Знайсці
22.07.2019 / 17:193РусŁacБел

«Пад алтаром — косці чалавечыя, у яме — срэбныя манеты»: у жніўні пачнуцца раскопкі зніклага кляштара

1—15 жніўня на востраве Манастыр, што ў возеры Неспіш каля Браслава, пройдуць археалагічныя раскопкі скляпоў манастыра, вядомага з 1500-х гадоў. Звыш 70 валанцёраў адгукнуліся на прызыў арганізатараў узяць удзел у даследаваннях кляштара, узнікненне і гібель якога ахутаны цікавымі легендамі. Чым ён быў славуты і што можна знайсці ў ягоных скляпах? Шукаем адказы у дакументах і легендах разам з гісторыкам Кастусём Шыдлоўскім.

Фота з архіва цэнтра рэгіянальнага развіцця «Браслаў»

У 90-я гады ён разам з калегамі з браслаўскага краязнаўчага музейнага аб’яднання збіраў раскіданыя архіўныя звесткі пра гэты кляштар.

Як узнік і загінуў манастыр?

Першы цікавы факт — кляштар быў пабудаваны на маляўнічай выспе, што даволі рэдка для Беларусі. Спачатку Прачысценскі манастыр быў праваслаўным, а ў сярэдзіне XVII стагоддзя стаў уніяцкім. З дакументаў невядома, чаму для яго абралі такое незвыклае месца. Але паводле аднаго з паданняў, недзе ў XV ст. на невялікай выспе Ліпіна нечакана з’явіўся абраз Маці Божай з дзіцём. Аб гэтым паведамілі ксяндзу ў Браславе, і ён урачыста прынёс абраз у гарадскі касцёл. На наступны дзень абраз знік з алтара і з’явіўся на востраве. Так было тры разы. Тады ксёндз памаліўся, каб Маці Божая сама выказала сваю волю, і тая сказала яму ў сне пабудаваць кляштар на востраве. Так і зрабілі. Будынкі памясцілі на большым востраве, а Ліпіна сталі называць Святым. Да іконы пайшлі паломнікі з усяго свету. Таму на беразе возера насупраць кляштара ўзніклі заязны двор, гандлёвыя рады, пачалі ладзіцца фэсты. Па некаторых звестках, загінуў кляштар менавіта падчас такога буйнога кірмашу ў 1832 годзе. Натоўп вернікаў убачыў з берага, як ад удару маланкі кляштар успыхнуў як свечка і згарэў дашчэнту. Але па паданнях, згарэў ён невыпадкова: нібыта сквапныя манахі, каб ім дасталося больш ахвяраванняў, закрылі ў падзямеллі жабракоў, якія прыйшлі на фэст па міласціню. Жабракі і выклікалі праклён на манастыр. Ацалеў толькі цудадзейны абраз Маці Божай, які зараз знаходзіцца ў Браслаўскім касцёле і працягвае клікаць да сябе шматлікіх паломнікаў — у гонар іконы штогод у жніўні праводзяцца святкаванні. Па словах Кастуся Шыдлоўскага, абраз мог ацалець таму, што падчас пажару быў не ў кляштары, а на беразе, каб да яго маглі прыкласціся паломнікі. Ці былі ў кляштары вялікія скарбы? Як сведчаць даследаванні гісторыка Святланы Марозавай, згодна з дакументам, манастыр не быў заможным. Узнос на базыльянскую рэзідэнцыю ў Рыме ў 1652 г. складаў 24 злотыя, таму яго можна было аднесці да сярэдніх базыльянскіх манастыроў. Згодна з Інвентаром кляштара ад 1791 г., у царкве было некалькі алтароў, срэбраныя рэчы, харугвы, арган, у будынку архімандрыта знаходзілася бібліятэка з 86 кніг і манастырскі архіў з 28 вязак дакументаў.

Ваенныя ліхалецці, нядбайства ўладальнікаў прывялі да таго, што архімандрыя «ў 1718—1719 гг. прыйшла да такога развалу, што часам ніводнага манаха ў кляштары не было і сам архімандрыт кляштарам не даглядаў, але дзесьці далёка ў пушчы меў рэзідэнцыю». Але ў мясцовых жыхароў другі погляд. Шмат хто яшчэ верыць, што на востраве і ў яго наваколлі схаваныя скарбы. Гісторыкі сцвярджаюць, што старажылы прыгадвалі расказ пра тутэйшага селяніна Ізыдара Зямца, які пры Польшчы купіў востраў, апрацоўваў на ім зямлю — і раптоўна разбагацеў. Распавядалі людзі і пра другога селяніна, які пад карчамі прыбярэжных дрэў знайшоў кілаграм золата. Згадваецца пліта, якая была бачна на паверхні вострава яшчэ ў мінулым стагоддзі, а потым стала ўсё глыбей уваходзіць у зямлю і нікому не ўдавалася яе прыўзняць. На беразе каля возера ў 90-я гады знаходзілі манеты. У аднаго хлопчыка гісторыкам давялося ўбачыць больш як 10 манет, знойдзеных ім за два гады. Сярод іх — солід Вялікага Княства Літоўскага XVII ст., шведская манета 1714 г., расійскія медзякі ад 1797 г. да XIX ст. Гэта сведчыць, што да цудадзейнага абраза Маці Божай Уладальніцы азёраў ішлі з усяго свету, і пра тое, што дары паломнікаў маглі быць вельмі шчодрыя.

Маёмасць былога манастыра была перададзена 10 красавіка 1842 года ад Літоўскай духоўнай семінарыі ў ведамства Завілейскага акруговага кіравання Віленскай губерняй. Згодна з дакументам аб перадачы, у склад маёнтка ўваходзілі 47 сялянскіх гаспадарак з 12 паселішчаў, 995 дзесяцін зямлі і 30 дзесяцін лесу.

Што знаходзілі ў падмурках кляштара?

У 1864 годзе, калі ўжо кляштар згарэў, востаў наведаў археолаг і мастак Дзімітры Струкаў. Вось што ён напісаў у пуцявых заметках: «Копал ямы в фундаменте церковном. Под алтарем есть кости человеческие, лежащие головою на север. В одной из ям нашел три серебряные монеты, судя по следам изображений, виден как бы всадник». У 1929 годзе выспу наведаў краязнаўца і гісторык Отан Хедэман. Ён узгадваў, што на паверхні валялася шмат керамікі: аскепкі посуду, кафлі, цэглы, дахоўкі. У 1982 г. некалькі шурфоў тут раскапала археолаг Людміла Дучыц, былі знойдзены аскепкі керамічнага посуду, некалькі фрагментаў кафлі. У 1993 г. даследаванні праводзіла экспедыцыя Браслаўскага музея з удзелам пошукавай групы з Мінска. Пры падводных даследаваннях удалося знайсці рэшткі моста, а з дапамогай вайсковага мінашукальніка ў дзярновым слоі было знойдзена шмат жалезных прадметаў: цвікі, крукі, прабоі, падкова, ключ. 

Як падтрымаць праект?

Востраў і скляпы манастыра некранутыя ўжо болей за 20 гадоў! Таму ёсць шанец знайсці нешта цікавае. Раскопкі будуць весціся сіламі валанцёраў у межах праекта «Востраў Манастыр (Кляштар)» некамерцыйнай арганізацыі «Цэнтр рэгіянальнага развіцця «Браслаў». Кіраваць раскопкамі будзе вядомы гісторык і археолаг Мікалай Плавінскі.

Задача праекта — аднавіць гэтае месца ў старажытным выглядзе, з усімі будынкамі, мостам, гандлёвымі радамі і аўстэрыяй, каб узбагаціць гісторыю і турызм Браслаўскага раёна. Чакаецца, што на адкрыцці раскопак будуць святары з Праваслаўнай, Каталіцкай і Уніяцкай цэркваў, бо кляштар спалучыў іх у адной гісторыі.

Для падтрымкі праекта на краўдфандынгавай пляцоўцы ідзе збор сродкаў. Арганізатары будуць удзячныя любой дапамозе.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031