. Там яму загадалі напісаць аўтабіяграфію. Дзядзька апісаў на 17 старонках усе свае заслугі… З НКВД ён ужо ня выйшаў, і, здаецца, аўтабіяграфія фігуравала як акт абвінавачаньня. Ён дастае ў Маладэчне пяць гадоў зьняволеньня, яго высылаюць недзе на ўсход, і ён памірае па дарозе ў Марыйскай акрузе».

Клас
10
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
17
Абуральна
5
11.03.2024
Jakuju cikavuju sieryju artykulaŭ vydala NN apošnim časam !
1
Завадовский/адказаць/
11.03.2024
Свабодны чалавек, ты вот не советский и кчемный, типа.
2
Анфиса/адказаць/
11.03.2024
Непонятно чего уж там ценного и актуального может быть в его статьях по кооперации. Проблемы кооперации в агросекторе РБ нет. Автор статьи похоже, либо написал неподвмав либо выдаёт желаемое за действительное.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930